«Раней была смярдзючая, розніца каласальная». Цяпер усе мінчукі жывуць з артэзіянскай вадой — якія ўражанні?
Мінск нарэшце перавялі на артэзіянскую ваду. Водгукі розныя.
15.01.2025 / 16:39
Скрыншот відэа з тыктоку
Па тыктоку разляцелася жартаўлівае відэа, прысвечанае пераводу сталіцы на артэзіянскую ваду. У роліку паказваюць, як мінчукі п’юць яе з келіхаў і выкідаюць фільтры для вады.
Але самае цікавае — не сам ролік, які набраў амаль 800 тысяч праглядаў, а больш за тысяча каментароў да яго, дзе мінчукі дзеляцца ўражаннямі наконт артэзіянскай вады.
Карыстальнікі нагадваюць, што частка раёнаў Мінска і раней карысталіся артэзіянскай вадой. Але жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў, якіх цяперашнія змены закранулі, расказваюць, што вада стала смачнейшая:
«Ура! На Малінаўцы нармальная вада!»
«Вада сапраўды стала выдатная! Смачна і без паху, фільтр больш не патрэбны. Дзякуй усім датычным!»
«Жывем каля Пушкінскай. Розніца ў вадзе каласальная. Была смярдзючая, скура раздражнялася і сохнула ад яе. Цяпер цудоўная вада!»
«Так, я заўважыла, Малінаўка. Учора дэгуставала — смачная, раней піць увогуле было немагчыма».
Але ж новая вада падабаецца не ўсім:
«Ну калі ў нас на Каменцы ўжо артэзіянская, то лепш бы была старая — чайнік ад накіпу менш чысціла».
«Я з Фрунзенскага, спрабавала пакаштаваць. Усё адно, мне здаецца, чымсьці аддае, ці я прыдзіраюся».
«Паверце, лепш праз фільтр усё адно праганяць [ваду]. У Серабранцы даўно ўжо такая вада, але пап’еце дні тры яе — і пачынае балець жывот».
«Так-так-так, у сястры на Карла Лібкнехта нават кава не маскіруе смурод вады».
Шмат хто з каментатараў ставіцца да новаўвядзення скептычна. Людзі нагадваюць — якая б ні была вада, на шляху да карыстальнікаў яна праходзіць праз тыя ж трубы, што і ранейшая вада. Таксама ў артэзіянскай вадзе багата вапны — адсюль і накіп на чайніках, і сляды, напрыклад, на шкле ў душавой.
Выглядае, што расставацца з фільтрам пакуль рана:
«Пачулі звон і пабеглі выкідаць:) Праект на стадыі разгортвання, ім яшчэ гадоў 10 да поўнага запуска працаваць».
«З крана з фільтрам усё роўна мякчэйшая вада… Ну а са звычайнага крана хоць не смярдзіць ужо! Агулам для мяне нічога не змянілася, усё роўна фільтраваную буду піць (Каменная горка, хэлоў)».
Мінск афіцыйна перавялі на артэзіянскую ваду
«Дыямент, тры разы вымыла праходы». Правадніца чыгункі прывяла ў захапленне пасажыраў