Сусед Алеся Бяляцкага расказаў, у якіх умовах трымаюць нобелеўскага лаўрэата
Дэсантнік Руслан Акостка больш за год правёў у калоніі строгага рэжыму ў Горках, дзе ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага.
«Упершыню мы сутыкнуліся з Алесем у сталовай. А так хоць мы і ў розных атрадах былі, але бачыў яго даволі часта. Не магу сказаць, што мы шмат размаўлялі. Адміністрацыя калоніі негатыўна ставіцца да камунікацыі з палітвязнямі. Калі заўважаць, могуць быць наступствы — у той жа ізалятар пасадзяць. І Алесь гэта цудоўна разумее. Ён мала размаўляе. А я такі чалавек, што не буду навязвацца і дастаўляць дыскамфорт. Так, мы часам перакідваліся парай слоў, але паглыблена не абмяркоўвалі тэмы», — расказвае Руслан Акостка, які вызваліўся ў ліпені 2024 года і з'ехаў з Беларусі.
Чытайце таксама. «Я падняў аднаго са слабавікоў — і выпусціў яго на асфальт». Дэсантнік Руслан Акостка расказаў, як адседзеў 4 гады
Раней ён мала ведаў пра Алеся Бяляцкага, а даўнія фотаздымкі праваабаронцы пабачыў толькі пасля таго, як сам вызваліўся.
— Магу сказаць, што Алесь дакладна схуднеў. Але ў гэтым няма нічога незвычайнага. Я ведаю выпадкі, калі людзі скідалі па 30 кілаграм, сам я схуднеў на 14 кілаграмаў.
Акостка тлумачыць, што гэта звязана з цяжкай фізічнай нагрузкай у калоніі і дрэнным харчаваннем. Тыповае меню: ад раніцы аўсянка, на абед пярлоўка, увечары бульба. Часам бываюць рыбныя катлеты. Мяса, калі ёсць, дык пападае далёка не кожнаму ў талерку — як пашанцуе. Садавіны не даюць ніколі, гародніну — рэдка. Восенню-зімой часцей гатуюць салату з белакачаннай капусты.
— Добра, што ў мяне была магчымасць хадзіць у краму і набываць нешта з ежы. Мне як палітычнаму дазвалялі купляць штомесяц на 80 рублёў. І вось пры такіх умовах я скінуў 14 кілаграм. Не ведаю, што было б, калі б не мог дакупляць нешта.
Руслан пацвярджае, што на палітвязняў ціснуць і тым, што скарачаюць сумы, якія дазволена патраціць у краме калоніі.
«Калі ў зняволенага ўсё нібыта нармальна з паводзінамі, то яму дазваляюць закупляцца на 4 базавыя. Такім «злосным парушальнікам» як я — усяго на 2 базавыя. А ў калоніі магчымасць набыць дадатковую ежу вельмі ўплывае на фізічны стан».
Акостка расказвае, што Алесь Бяляцкі працуе на дрэваапрацоўцы.
«На яго таксама складаюцца акты за парушэнні — за пыл за тумбачкай, за ручнік на нары ці за адзенне на спальным месцы. У гэтым плане ўсё банальна і аднатыпна.
Алеся часта кідаюць у штрафны ізалятар, трапляў ён у ПКТ. Доўгі час Бяляцкаму не давалі звязацца з роднымі — памятаю, што ліст ён нарэшце атрымаў перад самым маім вызваленнем. Тэлефанаваць блізкім яму таксама не дазвалялі».
Руслан кажа, што адчувае сабе Алесь больш-менш нармальна, але захаваць здароўе ва ўмовах калоніі даволі складана.
Каментары