Он записал почти тысячу народных песен «з-над Нёмана і з-над Дзвіны», сам писал стихи по-белорусски и уже в первой половине ХІХ века считал, что белорусский язык достоен создания грамматики и словаря. Его фольклорными сборниками Адам Мицкевич на чужбине лечил ностальгию, а в час смерти друга видел его во сне. О поэте и фольклористе Яне Чечоте пишет в журнале «Наша гісторыя» Василь Герасимчик.
7 ліпеня 1796 года ў вёсцы Малюшычы Наваградскага павета (сёння — Карэліцкі раён) у сям’і беззямельнага шляхціча Тадэвуша Чачота і яго жонкі Клары (у дзявоцтве — Гасціцкай) нарадзіўся сын. Як і дзядулю, малога, народжанага па старым стылі на Купальскае свята, назвалі Янам.
Спачатку яго ахрысцілі ва ўніяцкай царкве, а пасля дадаткова і ў каталіцкім касцёле. Імя хлопец займеў падвойнае — Ян Антоній.
Род Чачотаў
Род Чачотаў паходзіў са Смаленскага княства. Але пасля захопу маскоўскімі войскамі ўсходніх тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага ў XVI стагоддзі шляхціч Васіль Данілавіч Чачот пераехаў у Слонімскі павет, у якім з дазволу караля Жыгімонта Аўгуста ў 1545 годзе пераняў маёнтак свайго цесця Беліка.
Напрыканцы XVIII стагоддзя Чачоты дашчэнту збяднелі. Бацька Яна стаў беззямельным арандатарам, які ўладкаваўся аканомам да графа Тызенгаўза. Тады сям’я пераехала ў фальварак Рэпіхава, размешчаны непадалёк ад ракі Мышанкі — прытока Шчары, дзе і прайшло дзяцінства будучага паэта і фалькларыста. Сёння на гэтым месцы — парк у межах вёскі Крывошын Ляхавіцкага раёна.
Далей быў Наваградак, колішняя сталіца Вялікага Княства. Туды ў 1809 годзе Ян паехаў вучыцца ў дамініканскую школу, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з іншым вучнем — Адамам Міцкевічам. Вядомы навуковец таксама родам з Наваградчыны, Ігнат Дамейка, сведчыў пра адзінства душ сваіх землякоў: «Два нашы вучні навагрудскай школы з маленства ведалі наш літоўскі народ, палюбілі яго песні, пранікліся яго духам і паэзіяй…, прыглядаліся да кірмашоў, фэстаў, бывалі на сялянскіх вяселлях, дажынках і пахаваннях… Яшчэ ў школе саламяная страха і народная песня распалілі ў грудзях сяброў першае паэтычнае натхненне».
А пасля заканчэння ў 1815 годзе школы сябры выправіліся ў Вільню, каб стаць студэнтамі.
Бедны студэнт
Трапіць з першай спробы на дзяржаўны кошт навучання ў Віленскім універсітэце пашчасціла толькі Міцкевічу. Чачот жа вымушаны быў спачатку падпрацоўваць адвакатам, пасля працаваць пісарчуком у спецыяльнай канцылярыі па ўпарадкаванні родавага архіва князёў Радзівілаў. Тут ён актыўна вывучае Статут ВКЛ і па працоўных патрэбах падарожнічае па былых уладаннях наймагутнейшага магнацкага роду.
Праз год, у 1816-м, Ян Чачот усё-такі становіцца студэнтам, паступае на факультэт маральных і палітычных навук. Аднак гэтае дасягненне мала яго радуе на фоне пастаяннага безграшоўя. Бацькі мала чым маглі дапамагчы. Таму Ян прымае нялёгкае рашэнне і пасля першага ж года навучання вяртаецца на працу ў Радзівілаўскую камісію. Праўда, працягвае хадзіць і на лекцыі гісторыкаў Іаахіма Лялевеля ды Ігната Даніловіча вольным слухачом.
Адсутнасць фармальнага студэнцкага статусу, само сабой, не перашкодзіла Чачоту па пратэкцыі Адама Міцкевіча далучыцца да патаемнага Таварыства філаматаў. «Ян з Мышы», як прадставіў яго сябар, адразу ж зрабіўся адным з найактыўнейшых і шанаваных дзеячаў таварыства, нават заняў у ім пасаду сакратара.
«Сапраўдная сялянская натура»
Чачот у філамацкім коле стаў «штатным» паэтам-песеннікам. Яго спецыяльнасцю «былі беларускія песні, якія ён складаў на падзеі дня па ўзоры народных песень». Напрыклад, на ўзор «Чаму дзеўку не любіць, калі дзеўка ладна» ён стварыў песню «Што старыя за вар’яты». На паэтычным турніры 21 снежня 1818 года Чачот быў прызнаны трэцім па значнасці віленскім паэтам — пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана. Ігнат Дамейка так узгадваў пра тагачаснага Яна Чачота: «Жывы, чуллівы, вясёлы, кампанейскі, просты, уражлівы, спагадлівы — сапраўдная сялянская натура».
Да ліку найлюбімейшых філаматамі яго песень была «Да пакіньце горла драць», напісаная да ўгодкаў сябра-філамата Дзіянісія Хлявінскага. Асабліва яе палюбіў Тамаш Зан, за што аднаго разу паплаціўся.
Аднойчы (31 кастрычніка 1820 года) Зан спыніўся ў заезным доме ў Канвелішках (цяпер у Воранаўскім раёне), мірна сабе спаў, пакуль не быў пабуджаны сярод ночы гэтай песняй. Выканаўцамі аказаліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот, якія даведаліся пра начлег сябра ў тым жа доме, дзе спыніліся і яны.
На суд сваіх сяброў-філаматаў на працягу 1818—1819 гадоў Ян Чачот напісаў восем балад: «Бекеш», «Наваградскі замак», «Калдычэўскі шчупак», «Звінячая гара ў Пазяневічах», «Радзівіл, або Заснаванне Вільні», «Узногі», «Мышанка», «Свіцязь». Найбольшае іх значэнне хіба ў тым, што яны прабудзілі геній Адама Міцкевіча і прывялі таго да сваёй літаратурнай каляіны. Міцкевіч гэта асэнсоўваў і быў удзячны.
Сам Чачот быў упэўнены, што літаратура павінна служыць высакароднай мэце маральнага ўдасканалення чалавецтва. Таму крыху грашыў у сваіх псеўданародных песеньках маралізатарствам, спадзяваўся, што ў павучальным выглядзе яны пойдуць у народ і прынясуць плён. Чачотава імкненне палепшыць свет было такім чыстым і моцным, што нават у сабраных аўтэнтычных народных песнях ён паслядоўна замяняў частае слова «гарэлка» ці «водка» на «мёд» і «піва».
Муза
1 лютага 1823 года Ян Чачот пісаў да Адама Міцкевіча: «… цяпер мая мілая муза Зося зрабіла мяне здольным кожны дзень (быў бы толькі час) выдаваць новую прадукцыю, але гэта не тое, што магло б узвысіць мяне і ўсіх зрабіць маімі здзіўленымі прыхільнікамі. Замяню гэтыя недахопы ўвагаю, маральнасцю, заўсёды высокім бачаннем сутнасці і мэты паэзіі et sic porro».
Згаданай музай для Яна Чачота была дачка рэктара Віленскага ўніверсітэта Сымона Малеўскага і родная сястра аднаго з філарэтаў і будучага заснавальніка польскамоўнага «Тыгодніка Пецярбургскага» — Францішка Малеўскага. Для яе ён пісаў свае вершы, якія потым клаліся на музыку і выконваліся пад піяніна. Зосі Малеўскай былі прысвечаныя 170 з 200 вершаў і песень, занатаваных у спецыяльным сшытку.
Вобраз Зосі заўсёды прысутнічаў у думках Яна Чачота падчас будучай ягонай ссылкі:
Я панясу да магілы
Любасць да краю і Зосі,
Хоць мне любоў гэта ў сэрцы
Столькі няшчасцяў прыносіць.
Дарэчы, аўтар гэтых радкоў так ніколі і не ажаніўся.
Да далёкай Русі…
Таемная грамадская дзейнасць у Вільні ў пачатку 1820-х віравала, і Чачот браў у ёй вельмі актыўны ўдзел. Пасля заснавання новага таварыства, філарэтаў, ён узначаліў яго літаратурны аддзел. Чачот чынна ўзяўся за выхаванне моладзі, за што атрымаў мянушку Ментар. А ў 1820-м студэнты арганізавалі яшчэ адно таварыства — «Прамяністыя» на чале з Тамашом Занам. У ім Ян Чачот быў скарбнікам і адным з ініцыятараў стварэння інструкцыі па вывучэнні насельніцтва і геаграфічнага становішча краю. Гэтую інструкцыю Чачот разам са сваім таварышам Янам Юндзілам таемна ў начны час, падкупіўшы наборшчыкаў, надрукаваў у віленскай базыльянскай друкарні. Размножаныя асобнікі раздалі філарэтам перад зімовымі канікуламі 1821 года.
Але шанцавала нядоўга. Калі ў 1823 годзе расійскія ўлады выкрылі таемныя таварыствы, над іх удзельнікамі распачаўся судовы працэс. Ян Чачот больш за год утрымліваўся за кратамі, пакуль 10 кастрычніка 1824 года не быў сасланы ў Арэнбург. Узяўшы разам з Тамашом Занам і Адамам Сузіным усю віну за дзейнасць таемных таварыстваў, ён быў асуджаны да 10 гадоў выгнання ўглыб Расіі. Апошняй з напісаных ім за кратамі стала развітальная песня:
Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,
Да нас павязуць да далёкай Русі…
На чужыне
Паўгода Ян Чачот правёў у Кізільскай крэпасці (тэрыторыя сучаснай Чэлябінскай вобласці Расіі), дзе не пераставаў дзівіцца, што для мясцовых ён — паляк: «Цяпер арэнбургская лінія, можна сказаць, запруджана палякамі (так нас называюць тут і за такіх прымаюць)».
22 кастрычніка 1825 года ён пісаў сябрам: «Наш дом — маленькая хатка: зробленая яшчэ пры жыцці пустэльніка магіла. Усю зіму аж да 15 мая я пражыў у халаднейшай, чым Сібір, абвахце, заўсёды з салдатам перад вачамі і з рознымі каравульнымі, якія забруджвалі мой пакой сваім тытунём і размовамі. У гэтай дзіравай і недагледжанай хованцы часам быў такі жахлівы холад, што я змушаны быў сядзець тут адзеты, як у павозцы, — у кажуху, паліто, цёплых ботах, рукавіцах і шапцы. Я так замярзаў колькі разоў, што не ведаю, як яшчэ не захварэў — калі б не ўнутранае цяпло, можна б было ператварыцца ў лёд. Схаваныя рукі былі ўсё роўна застылыя, гэтак жа сама і душа».
Але найгоршым для Чачота было тое, што губернатар загадаў пазбавіць яго магчымасці пісаць лісты дадому і загадаў, каб у ссыльнага не было «ні пяра, ні чарніла, ні паперы». Гэта ў тыя часы было распаўсюджанай формай пакарання для творчых людзей — згадаем хоць бы хрэстаматыйны выпадак з украінскім геніем Тарасам Шаўчэнкам, якога праз 20 з лішкам гадоў прымусова выправілі на вайсковую службу — спачатку ў тую ж Арэнбургскую губерню з забаронай пісаць і маляваць.
У выніку Чачоту цяжка было сябе заняць. Месяц ён працаваў у якасці гувернёра ў адной з жыхарак Кізіла, пакуль тая адтуль не выехала. Спрабаваў перакладаць апавяданні амерыканскага пісьменніка Вашынгтона Ірвінга. Шмат чытаў, у асноўным рускія кнігі, каб засвоіць мову. А вось пісаць зусім не атрымлівалася, і зусім не з-за забароны губернатара: «З таго, што завецца вершамі, апрача некалькіх уздыханняў да нашай дарагой, я нічога не напісаў. Усе адлятаюць з вятрамі, не магу іх затрымаць для людскога вока рыфмамі».
Пасля Кізіла была Уфа, служба канцылярыстам у бюро арэнбургскага губернатара, рэпетытарства. А ў 1830 годзе Чачота нарэшце вызвалілі ад паліцэйскага нагляду, пасля чаго ён 3 лютага 1831 года перабраўся ў Маскву. Адсюль 9 чэрвеня выехаў на працу ў Цвер, але затрымацца там не давялося па зусім дзіўнай прычыне. У горад якраз прыйшла эпідэмія халеры, і на фоне вестак пра паўстанне ў колішняй Рэчы Паспалітай з’яўленне заразы звязалі з чужынцам-«палякам». У выніку Чачот вымушаны быў уладкавацца на працу ў горад Таржок. Адначасова ён заняўся зборам этнаграфічнага матэрыялу, які адсылаў свайму сябру Восіпу Кавалеўскаму ў Казань. На жаль, гэтыя матэрыялы, аб’ёмам каля 200 аркушаў, бясследна зніклі.
«Сялянскія песні»
У 1833 годзе Ян Чачот вярнуўся ў Беларусь і ўладкаваўся ў мястэчку Лепель канцылярыстам у дырэкцыю Бярэзінскага канала. Тут ён ходзіць у мясцовы касцёл, слухае спевы, што яго да глыбіні душы кранаюць, і міжволі вяртаецца да думкі выдаць вясковыя беларускія песні, так знаёмыя з самага дзяцінства.
Для гэтага ён звяртаецца па дапамогу да некалькіх паненак. Адной з іх, Юзэфе Дамейка, ён тлумачыць, чаму яму патрэбная дапамога:
«Нашы сарамлівыя вясковыя жанчыны не лёгка адважваюцца пераказаць свае песні мужчыну, толькі кабета ўмее іх з лёгкасцю ўпрасіць, каб ёй расказалі. Таму не адмоў, пані, у маёй просьбе, а я не сумняюся, што і сама знойдзеш вялікую прыемнасць у гэтым занятку. Прашу толькі настойліва захоўваць у запісах вымаўленне вясковых слоў, а таксама заўсёды пытаць і занатоўваць, калі і пры якіх абрадах ці забавах спяваюць якую песню».
Вынікам гэтай працы стала з’яўленне ў 1837 годзе ў віленскай друкарні Юзафа Завадскага зборніка «Сялянскія песні з-над Нёмана», у якім Чачот пераклаў на польскую мову беларускія песні. Першапачаткова была задума ўкласці зборнік у дзвюх частках, «з тэкстам арыгінала», але яна, на жаль, не была рэалізаваная. А ў 1838 годзе выйшла другая частка «Сялянскіх песень».
За добрую службу 1 снежня 1838 года Ян Чачот атрымаў чын губернскага сакратара, а ў 1839 годзе імператар Мікалай І нарэшце дазволіў яму вярнуцца на радзіму — на Наваградчыну. Ён уладкаваўся бібліятэкарам ў сядзібу графа Адама Храптовіча ў мястэчку Шчорсы, дзе на працягу 1842—1844 гадоў піша «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года» на падставе твораў Мацея Стрыйкоўскага і Тэадора Нарбута. А таксама працуе над іншымі часткамі «Сялянскіх песень».
У 1844 годзе выйшаў чацвёрты зборнік — «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны, з дадаткам арыгінальных на славяна-крывіцкай мове». Беларускі сялянскі фальклор нарэшце дачакаў часу, калі яму дадуць слова на роднай мове.
Пара для граматыкі і слоўніка
Найважнейшым з усіх зборнікаў стаў шосты, выдадзены ў 1846 годзе, — «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі на славяна-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай».
У зборніку з жалем канстатавалася:
«Іншыя дыялекты славянскага паходжання — больш шчаслівыя, бо нават такія, як, напрыклад, краінскі, краацкі і далмацкі, кожны з якіх паасобку не налічвае да трох разоў па сто тысяч кожны жыхароў… маюць свае граматыкі і слоўнікі і тое ад 1584, 1595 і 1670 г. Тут наадварот, крывіцкае племя, якое налічвае некалькі мільёнаў насельніцтва, не мае нічога болей, апрача катэхізіса, выдадзенага нядаўна ў Віленскай епархіяльнай друкарні, якога, аднак, мне не давялося ўбачыць. Цяпер уласна надыходзіць пара ўзнагародзіць гэтае занядбанне мінулых вякоў і ўзяцца за складанне граматыкі і слоўніка крывіцкага дыялекту, пакуль за малымі выключэннямі ёсць яшчэ ў сваёй чысціні…».
Усяго Ян Чачот сабраў 957 песень: 400 «з-над Нёмана» і 557 «з-над Дзвіны», некаторыя з якіх апублікаваныя і ў беларускім арыгінале. 126 песень былі сабраныя ў вёсцы Стокі, іх у 1834 годзе надыктавала «маладая і прыстойная дзяўчына Бася, потым жонка Мацейкі».
Чачот паставіў пытанне аб правапісе «крывіцкай» або «славяна-крывіцкай» (беларускай) мовы і ўслед за Зарыянам Даленгам-Хадакоўскім выканаў яе апісанне, склаўшы слоўнік «Некаторых крывіцкіх ідыём (уласнаназваў) з Навагрудскага павета, а таксама асобных слоў, што розняцца па значэнні са словамі іншых славянскіх моваў». Таксама ён змясціў там «крывіцкія прыказкі». Пазней гэтыя кірункі беларусазнаўства былі працягнутыя Іванам Насовічам.
Сябры навечна
Вясною 1847 года, каб паправіць здароўе, Чачот выехаў у Друскенікі. Тут у жніўні яго разбіў паралюш. 23 жніўня ён памёр і там жа быў пахаваны, паблізу касцёла ў вёсцы Ротніца.
У гэты час Адаму Міцкевічу снілася, што яго сябар прыехаў у Парыж, але так і не змог з ім сустрэцца. «Вестка пра смерць Янкі прашыла мяне наскрозь», — пісаў Міцкевіч Ігнату Дамейку ў Чылі: «Перад смерцю ён выдаў беларускія песні, і яны там мелі вялікую прыхільнасць». Зборнік «Сялянскіх песень» Адам Міцкевіч чытаў у «мінуты адзіноты і настальгіі». А апошні раз Ян Чачот прысніўся Адаму Міцкевічу за некалькі месяцаў да смерці, «як бы запрашаючы мяне да сябе».
Комментарии