«Мне так шкада яго. Ён не разумее, што адбываецца». Былы твар пракрамлёўскай моладзі выказаўся пра Пуціна
Былы кіраўнік расійскага Федэральнага агенцтва па справах моладзі і заснавальнік пракрамлёўскіх моладзевых рухаў «Идущие вместе» і «Наши» Васіль Якеменка ў інтэрв'ю блогеру Станіславу Ражанькову выказаў меркаванне, што Уладзімір Пуцін не разумее, што і як ён робіць на пасадзе прэзідэнта, піша The Moscow Times.
10.01.2025 / 23:04
Васіль Якеменка. Скрыншот з відэа
«Ды мне так шкада яго. Ён не разумее, што адбываецца. Ён шчыра не разумее, што адбываецца. Ён мужык такі рашучы, ён хоча нешта зрабіць, ён нават не разумее, дзе і што не так ён робіць. А калі насупраць яго садзяцца вось гэтыя ўсе хлопцы, якія ў космасе жывуць, пачынаюць яму даваць парады, адну дурнейшую за іншую. І вось ён такі сядзіць і пытаецца ў сябе: «Дык я 30 гадоў ва ўладзе. Што я зрабіў, што я магу яшчэ зрабіць? За што ні пацягнеш — нічога не выходзіць», — заявіў Якеменка.
На ягоную думку, сітуацыя, якая склалася ў Расіі, абумоўленая сістэмнымі праблемамі, сярод якіх некампетэнтнасць або карумпаванасць чыноўнікаў.
«І вось ты сядзіш наверсе, у цябе поўная ілюзія, што ты можаш нешта зрабіць. І высвятляецца, што ўсё, што можаш зрабіць, ну дарогу пабудаваць і нашлёпаць гэтых бетонных блокаў. […] Так, гэта ўсё, што ён [Пуцін] зрабіў, гэта кашмар. Але гэта не кашмар, а тое, што ён і не мог больш нічога зрабіць. Чалавек толькі сам можа з сабой нешта зрабіць. І я думаю, што да яго гэта цяпер даходзіць павольна, а што ён зробіць? 30 гадоў ужо», — дадаў былы моладзевы лідар.
Акрамя таго, ён прызнаўся, што галоўным дасягненнем ягонай уласнай працы ва ўладзе сталі грошы і нерухомасць. На пытанне аб тым, ці лічыць ён свае дзеянні на дзяржаўнай службе бязглуздзіцай, экс-чыноўнік адказаў:
«Ну як гэта бязглуздзіца? Я зарабіў шмат грошай. Вы са мной цяпер размаўляеце шмат у чым таму, што ў мяне была за плячыма гэтая гісторыя. Я пабудаваў сабе дом, і не адзін. Гэта было цалкам асэнсаванае мерапрыемства».
Пасля заканчэння чыноўніцкай кар'еры Якеменка пайшоў у бізнэс, для чаго заробленыя падчас дзяржаўнай працы капіталы, відаць, добра прыдаліся.
Белы дом аб'явіў пра ўвядзенне самых маштабных санкцый супраць расійскага энергетычнага сектара
Пуцін можа хутка скончыць вайну, дапускаюць у нямецкім урадзе
Па $200 тысяч за кожнага забітага амерыканца. Як расійская разведка плаціла талібам за тэракты