Абуранаму кіроўцу, чый аўтобус дзеці загадзілі пасля экскурсіі, давялося выдаліць відэа — каб не нагнятаць

Працяг гісторыі.

25.12.2024 / 18:04

Скрыншот відэа ў тыктоку

Нядаўна ў тыктоку разляцелася відэа абуранага кіроўцы, які прыбіраў аўтобус пасля школьнікаў. Тыя пасля экскурсіі пакінулі ў салоне кучу смецця: абготкі, скурку ад банана, крошкі, нават красовак. Ролік сабраў мільён праглядаў.

Высветлілася, што гэта была адна з паездак трэцякласнікаў на экскурсію «Мінск Навагодні», піша агенцтва «Мінск-Навіны». Акрамя смецця, былі і мокрыя сядзенні.

У той дзень перавозкай навучэнцаў займалася транспартная кампанія «Белаўтаплюс». Намеснік дырэктара Мікалай Камісаранка адзначыў, што да гімназіі №61 прэтэнзій няма, а падобныя сітуацыі ўзнікаюць нярэдка. Каментуючы відэа, ён растлумачыў, што кіроўца пяць дзён запар прыбіраў аўтобус пасля падобных экскурсій, таму ў яго папросту «накіпела».

Відэа кіроўцы цяпер выдалена — «каб знізіць градус грамадскага рэзанансу і прадухіліць якія-небудзь негатыўныя наступствы».

Дырэктарка гімназіі № 61 Ірына Ляўкавец адзначыла, што раней не атрымлівала скаргаў на паводзіны вучняў у грамадскім транспарце. Таксама настаўнікі перад экскурсіямі і іншымі выязнымі мерапрыемствамі інструктуюць дзяцей па пытаннях тэхнікі бяспекі. У той дзень суправаджаючыя правяралі месцы ў салоне пасля паездкі — візуальна яны былі чыстымі.

У школе адзначылі, што пасля інцыдэнту даручылі настаўнікам, якія суправаджаюць дзяцей у экскурсіі, правяраць аўтобус і фатаграфаваць яго.

Nashaniva.com