Новы пакет санкцый Еўрасаюза можа закрануць расійскі алюміній
У 16-ы пакет санкцый Еўрасаюза плануюць уключыць забарону на пастаўкі расійскага першаснага алюмінію, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў.
14.01.2025 / 22:13
Фота ілюстрацыйнае
Паводле звестак агенцтва, абмежаванні будуць уводзіць паэтапна. Чарговыя абмежаванні хочуць прыняць да трэцяй гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну.
Паводле даных Еўрапарламента за май 2024 года, краіны ЕС купляюць алюміній з Расіі на суму каля €2,3 млрд. Паводле іх ацэнак, доля расійскага металу ў агульным аб'ёме паставак з 2018 года ўпала з 25% да 8%.
Са студзеня па кастрычнік 2024-га ЕС імпартаваў больш за 130000 метрычных тон алюмінія з Расіі, або каля 6% ад агульнага аб'ёму імпарту ў 2,2 млн тон. Для параўнання, у аналагічныя перыяды 2023-га і 2022 года гэтая доля складала 11% і 19% адпаведна.
У канцы 2023 года Еўрасаюз забараніў пастаўкі алюмініевага дроту, фольгі і труб. Але гэтыя абмежаванні распаўсюджваюцца толькі на невялікую частку (менш за 15%) усяго алюмінію, які ЕЗ імпартуе з Расеі. Поўная забарона расійскага алюмінію была немагчымая з-за пазіцыі некаторых краін — членаў ЕС.
У выпадку забароны кампаніі з ЕС і ЗША, дзе ўжо ўведзеныя санкцыі на расійскі алюміній, могуць пачаць канкураваць за пастаўкі з краін Блізкага Усходу, уключаючы ААЭ і Бахрэйн.
З-за санкцый ЗША дрэйфуюць у моры як мінімум 65 танкераў з расійскай нафтай
Дзесяць краін ЕС заклікалі цалкам забараніць імпарт расійскага газу
Праз санкцыі продажы новых аўто ў Беларусі рэкордныя за апошнія пяць гадоў