Спікер літоўскага парламента заклікаў не пагаршаць умовы для беларусаў у Літве

Новаабраны спікер літоўскага парламента Саўлюс Сквярняліс сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і абмеркаваў пытанне хуткага завяршэння ў Беларусі кампаніі па пераабранні Лукашэнкі, а таксама становішча беларускай дыяспары ў Літве. Па выніках сустрэчы ён зрабіў некалькі важных заяў.

07.01.2025 / 16:17

Саўлюс Сквярняліс. Фота: Dursun Aydemir/Anadolu Agency/Getty Images

Саўлюс Сквярняліс лічыць, што працэс, які цяпер праходзіць у Беларусі і мае скончыцца 26 студзеня, нельга называць выбарамі.

«Самы галоўны пасыл заключаецца ў тым, што нельга называць працэс, які будзе адбывацца ў Беларусі, выбарамі. Не трэба больш чакаць, пакуль адбудзецца гэты фарс, а потым прымаць нейкія палітычныя рашэнні. Загадзя можна меркаваць, што гэта не мае ніякага дачынення да выбараў», — заявіў спікер літоўскага Сейма.

Каментуючы прапанову ўрада аб працягванні дзеяння нацыянальных санкцый супраць грамадзян Расіі і Беларусі яшчэ на год, да 2 мая 2026 года, Саўлюс Сквярняліс заявіў, што не бачыць неабходнасці ва ўзмацненні іх строгасці.

Паводле слоў палітыка, неабходна захаваць цяперашні статус-кво, каб беларусы, якія жывуць цяпер у Літве, маглі будаваць планы на будучыню і лепш інтэгравацца ў жыццё дзяржавы.

«Я лічу, што трэба захаваць статус-кво. Сёння мы [са Святланай Ціханоўскай] гаварылі пра тое, што ўжо ёсць некаторая напружанасць з нагоды рашэнняў, прынятых у дачыненні да тых людзей, якія беглі сюды ад рэжыму і перанеслі сюды свой бізнэс», — заявіў Саўлюс Сквярняліс журналістам у Сейме ў аўторак.

«Такая незразумелая трактоўка існуе з-за стаўлення да іх саміх — мы нібыта і запрасілі да пераносу бізнесу, асабліва які стварае высокую дадатковую вартасць, цяпер кажам, што можа не надта яны нам і патрэбныя», — кажа палітык.

Кіраўнік парламента перакананы, што, калі б беларускія ўцекачы ад рэжыму бачылі сваю будучыню ў Літве, то іх інтэграцыйныя працэсы таксама працякалі б значна хутчэй.

«Усё ж такі тая супольнасць, якая тут, калі б яна бачыла доўгатэрміновую перспектыву, то інтэграцыйныя працэсы — вывучэнне літоўскай мовы, інтэграцыя ў наша грамадства, былі б лягчэйшымі. Калі няма яснасці, даводзіцца жыць на валізках, то тая інтэграцыя сапраўды не можа быць паспяховай», — сказаў Скверняліс.

Беларуская бізнэс-лэдзі, якая жыве ў Літве, уключыла навагодні зварот Лукашэнкі. І адхапіла ў сацсетках

Літовец спрабаваў трапіць у Беларусь па пашпарце сябра. Выявілася, гэта псеўдамільянер, якога ў Літве абвінавачваюць у махлярстве

Памёр былы мітрапаліт Літвы Хрызастом — адзіны архіерэй РПЦ, які публічна прызнаў факт супрацы з КДБ

Беларусы сталі меней ездзіць у Літву — статыстыка

Нелегальных мігрантаў на мяжы Літвы з Беларуссю не фіксуюць ужо 15 дзён

Nashaniva.com