Дзесяць краін Еўрапейскага саюза заклікаюць да поўнай забароны імпарту расійскага газу, уключаючы як трубаправодны, так і звадкаваны. Дакумент, у якім выкладзена ініцыятыва, падпісалі Літва, Латвія, Эстонія, Данія, Чэхія, Польшча, Румынія, Швецыя, Ірландыя і Фінляндыя, піша Радыё Свабода.
Прапанова прадугледжвае два падыходы: неадкладную поўную забарону або паступовае скарачэнне імпарту ў межах стратэгіі RePowerEU, прынятай у 2022 годзе. Згодна з гэтай стратэгіяй, ЕС плануе цалкам адмовіцца ад расійскага газу да 2027 года, замяняючы яго пастаўкамі з іншых краін і развіццём аднаўляльнай энергетыкі. Аднак аўтары дакумента настойваюць на паскарэнні рэалізацыі плана.
На фоне гэтай ініцыятывы Еўрасаюз працуе над новым, 16-м пакетам санкцый супраць Расіі, які плануецца абвясціць напрыканцы лютага, напярэдадні трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Раней ЕС ужо ўвёў забарону на пастаўкі расійскага газу морам, аднак трубаправодны газ працягвае паступаць у шэраг краін, уключаючы Венгрыю і Славакію, якія актыўна выступаюць супраць жорсткай санкцыйнай палітыкі і заклікаюць да дыялогу з Крамлём.
Каментары