Мінчука, які адказваў за бяспеку пасажыраў у аэрапорце «Мінск», судзяць за палітыку
65-гадовы Анатоль Крупін абвіначваецца ў «распальванні варожасці».
Анатолю Крупіну 65 гадоў. Адметна, што ў сацсетках ён і па-руску называе сябе «Анатоль».
Мужчына нарадзіўся і вырас у Барысаве, у 1986 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва. У канцы 1980-х працаваў у Доме культуры «Газавік» у горадзе Наябрскі Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі Расіі, але пасля развалу СССР вярнуўся на радзіму.
Паводле інфармацыі «Белпола», у 1993-2015 гадах Анатоль Крупін працаваў у аэрапорце «Мінск-2» інспектарам службы бяспекі.
У 2016 годзе ён згадваўся як начальнік змены авіяцыйнай бяспекі і рэжыму — тады ў аэрапорце затрымалі грамадзянку Расіі за няўдалы жарт пра траціл у багажы. Сітуацыю каментаваў менавіта Крупін.
У сацсетках апошні допіс мужчыны датуецца чэрвенем 2024 года.
28 студзеня 2025 Анатоля Крупіна пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе за «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Пакаранне можа быць самае разнастайнае — і штраф, і арышт, і хімія на тэрмін да 5 гадоў, і калонія на тэрмін да 5 гадоў.
Каментары