Украіна пачала новы наступ у некаторых раёнах Курскай вобласці
Адразу некалькі расійскіх праваенных каналаў раніцай у нядзелю паведамілі пра пачатак новага наступу ўкраінскіх вайскоўцаў у Суджанскім раёне Курскай вобласці.
05.01.2025 / 12:20
Украінскі вайсковец з гранатамётам. Фота: AP Photo/Libkos
У прыватнасці, паведамляецца аб прасоўванні УСУ з боку Суджы ў бок сяла Вялікае Салдацкае.
Прарыў адбыўся ў кірунку хутара Бердзін уздоўж трасы 38К-004. Атакавалі УСУ расійскія пазіцыі і ў сяле Пушкарнае на рацэ Канапелька.
Пакуль невядома, наколькі маштабнай стала атака і якія сілы былі задзейнічаныя. Аднак украінскае наступленне, як сцвярджаюць Z-блогеры, вядзецца пры ўдзеле бронетэхнікі.
«Сітуацыя цяжкая. Пруць сур’ёзна», — піша расійскі ваенкар Юрый Падаляка.
«У наступе праціўнік задзейнічае тралы размініравання, танкі і іншую бранятэхніку. Раён атакі праціўнік шчыльна закрыў сродкамі РЭБ, таму многія дроны становяцца бескарыснымі. Магчыма, праціўнік будзе спрабаваць прабівацца і на іншых напрамках», — піша іншы ваенкар, Раман Алёхін.
Пачатак украінскай атакі пацвердзілі і на ўкраінскім баку. Так, Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі паведаміў, што ў расіян у Курскай вобласці «вялікія перажыванні», бо атакаваныя яны былі адразу з некалькіх кірункаў, што стала для іх нечаканасцю.
«Курская вобласць, добрыя навіны. Расія атрымлівае тое, што заслугоўвае», — коратка пракаментаваў сітуацыю кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
УСУ ўдарылі па сяле Іванаўскае ў Курскай вобласці
Украінскія байцы сіл спецаперацый занялі сяло ў Курскай вобласці
Разведка Паўднёвай Карэі: УСУ ўзялі ў палон паўночнакарэйскага салдата