І ў беларускіх умовах не трэба было тысяч гадоў, каб ад колішняга жыцця застаўся няпэўны след у памяці нашчадкаў. Цунамі ХХ стагоддзя нібы вывернула край на другі бок. Многія ранейшыя ландшафты, кропкі прыцягнення, акцэнты дальняй перспектывы перасталі існаваць.
Такія думкі з’яўляюцца ў Туганавіцкім парку, з якога пачынаецца наша другое падарожжа з «Суседскім маёнткам». Разам з брэндам беларускіх прадуктаў — гэта малако, кефір, масла, пельмені, ёгурт, што можна адшукаць на паліцах крамаў «Суседзі», — мы распавядаем пра найцікавейшыя беларускія маёнткі. Да іх і сёння можна прыехаць: пашпацыраваць алеямі старых паркаў, згадаць шляхецкія звычаі і нашу гісторыю.
Нядоўгая алея сканчаецца «альтанкай» з пасаджаных колам нямоцных ужо векавых ліп. Вакол разрасліся пра-праўнукі колішніх паркавых грабаў і клёнаў — удзень тут прахалодна і ціха, нібы ў магільным склепе.
Як мала адпавядае гэтае месца словам вялікага паэта Адама Міцкевіча: «Нідзе на зямлі не меў такога вясёлага жыцця, як у літоўскіх вёсках і засценках. Колькі там радасці, любові, шчасця!»
«Літвой», як вядома, наш славуты зямляк называў сваю родную Наваградчыну.
Туганавічы звязаныя з яго легендай.
Гэты маёнтак — адзін з найбольш верагодных правобразаў Сапліцова з «Пана Тадэвуша», такога шляхецкага раю. А ў рэальнасці ў Туганавічах жыла сям’я Марылі Верашчакі — узнёслага і нешчаслівага Адамавага кахання. Тую альтанку з векавых ліпаў і называлі «альтанкай Марылі». Яна была цэнтрам кампазіцыі сядзібы Туганавічы.
Жыццё тут кіпела пяцьсот гадоў. Туганавічы, згодна з легендай, належалі нашчадкам Няміры, канюшага князя Вітаўта. Малады Міцкевіч, каб пабачыцца з Марыляй, прылятаў сюды штоноч на кані за дзесяць з гакам кіламетраў. Пасярэдніцай між імі была служанка Тэкля, якая служыла ў Верашчакаў. У 1863-м гаспадар маёнтка Канстанцін Туганоўскі быў акруговым начальнікам паўстання і трымаў майстэрню па рамонце зброі. Туганавічы маляваў Напалеон Орда, фатаграфаваў Ян Булгак…
Яшчэ сто з нечым год таму ў дагледжаных Туганавічах была селекцыйная база з найноўшым абсталяваннем, на якую давалі грошы самыя багатыя гаспадары краю — Радзівілы, Вайніловічы, Скірмунты. Тут з думкай пра будучыню паляпшалі сарты збожжавых культур.
Цяпер гэта тупік за вёскай Карчова Баранавіцкага раёна, які можна знайсці толькі па ўказальніках.
У Першую сусветную ў гэтых мясцінах стаяў фронт. Што не раскацілі па бярвеннях на бліндажы — згарэла ад залётных снарадаў. Пасля вайны гаспадары не мелі сродкаў аднавіць разбураную сядзібу.
Завоссе
Але Міцкевіч у гэтых ваколіцах гістарычнай Наваградчыны — жывая матэрыя. Тут пра яго гавораць проста, як пра суседа.
«Адам жыў у лямусе, на другім паверсе — зручна. Як звечарэе, ён, нікому не сказаўшы, на каня і ў Туганавічы, да Марылі. А раніцай — дадому. Каня на пашу, а сам — спаць… Пасля Марылю аддалі за старога графа, але ён і не супраць быў, што Адам да іх прыязджаў», — расказалі нам у Завоссі.
Хоць на самой справе граф Ваўжынец Станіслаў Путкамер, вайсковы афіцэр і муж Марылі Верашчакі, быў усяго на чатыры гады старэйшы за Міцкевіча. Яны былі знаёмыя, і Міцкевіч пасля таварыскай размовы з ім адступіўся ад Марылі.
Фальварак у Завоссі, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч, быў адноўлены ў 2000-я. Да таго на месцы спаленага ў першую сусветную фальварка стаяў бетонны абеліск. Цяпер тут музей. Аднавіць будынкі дапамаглі малюнкі мастакоў Напалеона Орды і Эдварда Паўловіча, якія не маглі абысці ўвагай радзіму песняра.
Міцкевічы атрымалі гэты маёнтак у сярэдзіне XVIII стагоддзя ад Яноўскіх. Яноўскія былі вінны Міцкевічам грошай, а аддаваць не хацелі. Сорак гадоў ішоў суд, бывалі і ўзброеныя сутычкі, а ўрэшце за тыя пазыкі Завоссе дасталося Юзафу Міцкевічу, стрыечнаму дзеду Адама.
Бацькі паэта, Мікалай і Барбара, перасяліліся сюды незадоўга да нараджэння Адама. Праз некалькі год маёнтак здалі ў арэнду, пасля ён дастаўся сваякам, але Адам і ў юнацкія гады бываў на сваёй «малой радзіме».
Жылі ў Завоссі бядней, чым у Туганавічах. У сярэдзіне XVIII стагоддзя маёнтак складаўся з трох валок (каля 60 гектараў) зямлі і ўсяго адной сям’і прыгонных.
Відаць, як даніну гістарычнай традыцыі, аднаўляючы дом Міцкевіча, пры дарозе збудавалі ў падобным стылі дом для дырэктара музея. Як будзеце ехаць у Завоссе — не зблытайце: музей далей ад дарогі.
Паколькі ў сваякоў была вялікая сям'я, Міцкевіч, наязджаючы ў Завоссе, спыняўся ў лямусе. Лямус у нашых продкаў — гэта адначасова і кладоўка для харчоў ды інструментаў, і летняе жытло. Жылы пакой рабілі звычайна на другім паверсе. Паводле ўспамінаў, сцены ў жылым пакоі Міцкевіча былі распісаныя яго графіці. Сярод надпісаў вылучаліся словы: «Час табе ўжо злітавацца з мяне». Мяркуецца, што звернутыя яны былі да Марылі Верашчакі.
Сядзібны дом стаіць роўна на старым месцы — падчас раскопак у пачатку 1990-х археолагі знайшлі яго падмуркі. Асобным стэндам у музеі выстаўленыя дробныя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак.
Можна ўяўляць, што з гэтай лыжачкі кармілі малога Адама, або сам ён, падросшы, карыстаўся гэтым відэльцам. Многа археолагі знайшлі згубленых нацельных крыжыкаў.
У Завоссі аднавілі інтэр'еры небагатай шляхецкай сядзібы.
У каморы — сапраўдныя зёлкі з пахамі лета: кіпрэй, падбел, ліпавы цвет.
У таку можна пабачыць сапраўдную гліняную падлогу.
Паўлінова
Яшчэ адна мясціна непадалёк звязаная з імем Адама Міцкевіча — Паўлінова. Густоўная сядзіба-палацык тут з'явілася ўжо не пры жыцці паэта, але была названая ў гонар яго роднай цёткі — Паўліны з Маеўскіх.
Замачак збудаваў у пачатку ХХ стагоддзя яе сын, Ян Атон Бохвіц. Не забыўся ён і пра бацьку — філосафа-асветніка, Фларыяна Бохвіца, які імкнуўся «прымірыць» навуку з рэлігіяй і лічыў, што кожны чалавек, незалежна ад паходжання, першыя дваццаць гадоў жыцця абавязаны вучыцца. У гонар Фларыяна Ян Атон назваў другі свой маёнтак — Фларыянова.
Сын не пайшоў па бацькавых слядах, яму змалада былі мілейшая шабля і конь гусарскі. Удзельнік Крымскай вайны, паўстанец Каліноўскага, асуджаны на смерць і памілаваны, прыхільнік адмены прыгону — яго магутная сівабародая постаць захавалася на здымках пачатку стагоддзя.
Палац у Паўлінове ён паставіў «амерыканскімі тэмпамі» — за паўгода, папярэдне разбіўшы парк і арганізаваўшы гаспадарку.
Ян Атон захапляўся батанікай — у маёнтку былі цудоўныя сады і паркі. Старыя дубы і таполевыя алеі нагадваюць пра той час.
Палацык данядаўна стаяў безгаспадарны. Цяпер ён замкнёны і напалову адрэстаўраваны звонку. Хочацца спадзявацца, што яму знойдзецца прымяненне і што часы, калі спадчына стагоддзяў пагардліва адкідалася, у Беларусі мінаюць.
Мясціны Адама Міцкевіча на мапе:
Гэты праект стаў магчымым дзякуючы «Суседскаму маёнтку» — брэнд сапраўдных беларускіх прадуктаў, якія нагадваюць пра слаўныя старонкі нашай гісторыі. Малако, кефір, масла, пельмені, ёгурт — знайсці прадукты вы можаце на паліцах крамаў «Суседзі» па ўсёй краіне. Купляйма сваё!
Каментары