Піянера беларускага інтэрнэту Уладзіміра «Elefant» Неўмяржыцкага судзяць за згвалтаванне дзіцяці

Неўмяржыцкі вядомы як стваральнік праекта «Мінскі слон» і дырэктар дзіцячай стаматалогіі.

09.01.2025 / 10:25

Уладзімір Неўмяржыцкі. Фота: onliner.by

Уладзіміру Неўмяржыцкаму 52 гады. Родам ён з Расіі, з горада Сергіеў Пасад, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі. У 1995 годзе падаў прашэнне і атрымаў грамадзянства нашай краіны.

Неўмяржыцкі вядомы як адзін з першых актыўных карыстальнікаў сеціва. Прычым яшчэ да інтэрнэту ён быў вядомы ў беларускім Fidonet'е (некамерцыйная сетка, папулярная да таго, як інтэрнэт заваяваў свет) пад нікнэймам Elefant, якім карыстаецца ўсё жыццё.

У 1999 годзе ён стварыў праект «Мінскі слон». Гэта быў адзін з першых беларускіх форумаў. Ён праіснаваў амаль 20 гадоў, але пік папулярнасці прыйшоўся на нулявыя гады.

Так выглядаў «Мінскі слон» у 1999 годзе. Фота: web.archive.org

На сайце размяшчаліся навіны, афішы, агляды кіно і спектакляў, праводзіліся конкурсы, былі аўтарскія калонкі. На «Мінскім слане» былі сотні актыўных карыстальнікаў, што для Беларусі 1999 года было вельмі шмат (доступ у інтэрнэт з'явіўся ў Беларусі ў 1997 годзе, а вэб-сайтаў былі адзінкі). 

Таксама Неўмяржыцкі мае бізнэс — стаматалагічную клініку «Элефанцік», найперш арыентаваную на дзяцей. Жонка Неўмяржыцкага працуе там стаматолагам.

У маі 2024 перастаў абнаўляцца інстаграм Уладзіміра, як і іншыя сацсеткі. У месенджарах ён недаступны.

9 студзеня 2025 года Неўмяржыцкага пачалі судзіць за «гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў адносінах да заведама непаўналетняй». За гэта яму пагражае ад васьмі да пятнаццаці гадоў калоніі. Абставіны справы невядомыя, працэс адбываецца ў закрытым рэжыме.

«Сказаў хлопчыку, што бачыць у ім акцёрскія даныя». Вядомага мінскага артыста судзяць па пяці артыкулах за педафілію

«Халасцяк без вышэйшай адукацыі». У Беларусі вызначылі партрэт тыповага педафіла

Асуджанага за педафілію экс-рэжысёра «Ералаша» вызвалілі ад пакарання. Ён ваюе ва Украіне

Nashaniva.com