Канцэпцыя сферычнага дрона стала сенсацыяй
Дрон японскай вытворчасці быў адзначаны на міжнароднай тэхналагічнай выстаўцы CES-2025 у Лас-Вегасе як найлепшая інавацыя ў галіне міні-беспілотнікаў, і на тое ёсць некалькі прычын.
12.01.2025 / 17:27
Новы японскі сферычны дрон HagamoSphere. Фота: CES 2025
Новы японскі сферычны дрон HagamoSphere стаў зоркай на штогадовай міжнароднай тэхналагічнай выстаўцы CES у Лас-Вегасе, атрымаўшы вышэйшую ўзнагароду CES Innovation Award 2025, як самая лепшая інавацыя ў галіне распрацоўкі невялікіх беспілотнікаў, перадае навуковы партал Interesting Engineering.
Сакрэт HagamoSphere хаваецца ўнутры канструкцыі. На кубічнай раме размешчаны восем прапелераў, кіраваннем якіх займаецца спецыяльны алгарытм. Ён пастаянна адсочвае становішча дрона і рэгулюе працу прапелераў такім чынам, каб дрон рухаўся без усялякага нахілення. Гэта дазваляе яму лёгка перамяшчацца наперад, назад, налева і направа, застаючыся ў роўным становішчы.
Але на гэтым распрацоўшчыкі не спыніліся. Яны стварылі сферычную ахоўную абалонку асаблівай геаметрычнай формы, якая дае магчымасць дрону таксама хутка і бясшумна рухацца па зямлі. Такім чынам, HagamoSphere можа выкарыстоўвацца як у паветры, так і на зямлі, што значна пашырае яго прымяненне.
Здаецца, што HagamoSphere — гэта вынік працы нейкага вядомага і вялікага вытворцы дронаў, але гэта не так. За праектам стаіць японская кампанія DIC Group, якая звычайна займаецца распрацоўкай тонкіх хімічных матэрыялаў, і фірма Hishida R&D Co, якая адказвае за выраб звычайных карыстальніцкіх коптараў.
Ідэя стварэння дрона нарадзілася ў рамках праграмы DIC «Direct to Society», накіраванай на пошук новых магчымасцяў для бізнэсу і грамадства. Але пры гэтым распрацоўшчыкі не выключылі патэнцыйнага прымянення новага дрона ў войску з-за яго высокай мабільнасці і здольнасці працаваць у складаных умовах.
Кітай сцвярджае, што стварыў першыя ў свеце дроны з лазернай зброяй
Ноу-хау амерыканскай судовай сістэмы — глядзім на злачынства вачыма абвінавачанага праз VR-шлем
ШІ-агенты заменяць праграмы: гендырэктар Microsoft прадказвае рэвалюцыю ў карыстанні камп’ютарамі