Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць
ЗША кантралявалі канал да канца 1999 года, пасля чаго перадалі кіраванне панамскім уладам у адпаведнасці з пагадненнем 1977 года.
Дональд Трамп паскардзіўся на занадта высокія тарыфы за праход амерыканскіх судоў праз Панамскі канал і прыгразіў вярнуць яго пад кантроль ЗША, піша Бі-бі-сі.
«Аплата, якая бярэцца Панамай, смехатворная і вельмі несправядлівая. Гэты поўны грабёж нашай краіны будзе неадкладна спынены», — заявіў абраны прэзідэнт на канферэнцыі кансерватараў у Арызоне.
Да гэтага Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, што Панамскі канал з’яўляецца «жыццёва важным нацыянальным актывам» ЗША, а былы прэзідэнт Джымі Картэр «аддаў яго за адзін даляр».
ЗША кантралявалі канал да канца 1999 года, пасля чаго перадалі кіраванне панамскім уладам у адпаведнасці з пагадненнем 1977 года.
Каментуючы заявы Трампа, прэзідэнт Панамы Хасэ Рауль Муліна падкрэсліў, што канал належыць яго краіне, і гэтае пытанне не абмяркоўваецца.
«Кожны квадратны метр Панамскага канала і прылеглых да яго тэрыторый належыць Панаме і будзе належаць ёй і надалей, — заявіў ён. — Суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны не могуць быць прадметам абмеркавання».
Паводле яго слоў, тарыфы ўсталёўваюцца зыходзячы з рыначных умоў і выдаткаў на эксплуатацыю канала і абслугоўванне інфраструктуры.
Трамп таксама заявіў, што Панамскім каналам «павінна была кіраваць выключна Панама, а не Кітай або хтосьці іншы». «Мы ніколі не дазволім, каб ён трапіў у чужыя рукі!» — падкрэсліў рэспубліканец.
«Канал не знаходзіцца ні пад якім кантролем, прамым або ўскосным, ні з боку Кітая, ні з боку Еўрасаюза, ні з боку ЗША або якой-небудзь іншай дзяржавы», — сказаў Муліна.
«Гэта мы яшчэ паглядзім», — адказаў на гэта Трамп у Truth Social.
Панамскі канал, будаўніцтва якога было завершана ЗША ў 1914 годзе, з’яўляецца адным з галоўных суднаходных каналаў у свеце. Штогод праз яго праходзіць каля 14 тысяч судоў.
Каментары