«Унутраны аналіз» урада ўтрымлівае выснову, што Крэмль можа завяршыць вайну ўжо ў гэтым годзе і ўжо пасылае адпаведныя сігналы расіянам і міжнароднай супольнасці, піша Bild.
Адна з прычын гэтай высновы — пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Расіі. Працэнтныя стаўкі і цэны на прадукты значна растуць. Толькі за апошнія пяць месяцаў расійскі рубель страціў больш за 20% у адносінах да еўра. Трохзменная праца ВПК ужо не можа схаваць крызіс у іншых галінах. Калі ў 2024 годзе эканамічны рост склаў крыху менш за 4%, то ў 2025 годзе прагназуецца рост не больш за 1%.
Яшчэ адна прыкмета — падрыхтоўка Адміністрацыі прэзідэнта РФ да пасляваеннай выбарчай кампаніі (гаворка ідзе пра парламенцкія выбары 2026 года). Пра гэта ў снежні паведаміў «Коммерсант».
«АП зыходзіць з таго, што канец СВА будзе і да яго трэба быць гатовым», — цытуе сваё крыніцу выданне. Будучыя вынікі вайны павінны ўспрымацца ў грамадстве як перамога, растлумачыў крыніца. Ужо вядзецца праца над «вобразам перамогі».
Нямецкія аналітыкі расцэньваюць такую публікацыю як адобраную Крамлём, а інфармацыю ў ёй — як наўмысна «злітую». У тым ліку адкрыта публікуюцца перадвыбарчыя мэты: Крэмль устанавіў мэтавыя паказчыкі яўкі і выніку «Адзінай Расіі» на ўзроўні 55%.
У АП таксама занепакоены вяртаннем салдат, — пра гэта таксама паведаміў «Коммерсант». Чыноўнікі плануюць займацца іх працаўладкаваннем, матэрыяльнай падтрымкай і фармаваць у грамадстве паважлівае стаўленне да іх. Па задуме, гэта павінна прадухіліць удзел ваенных у «пратэсных рухах ці злачыннасці».
Як вырашальны фактар сцэнарыя хуткага заканчэння вайны разглядаецца імкненне наступнага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа як мага хутчэй пачаць перамовы з Масквой і Кіевам пасля інаўгурацыі 20 студзеня.
На запыт Bild Міністэрства замежных спраў ФРГ адказала, што на дадзены момант урад зыходзіць з таго, што вайна працягнецца:
«Пуцін зараз не зацікаўлены ў сур’ёзных мірных перамовах і ўстойлівым міры. [Расія] не адступае ад сваіх максімальных патрабаванняў, такіх як прызнанне анексіі ўкраінскай тэрыторыі».
Па звестках Bild, у дзяржаўным аналізе гаворка ідзе толькі пра магчымы сцэнар. Як звычайна, сігналы, якія пасылае Крэмль, могуць азначаць нешта іншае, процілеглае ці наогул нічога, — рэзюмуе палітычны аглядальнік Філіп Пятаў.
Каментары