Халезін: «Бяляцкі — добры кандыдат у прэзідэнты. Ён такі чалавек, які хацеў бы сузіраць Беларусь»

У новым выпуску ТОКу вядомы рэжысёр Мікалай Халезін расказаў, якім чалавекам бачыць палітзняволенага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага.

27.12.2024 / 08:00

Мікалай Халезін адзначае, што сябруе з Алесем Бяляцкім з пачатку 1990-х гадоў.

«Я яго заўсёды любіў. Я шаную людзей, у якіх ёсць пачуццё гумару. І Алесь здзіўляў заўсёды. Ёсць самаіронія, ёсць такі вясёлы характар, і ты бачыш, што гэта чалавек не подлы, што ён можа выклікаць прыхільнасць да сябе, што ў палітыцы важна».

Халезін пагаджаецца, што Бяляцкі мог бы стаць добрым прэзідэнтам Беларусі, але мае вялікія сумневы, што Бяляцкі б на такі крок пайшоў.

«У мяне толькі пытанне, ці пайшоў бы Алесь на выбары (паводле цяперашняй Канстытуцыі Бяляцкі не можа балатавацца ў прэзідэнты, бо нарадзіўся за межамі Беларусі, у расійскай Карэліі — НН). Не факт, далёка не факт.

Ён такі чалавек, які хацеў бы сузіраць Беларусь. У яго гэтае сузіранне вельмі магутнае. Ён таму і стаў праваабаронцам, што бачыў, дзе праблема. То-бок ён бачыў усе гэтыя парушэнні. У яго вельмі высокі ўзровень эмпатыі. І ён такіх людзей вакол сябе збіраў».

Рэжысёр даводзіць, што дзякуючы асабістым якасцям Алеся Бяляцкага з'явіўся феномен праваабарончага цэнтра «Вясна»:

«Ён падбірае такіх людзей, якія такія ж камфортныя, як ён. Якія спакойныя, могуць гаварыць і рабіць справу, а не выступаць на канферэнцыях».

Халезін лічыць, што менавіта з-за асабістых якасцей Бяляцкі ў свой час быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

Глядзіце цалкам:

Выйшла новая кніга пра Алеся Бяляцкага

Сусед Алеся Бяляцкага расказаў, у якіх умовах трымаюць нобелеўскага лаўрэата

Алесю Бяляцкаму 62 гады. Расказваем пра беларускага праваабаронцу, які атрымаў Нобелеўскую прэмію

10 фактаў пра Алеся Бяляцкага, якіх не прачытаеш у Вікіпедыі

Nashaniva.com