«Столькі найлепшых мы не гублялі з 2022 года». Z-блогеры перажываюць пра два збітыя Мі-8

Раней ГУР Украіны паведамляла пра адзін збіты верталёт.

01.01.2025 / 12:39

Mi-8, ілюстрацыйнае фота

Расійскія Z-блогеры перажываюць з нагоды страты двух верталётаў Mi-8.

«Канец 2024 года быў азмрочаны стратай нашых найлепшых экіпажаў. Яны змагаліся і загінулі ў баі. Столькі найлепшых хлопцаў адначасова мы не гублялі з 2022 года. Вечная памяць баявым экіпажам. Вечная памяць ваярам…», — напісаў Fighterbomber, які, мяркуючы па ранейшых допісах, валодае інфармацыяй пра стан расійскай авіяцыі.

«Страта двух Мі-8 магла не адбыцца. Іх можна было лёгка пазбегнуць, проста змяніўшы тактычныя прыёмы барацьбы з БЭКамі (безэкіпажнымі катарамі — НН). А яшчэ прасцей накіраваць на баявую задачу больш сучасную мадыфікацыю АМТШ-В, дзе ёсць бартавы комплекс абароны, які здольны адводзіць у бок ракеты СПА.

Па экіпажах пакуль не зразумела, але з улікам відэа, дзе бой вёўся ноччу, незразумела, хто б выратаваў тых, хто церпіць бедства на вадзе», — дадаў канал Russian Aviation.

31 снежня 2024 года Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны заявіла, што яго воіны ўпершыню ў свеце знішчылі паветраную цэль з дапамогай марскога дрона Magura V5.

Nashaniva.com