У Латвіі хочуць абавязаць беларусаў дэклараваць на мяжы мэту наведвання краіны

Парламенцкая камісія па нацыянальнай бяспецы падрыхтавала і падала ў прэзідыум Сейма Латвіі папраўкі да Закона аб іміграцыі, якія вызначаюць, што грамадзянам краін СНД перад уездам у Латвію неабходна будзе падаваць інфармацыю пра мэту паездкі, піша Delfi.lv.

09.01.2025 / 18:11

На мяжы Беларусі і Латвіі. Фота ілюстрацыйнае

Законапраект вызначае, што грамадзяне краін СНД перад уездам у Латвію абавязаныя будуць падаць інфармацыю пра мэту паездкі, час і месца знаходжання, маршрут, кантактную інфармацыю, займаныя пасады, пра тое, ці былі яны кандыдатамі на выбарах, статус службовай асобы і службу ў розных ведамствах.

За непадачу гэтай інфармацыі або падачу хлуслівых звестак можа быць накладзены штраф да 400 адзінак (2000 еўра). Гэты штраф супастаўны з санкцыямі за іншыя правапарушэнні аналагічнага характару. Абавязак падаваць інфармацыю важны для прадухілення пагроз дзяржаўнай бяспекі, таму яго невыкананне лічыцца сур'ёзным парушэннем, тлумачаць аўтары законапраекта.

Законапраект прадугледжвае выключэнні для асоб з дыпламатычным імунітэтам ці тых, хто здзяйсняе кароткатэрміновыя паездкі для выканання афіцыйных функцый або забеспячэння тэхнічнай падтрымкі. Гэтыя асобы не абавязаныя даваць інфармацыю перад уездам у Латвію.

Акрамя таго, Камісія па нацыянальнай бяспецы распрацавала папраўкі да закона «Аб дзяржаўнай мяжы Латвійскай Рэспублікі», згодна з якімі грамадзянам краін СНД дазвол на знаходжанне ў прымежнай зоне Латвіі будзе выдавацца толькі са згоды Службы дзяржаўнай бяспекі.

Як адзначаецца ў анатацыі да законапраекта, краіны СНД (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан і Узбекістан) цесна супрацоўнічаюць у сферы бяспекі, эканомікі і культуры, і Расія выкарыстоўвае гэтае супрацоўніцтва для атрымання інфармацыі, якая яе цікавіць.

«Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем». Лукашэнка прагназуе новы крызіс на заходніх межах

Нелегальных мігрантаў на мяжы Літвы з Беларуссю не фіксуюць ужо 15 дзён

Беларуса не пусцілі ў Латвію «па меркаваннях бяспекі»

Nashaniva.com