Wizz Air адмовіў беларусцы з польскім праязным дакументам у пасадцы на рэйс на Кіпр
Чытачка тэлеграм-канала Dzik Pic планавала паляцець на Кіпр кампаніяй Wizz Air, а ў выніку страціла больш за 1700 злотых (410 долараў). Вось як яно было, піша Devby.io.
09.01.2025 / 19:56
Што здарылася
— Вылет меўся адбыцца 10 кастрычніка — з Гданьска ў Ларнаку, — расказала дзяўчына. — Я планавала пабачыцца там з бацькамі: яны не змаглі запісацца праз візавы цэнтр, каб атрымаць візу ў Польшчу. Але змаглі атрымаць візу на Кіпр.
Мой тата скінуў мне спасылку, дзе апісвалася сітуацыя з беларускай, якую не пусцілі на борт праз польскі праязны дакумент. Я асабліва не пераймалася, бо прачытала, што гэта Wizz Air дапусціў памылку. Плюс вывучыла ўсе дакументы аб праязным дакуменце, і што пры наяўнасці статусу рэзідэнта Еўрасаюза віза на Кіпр мне не патрэбная.
З дакументаў у мяне быў польскі праязны дакумент, які я атрымала ў верасні 2024 (я ўжо паспела злётаць па ім у Амстэрдам з KLM і ў Капенгаген з Wizz Air і Ryanair). І яшчэ — karta rezydenta długoterminowego UE (карта доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС).
З авіякампаніяй да вылету я не звязвалася. Але калі рабіла анлайн-чэкін за 24 гадзіны да вылету, то праграма Wizz Air выдала паведамленне: паколькі мой праязны выдадзены ў Польшчы, а грамадзянства — Беларусі, то мне варта падысці на стойку рэгістрацыі для чэкіну.
Але паколькі анлайн-чэкін прайшоў паспяхова, мне выдалі пасадачны талон, я неяк праігнаравала гэтае паведамленне. Прыехала наступнага дня ў аэрапорт, прайшла праз рамкі з пасадачным талонам, вырашыла, што ўсё акей, і пайшла далей.
Прайшла кантроль, дзе мяне спыталі, куды я лячу, і зноў жа сказалі, што ўсё ў парадку. Хоць дадалі, што першы раз сутыкаюцца з польскім праязным дакументам.
Потым я каля гадзіны чакала вылету каля гейта (Wizz Air даслаў СМС, што рэйс спазняецца). Калі абвясцілі пасадку, то адразу пайшла да гейта. Паказала свой дакумент і пасадачны талон.
Супрацоўнік на стойцы сказаў, што ўдакладніць па маім дакуменце, а па вяртанні паведаміў, што мне трэба падысці да яго калегі. І вось там дзяўчына сказала, што, на жаль, яны не могуць мяне пасадзіць на рэйс, бо гэты дакумент не пасуе для палёту на Кіпр.
Я адкрыла на тэлефоне дакументы аб праязным дакуменце і старонку амбасады Кіпра, дзе было напісана: з residence permits issued by Schengen member states віза на Кіпр не патрэбная.
Дзяўчына ветліва сказала, што патэлефануе кіраўніцы. Аднак пазней мне сказалі, што пускаць мяне не хочуць, бо я не падышла на стойку рэгістрацыі, і яны не ведаюць, ці пусцяць мяне памежнікі Ларнакі.
Я прапанавала патэлефанаваць проста цяпер, бо да вылету заставалася яшчэ 30 хвілін, згодна з паведамленнем пра затрымку. Але мне адказалі, што гэта памылка сістэмы. Самалёт вылятае ўжо цяпер, і часу тэлефанаваць ні ў каго няма.
За гэты час усіх пасажыраў пусцілі на борт, а мне прапанавалі абмяняць квіток на наступны рэйс і проста падысці на стойку перад вылетам.
Спроба нумар два
— Я так і зрабіла: абмяняла квіток, а па факце купіла новы, хоць і са зніжкай. Вылет быў з Варшавы наступнага дня, а 7 раніцы (рэч у тым, што наступны рэйс з Гданьска быў толькі праз 2 дні, у той жа тэрмін, што і мой зваротны білет).
Я адразу паехала на вакзал, купіла квіток да Варшавы. Прыехала ў аэрапорт, а 4-й раніцы, адразу падышла на стойку рэгістрацыі.
Мне сказалі, што з дакументамі ў мяне ўсё добра, і адправілі праходзіць усе кантролі. Я папрасіла пераправерыць, расказала пра сітуацыю ў Гданьску. Маладзён пайшоў кансультавацца са старшым па змене. Потым да яго запрасілі і мяне.
Там мне досыць хутка сказалі, што рызыкаваць яны не хочуць. Бо калі мяне пусцяць на рэйс, а мне няможна ляцець, то Wizz Air аштрафуюць на тысячы еўра. А калі мяне не пусцяць, то выплацяць толькі кампенсацыю цаны квіткоў — 1300 злотых (313 долараў).
Прычына, з якой мяне не пусцілі ў гэты раз, была ў тым, што раз у мяне звычайны праязны дакумент, то мне патрэбная віза. Калі б у мяне быў праязны дакумент уцекача, тады б віза мне не спатрэбілася.
Я паказвала старшаму па змене ў аэрапорце старонку пра візавыя патрабаванні Кіпра, дзе сказана, што з рэзідэнцтвам Еўрасаюза віза не патрэбная. Але ніякія мае перакананні не падзейнічалі.
Таксама старшы па змене некалькі разоў камусьці тэлефанаваў і пытаўся: «Тут зноў гэты праязны дакумент, мы ж з ім не пускаем, як і ў тым выпадку, праўда?»
Плюс за час маёй гутаркі да яго падыходзілі тры разы — удакладніць, ці можна пусціць пасажыраў з праязным дакументам. Больш за ўсё мяне ўразіла, як ён адказваў: «Куды ляцяць? Тэнэрыфэ? Тэнэрыфэ можна. Гэта на Кіпр няможна».
У выніку ў мяне склалася ўражанне, што ў іх асабліва не глядзяць на твае дакументы і іх набор. Калі ёсць праязны дакумент і няма візы, то ляцець няможна. Быў бы пашпарт і ДНЖ, тады б віза была не патрэбная.
Факт таго, што польскі праязны дакумент працуе як пашпарт у выпадку перасячэння межаў, складана данесці. Таму, нядоўга пасмуткаваўшы, я памчала назад на вакзал і адразу купіла квіток назад да Гданьска.
Ці атрымалася дамагчыся кампенсацыі
— Я стварыла два рэквесты ў тэхпадтрымку. Адзін — пра кампенсацыю квіткоў з нагоды denied boarding, і другі — пра кампетэнтнасць супрацоўнікаў service complaints.
Адказ ад Wizz Air прыйшоў праз месяц пасля таго, як яны закрылі мой рэквест, і я зноў ім напісала. Там было сказана, што «пасажыр нясе адказнасць за наяўнасць усіх неабходных дакументаў для паездкі ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі і правіламі краін, паміж якімі ажыццяўляецца пералёт. Калі гэта не выконваецца, то нашыя прадстаўнікі ў аэрапорце пакідаюць за сабой права адмовіць вам у пасадцы на борт». А таксама, што ў такіх выпадках кампенсацыя ў адпаведнасці з рэгламентам 261/2004 не выплачваецца.
Што адказала амбасада Кіпра
Акрамя таго, я напісала ў амбасаду Кіпра — даведацца, ці можна з маімі дакументамі ляцець на Кіпр без візы?
Адказ быў такім:
«У выпадку грамадзян Беларусі, якія не маюць дзейнага пашпарта і выкарыстоўваюць толькі польскі праязны дакумент, мы не рэкамендуем падарожжа ў Рэспубліку Кіпр. На дадзены момант у нас няма канчатковага адказу кіпрскіх уладаў, які пацвярджае, што такое падарожжа можа прайсці без праблем. У сувязі з гэтым, пакуль мы не атрымаем такога пацверджання, раім не рызыкаваць купляй авіяквіткоў».
Больш я ў Wizz Air не пісала, хоць хацела б вярнуць грошы за квіткі. Калі б у першы раз мне не сказалі, што ўсё добра, трэба толькі патэлефанаваць ад стойкі, то я б не выдаткавала яшчэ 450 злотых (108 долараў) на квіткі да Варшавы і назад, каб даведацца, што рэч усё ж такі ў праязным дакуменце.
У цэлым, праязны дакумент працуе. Мае палёты па шэнгене не выклікалі пытанняў, і ў яго таксама ставяць візы. Аднак па-за шэнгенскай зонай пачынаюцца пытанні.
Польшча працягнула для беларусаў атрыманне праязнога дакумента па спрошчанай схеме
Адбыўся першы выпадак выдачы пашпарта іншаземца беларусу ў Швецыі
Важныя змены для беларусаў Польшчы: праязны дакумент прызналі эквівалентам пашпарта