Хто той палітвязень з Іванава, які выплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты і ўсё адно атрымаў вялікі тэрмін?
Аляксандр Дарагакупец атрымаў пяць з паловай гадоў калоніі, і ад яго патрабуюць яшчэ $640 тысяч штрафу.
13.01.2025 / 18:30
Аляксандр Дарагакупец з жонкай Марыяй. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Аляксандру Дарагакупцу 44 гады. Ён родам з Іванава (беларуская гістарычная назва Янава) Брэсцкай вобласці. Па звестках ініцыятывы Digital intelligence team, у Беларусі толькі адзін чалавек такога ўзросту з такім імем.
Па звестках «Белпол», з 2002 па 2008 гады ён працаваў інжынерам-сістэматэхнікам у фірме «Конфі», якая оптам прадавала мяса і мясныя вырабы. Пасля, з 2008 па 2010 гады, працаваў ва ўніверсітэце МІТСО, а па стане на 2013 быў запісаны як індывідуальны прадпрымальнік. Далейшы працоўны шлях Аляксандра невядомы.
У Аляксандра ёсць жонка і двое дзяцей. Сям'я мужчыны жыве ў Іванаве.
Аляксандр Дарагакупец, фота з ягонай старонкі Укантакце
Аляксандра Дарагакупца затрымалі не пазней за жнівень 2024 года. Яго судзілі па пяці артыкулах крымінальнага кодэкса — «саўдзел у распальванні варожасці» (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК), «удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК), «фінансаванні вайны» (ч. 2 арт. 361-3 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).
Сярод іншага, ён пералічыў не менш за 11 тысяч рублёў Палку Каліноўскага і іншым беларускім ініцыятывам. Яму пагражала да 12 гадоў калоніі.
Паведамляецца, што Дарагакупец перавёў $600 тысяч дзіцячым дамам і бальніцам — у якасці «кампенсацыі» за данаты. Але ў выніку яму прысудзілі жорсткае пакаранне — 5 гадоў і 6 месяцаў калоніі і штраф памерам 50 тысяч базавых велічыняў (2,1 мільёна рублёў).
Судзіў яго суддзя Брэсцкага абласнога суда Андрэй Сіз. Раней ён узначальваў суд Любанскага раёна.
Андрэй Сіз. Фота: med-luban.by
Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка
Жыхарцы Брэста пагражае да сямі гадоў калоніі за тое, што дапамагала палітвязням