МЗС Кыргызстана 28 ліпеня выклікаў часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у Кыргызстане Сяргея Іванова. Прычынай сталі публікацыі ў беларускіх СМІ аб адкрыцці ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя». Пра гэта паведамляе замежнапалітычнае ведамства Кыргызстана.
Як сцвярджае кіргізскі бок, дырэктар ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» Данііл Урыцкі — былы прэм'ер-міністр Кыргызстана Даніяр Усенаў, прысуджаны на радзіме да пажыццёвага зняволення.
«Падчас сустрэчы Кыргызстан перадаў ноту, у якой выказвае пратэст знаходжанню і ажыццяўленню дзейнасці на тэрыторыі Беларусі асуджанага ў Кыргызстане на пажыццёвы тэрмін Даніяра Усенава, што з'яўляецца абсалютна непрымальным», — гаворыцца ў паведамленні.
У МЗС Кыргызстана са шкадаваннем адзначылі, што, нягледзячы на нацэленасць кіргізскага боку ў апошнія гады на актывізацыю двухбаковага кыргыска-беларускага супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, узаемны ўдзел у інтэграцыйных аб'яднаннях, такіх як СНД, ЕАЭС, АДКБ, далейшая падтрымка афіцыйным Мінскам дзейнасці асуджаных былых высокапастаўленых чыноўнікаў Кыргызстана на тэрыторыі Беларусі ў чарговы раз наносіць шкоду двухбаковым сяброўскім адносінам, выклікае незадаволенасць з боку кіргізскай грамадскасці, раніць пачуцці родных і блізкіх загінулых і пацярпелых падчас падзей 7 красавіка 2010 г. (тады загінулі каля 90 чалавек і каля 1500 атрымалі раненні).
Кіргізскі бок зноў заклікаў ўлады Беларусі змяніць свой падыход да дадзенай сітуацыі і выконваць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы.
Даніяр Усенаў пасля падзеяў 2010 года збег з краіны. Ён быў абвінавачаны ў цяжкіх злачынствах і завочна асуджаны на пажыццёвы тэрмін. Інфармацыя пра тое, што Даніяр Усенаў пражывае ў Беларусі пад імем Данііла Урыцкага, упершыню з'явілася ў беларускіх СМІ ў снежні 2017 года.
На адкрыцці 27 ліпеня ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» быў прадстаўлены дырэктар прадпрыемства — Данііл Урыцкі. Журналісты апазналі ў ім былога прэм'ер-міністра Кыргызстана Даніяра Усенава, але арганізатары мерапрыемства паведамілі, што дырэктар не будзе гэта каментаваць.
Карэспандэнт выдання Naviny.by ўсё ж пагаварыў з Даніілам Урыцкім. На пытанне, ці з'яўляецца ён на самай справе былым прэм'ер-міністрам Кыргызстана, Урыцкі адказаў наступнае: «У кіргізаў і пытайцеся».
На дадатковыя пытанні Урыцкі не захацеў адказваць. Аднак літаральна праз хвіліну ён праз маладога чалавека папрасіў карэспандэнта вярнуцца і адкласці ў бок камеру і дыктафон. Толькі пасля гэтага ён пагадзіўся гаварыць. Дырэктар БНБК паказаў беларускі пашпарт на імя Данііла Урыцкага. На просьбу абвергнуць інфармацыю, што ён з'яўляецца Даніярам Усенавым, ён адказваў унікліва. Пазней не пад дыктафонны запіс ён дазволіў працытаваць сябе наступным чынам: «Я чуў, што Даніяр Усенаў, прэм'ер-міністр Рэспублікі Кыргызстан, памёр у 2013 годзе ў Малайзіі».
Каментары