Жыхар Іванава сплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты, але ўсё адно атрымаў 5,5 года зняволення
Мужчына ўжо «добраахвотна» пералічыў дзіцячым дамам усю сумму — 600 тысяч даляраў. Але гэта не дапамагло.
44-гадоваму жыхару Іванава Аляксандру Дарагакупцу інкрымінавалі пералічэнне «экстрэмісцкім фарміраванням», у тым ліку Палку Каліноўскага», грашовых сродкаў і крыптавалюты ў суме не менш за 11 тыс. рублёў, паведаміла Генпракуратура.
Абвінавачванне ўключала некалькі артыкулаў КК (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130, ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 арт. арт. 361-2, ч. 2 арт. 361-2, ч. 2 арт. 361-3, ч. 1 арт. 361-4, ч. 2 арт. 361-4):
- садзейнічанні наўмысным дзеянням, скіраваным на распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці;
- уваходжанні асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання з мэтай здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці;
- прадастаўленні грашовых сродкаў любым спосабам для свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку паўторна;
- садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
- фінансаванні вербавання, навучання, іншай падрыхтоўкі і выкарыстання грамадзян Беларусі і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў складзе ўзброенага фарміравання аднаго з супрацьлеглых бакоў, ва ўзброеных канфліктах і ваенных дзеяннях пры адсутнасці прыкмет найміцтва.
Па сукупнасці абвінавачанняў мужчыну прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам 50 000 базавых велічынь (2,1 млн рублёў).
У ходзе расследавання крымінальнай справы мужчына «добраахвотна пералічыў» Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, Івянецкаму дому-інтэрнату для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця і Рэспубліканскаму цэнтру арганізацыі медыцынскага рэагавання 600 тысяч даляраў ЗША.
Каментары