Пры вяртанні ў Беларусь на святы арыштавалі як мінімум 8 чалавек
Фонду салідарнасці «Байсол» вядома пра як мінімум 8 арыштаў на мяжы пры вяртанні беларусаў на радзіму на святы, паведаміў кіраўнік «Байсола» Андрэй Стрыжак.
13.01.2025 / 18:32
У каментары выданню «Люстэрка» Андрэй Стрыжак падкрэслівае, што названая колькасць беларусаў, затрыманых пры перасячэнні мяжы ў перыяд навагодніх святаў, не з'яўляецца дакладнай і поўнай. Пра восем чалавек «Байсолу» стала вядома ад іх сваякоў, якія знаходзяцца ў бяспечных краінах.
«Яны спрабуюць высветліць лёс сваіх родных і паведамляюць нам, што здарылася такая сітуацыя, — тлумачыць Стрыжак. — Літаральна некалькі хвілін таму мне напісаў чалавек, які паведаміў, што ягоны блізкі таксама паехаў у Беларусь, доўгі час не паведамляў пра сябе, а потым адказаў у неўласцівай яму манеры. Цяпер мы спрабуем зразумець, ці быў ён у спісе тых васьмі чалавек, пра якіх мы ўжо паведамілі. Так што на практыцы колькасць такіх людзей значна большая».
Вядома, што частку людзей на мяжы дапытваюць, іх тэлефоны правяраюць. На некаторых надзяюць кайданкі проста ў аўтобусе, а за іншымі прыходзяць праз некалькі дзён.
Праваабаронцы раяць сур'ёзна ацэньваць рызыкі перад паездкай у Беларусь і не забывацца пра правілы бяспекі — не захоўваць фота з акцый пратэсту, каб не нашкодзіць сабе і іншым удзельнікам пратэстаў. Акрамя таго, рэкамендуецца ўважліва праглядзець падпіскі ў сваіх усіх сацсетках на наяўнасць «экстрэмісцкіх» старонак, а таксама лайкаў і каментароў на іх.
Цяжарную мінчанку затрымалі на мяжы пры вяртанні з Літвы за абразу Кубракова
Стала вядома пра вызваленне 22-гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні
Мінчука, які адказваў за бяспеку пасажыраў у аэрапорце «Мінск», судзяць за палітыку