Гісторыя61

Машына часу. Дрыгавічы: правал у памяці

Яны прыйшлі на гэтую зямлю тысячу трыста гадоў таму. Далі імёны яе рэкам і пушчам, далі імёны паселішчам, з якіх выраслі нашы гарады, далі аснову нашай мове. Яны пакінулі нам — нас, у нашых жылах бруіць іх кроў. Пакінулі свае гарадзішчы на азёрных выспах, свае некропалі ў лясах, свае свяцілішчы і сваіх багоў, да якіх мы апелюем штодня, самі пра тое не здагадваючыся. Крывічы, дрыгавічы, радзімічы — з іх вырас беларускі народ.

Чытайце таксама: Машына часу: падарожжа ў краіну крывічоў

У новым праекце «Нашай Нівы» «Машына часу» мы будзем шукаць сляды тых плямёнаў у сённяшняй Беларусі. І гэтым разам выпраўляемся да дрыгавічоў.

Дапаможа нам у паездках «Ford у Беларусі».

Кансультаваць нас у гэтым падарожжы будзе кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.

Дрыгавічы займалі ўсю цэнтральную Беларусь і Палессе — ад Нёмана да Дняпра, ад Свіслачы да Прыпяці — і не пакінулі па сабе ніводнай назвы. Ні вёскі, ні ракі, ні ўрочышча.

Які кантраст з паўночнымі суседзямі: тапонімаў з каранямі «крывіч», «крывы» ў Беларусі мноства.

Дзякуючы гісторыкам пачатку ХХ стагоддзя і 1990-х, дрыгавічы, а ўжо тым больш радзімічы, успрымаюцца як фон для экспансіўных крывічоў-палачан.

Тым часам славяне, з якімі ў Панямонні скаапераваліся літоўскія правадыры, утварыўшы наша слаўнае ВКЛ, былі ў тым ліку дрыгавічамі. Дрыгавічом быў і адзін з першых беларускіх святых ды інтэлігентаў-кніжнікаў. І гэта не кажучы пра тое, што на дрыгавіцкіх тэрыторыях ляжыць сучасная сталіца Беларусі — Мінск.

Мінск і Менск

Увогуле, Менскаў было некалькі. Той, пра які ідзе гаворка, дрэмле за мінскім аўтарынкам «Малінаўка» ды музеем народнай архітэктуры, пры вёсцы Гарадзішча. Тутэйшыя называюць яго проста «Вал».

Валы першага Менска сапраўды выдатна захаваліся, добра заўважныя і брамы, праз якія можна было трапіць у старажытны горад.

Каля брамы першага Менска.

Яго, кажуць гісторыкі, спалілі кіеўскія войскі ў сакавіку 1067-га, перш чым рушыць на Нямігу, біцца з князем Усяславам Полацкім. Тут пачыналася легенда Усяслава — бітва на Нямізе, зняволенне ў Оршы, падземная турма-поруб у Кіеве і выхад проста на вяршыню ўлады… Тыя падзеі засталіся ў хроніках і легендах.

Дзень руйнавання стаў пунктам адліку гісторыі горада. Звычайная сітуацыя.

Вёска Гарадзішча ўпершыню згадваецца ў 1547-м, хоць паселішча тут старэйшае на паўтысячы гадоў.

Пытанне, чый быў тады Менск, дагэтуль не вырашанае.

Частка гісторыкаў лічыць, што Менск быў парубежнай крэпасцю Полацкага княства, таму яго і спалілі паўднёварускія князі. Іншыя кажуць, што Менск усё ж належаў Кіеву, толькі Усяслаў яго захапіў, а пасля ўжо яго спалілі паўднёварускія князі.

Археолагі, якія працавалі на старым менскім гарадзішчы, знайшлі слой пажару ІХ—Х стагоддзя, які можна атаясаміць з тымі войнамі. Пасля пажару Менск заняпаў, а на сутоку Свіслачы і Нямігі полацкія князі паставілі новы горад, які за 900 гадоў вырас у сталіцу незалежнай Беларусі.

Да старога менскага гарадзішча і сёння так проста не пад’едзеш. Шлях закрывае рака Менка, у якую ўпадае ручай Дунай.

Прарадзіма

Дунай — так завецца і рака, успамін пра якую славяне панеслі ў песнях ад сваёй прарадзімы па ўсіх краях, кажа Алег Дзярновіч.

Магчыма, яшчэ дрыгавічы назвалі Дунаем гэты струмок вады пад Гарадзішчам, які тысячу год таму мог быць немалой ракой.

Версія пра тое, што дрыгавічы прыйшлі ў Беларусь менавіта з-за Дуная, з гістарычнай Паноніі, жывіцца візантыйскім трактатам ІХ стагоддзя «Пра кіраванне імперыяй». Яго аўтар, імператар Канстанцін VII Парфірародны, успамінаў племя другавітаў у ліку іншых варвараў-славянаў, што час ад часу бралі ў аблогу Салунь — сённяшнія Салонікі. Прычым варвары гэтыя ўмелі карыстацца сценабітнымі машынамі, адзначаў імператар. З Салуні-Фесалонікаў паходзілі і тыя самыя Кірыл ды Мяфодзій, што распрацавалі першы славянскі алфавіт — глаголіцу, грунтуючыся на мове вакольных славянаў.


Кірыліцу трэба было б называць «кліменціцай»

яе распрацаваў вучань Кірыла — Клімент Охрыдскі. Кірыл і Мяфодзій мелі задачу стварыць пісьменнасць для падпарадкаваных Візантыйскай імперыі славянаў, каб паскорыць іх хрысціянізацыю. Яны ўзялі грэчаскую граматыку і адаптавалі да славянскай лексікі. У моцна змененым выглядзе гэтая мова дайшла да нас праз праваслаўную царкву.

На Балканах знаходзяцца і «дрыгавіцкія» тапонімы — мястэчка Драгавіца ў Славеніі, манастыр Драгавіч у Харватыі…


Яўхім Карскі

славуты этнограф ХІХ стагоддзя лічыў, што дрыгавічы разышліся са сваёй загадкавай прарадзімы — частка пайшла на Балканы, частка — у Беларусь.

Чаму ж ва ўсёй Беларусі няма ніводнай вёскі «Дрыгавічы»? Ці гэта была назва «знешняя», вядомая візантыйскаму імператару, але не мясцоваму люду? Магчыма, кажа Алег Дзярновіч, насельнікі гэтых тэрыторый, уцягнутыя ў кіеўскі культурны ды палітычны арэал, рана страцілі сваё «дрыгавіцтва» ды сталі часткай «народу рускага», з якога ў мадэрны час выраслі беларусы і ўкраінцы.

Маёнтак пана Пішчалы

Менскае гарадзішча ўражвае і плошчай, і вышынёй валоў, якія не аселі за тысячу год, дзякуючы схаваным у іх драўляным субструкцыям.

Калі глядзець зверху, пра-пра-Менск мае дзіўную форму тэніснай ракеткі: апроч звычайнага для старажытных гарадоў авалу, абведзенага валамі з двума брамамі, у яго ёсць апендыкс-«ручка», выцягнутая ўздоўж Дуная.

Што там было? Рэзідэнцыя княскага пасадніка? Ці доўгія валы насыпалі дзеля лепшай абароны — знішчаць з іх вышыні ворага, пакуль ён спрабуе падысці да брамы?

Вакол замчышча на тэрасах, засеяных цяпер канюшынай, таксама кіпела жыццё — ляпіліся хаткі неўмацаванага пасаду ды селішчы-«мікрараёны».

На гэтых валах людзі жылі не толькі ва Усяслававы вякі — ад XVI стагоддзя проста на замчышчы была шляхецкая сядзіба, якой у ХІХ-м валодалі паны Пішчалы. Адзін з іх, Рудольф, збудаваў у Мінску турэмны замак, які дагэтуль выкарыстоўваецца па прызначэнні і вядомы сёння як Валадарка.

Гарадзішчанскі стараста.

І якраз у жніўні сіламі археолагаў, энтузіяста ды арганізатара курсаў «Мова Нанова» Глеба Лабадзенкі і мясцовага старасты было ўпарадкаванае фамільнае пахаванне Пішчалаў. Бо склеп, у якім спачывалі некалькі пакаленняў шляхціцаў, разбілі ў 1930-я, на месцы старых могілак быў сметнік. Цяпер там месца памяці з помнікамі і высокім крыжом.

І якое ж гістарычнае месца без характэрнага для нашага часу канфлікту інтарэсаў: у Гарадзішчы, расказалі нам, пасяліўся расійскі бізнэсовец, які спрабуе «праціснуць» свой варыянт добраўпарадкавання старажытнага замчышча: спілаваць векавыя дрэвы на валах, перакінуць праз Менку гарбатыя масткі… Лабадзенка вядзе з ім адчайную барацьбу.

Межы старыя і сучасныя

Першы Менск на Менцы быў заселены дрыгавічамі. Мяжа іх тэрыторыі праходзіла трохі паўночней — па Заслаўі, дзе захаваўся вялізны крывіцка-дрыгавіцкі некропаль, Абрыцкай Слабадзе, што на Мядзельскай трасе, Лагойску, Барысаве.

Межы дрыгавічоў прымусілі гісторыкаў паспрачацца. Найбольш — заходнія. Найшчадрэй іх «надзяліў» тэрыторыяй прафесар-археолаг Пятро Лысенка, адкрывальнік старажытнага Бярэсця, які рассунуў дрыгавіцкі арэал аж за Буг. У рэальнасці дрыгавічы туды заходзілі, кажа Дзярновіч, але наўрад ці жылі там скрозь.

Спробы ўключыць Берасце ў дрыгавіцкі арэал рабіліся ў савецкі час, каб «прывязаць» яго да Беларусі, замоўчваючы ўплыў на тыя мясціны валынянаў і мазаўшанаў, што мігравалі з сучаснай тэрыторыі Украіны ды Польшчы. Тое самае — пад Наваградкам: неяк не прынята гаварыць, што ў каланізацыі Беларускага Панямоння бралі ўдзел і мазаўшане. Такая сабе спроба падагнаць старажытную гісторыю пад дзяржаўныя межы ХХ стагоддзя.


Готы

Ды што там мазаўшане: Берасце, ды яшчэ міжрэчча Гарыні і Стыра — месца даўняй прысутнасці ў Беларусі готаў. Германцы асяліліся тут у IV ст. н. э. і распусціліся без следу да VI ст. Ад іх засталіся магільнікі ды пару словаў у мове — але якіх: хлеб, шлем, хлеў… У адрозненне ад сваіх суседзяў-балтаў, на якіх яны наводзілі жах, готы не будавалі ўмацаваных гарадзішчаў. Відаць, як спартанцы, лічылі, што найлепшая абарона — уласныя сякеры ды мячы.

Сэрца дрыгавічоў

Пазнейшыя цэнтры Менск і Тураў ляжалі на ўскрайку дрыгавіцкіх тэрыторый. А сэрцам іх былі Клецк і Слуцк. Гэтыя гарады разам ці паасобку згадвалі летапісцы, калі сюжэт тычыўся дрыгавічоў.

Ці то князь Глеб Менскі, канфліктуючы з кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам, у 1116-м «ваяваў дрыгавічоў і Слуцк спаліў», ці то кіеўскі князь аддаваў чарнігаўскаму «Клецк і Слуцк і ўсе дрыгавічы».

У гербах Клецка і Капыля — радзівілаўскія «трубы», у гербе Слуцка — княская карона: гэтыя землі ад XVI стагоддзя належалі Радзівілам.

Якая ў Клецку мова беларуская! Зусім не школьна-усярэдненая, з адмерлымі амаль імператыўнымі формамі, з ненаціскным «о».

Клецкі звычай — густа насыпаць шышкі вакол вулічных дрэваў. Навошта? «Прыгожа ж!»

«Паедзеце да святлафора, а там павярнуцьмеце налево», — падказвае нам дарогу ад цэнтра да клецкага замчышча магутнай паставы дзядзька. «На тым замку швед шапку згубіў!» — дадае яго таварыш.

Але спярша мы не адмаўляем сабе ў задавальненні праехаць праз харошы, як лялька, гарадок у процілеглы бок — пабачыць клецкія палі, на якіх рыцары Вялікага Княства паставілі на месца Крымскае ханства.

Беларусь шчасліва пазбегла Батыевага нашэсця, але ў XV—XVI стагоддзі татары зрабіліся рэальнай бядой. Загоны з Крымскага ханства з’яўляліся мала не штогод, даходзілі аж да Вільні, рабуючы і выводзячы ў палон на продаж дзясяткі тысяч людзей.

Гэта не былі дзікія бессэнсоўныя налёты — мы часта недаацэньваем рацыянальнасць людзей мінулага. Татары былі сістэмныя і арганізаваныя: станавіліся лагерам у стратэгічным месцы і абабіралі ўсё наваколле ў радыусе сотні кіламетраў.

У 1506-м арда стала пад Клецкам, праз які ішлі дарогі на Вільню, Мазыр, Пінск, паблізу ад заможных Нясвіжа і Слуцка. Насустрач ім з Ліды, спехам сабраўшы войска, выйшаў Міхал Глінскі, надворны маршалак і фаварыт вялікага князя Аляксандра.

Агнём з пішчаляў і гармат ён адагнаў татараў ад ракі Лань і паставіў пераправы. Цяжкая конніца перайшла па іх і расціснула ардынцаў. Пасля Глінскі пераапрануў частку сваіх ваяроў у татараў і пакінуў у лагеры — «сустракаць» атрады, якія будуць вяртацца з палонам і здабычай.

І так знішчыў татарскае войска.

Бітва з татарамі. Гравюра XVI века.

Яго парэшткі, што ўцякалі ў Крым, дабіла, пераняўшы пад Капылём, княгіня Настасся Слуцкая са сваімі баярамі.

Уражаны разгромам крымскі хан Менглі-Гірэй стаў пасля таго саюзнікам Вялікага Княства.

Хто б ведаў, што ў тым самым годзе вялікі князь літоўскі Аляксандр памрэ, а Глінскі трапіць у няміласць да новага начальства і, абражаны, уцячэ ў Маскву? А яго пляменніца стане пасля жонкай маскоўскага цара ды народзіць яму сынка — Івана Жахлівага? 

Святар, які не верыў у Хрыста

Па дарозе да замчышча заязджаем паглядзець фарны Траецкі касцёл. Храм узарвалі ў 1950-я і адзіная яго сцяна, што ацалела, высіцца на метраў восем сярод прыватнай забудовы.

Касцёл будавалі ў сярэдзіне XVI стагоддзя.

Так выглядаў храм, у якім служыў Сымон Будны.

Пасля магнат-кальвініст Мікалай Радзівіл Чорны, перадаўшы храм пратэстантам, запрасіў сюды пастарам Сымона Буднага — гуманіста і перакладчыка Новага Запавета на старабеларускую мову. 

Тут тры гады гучалі яго казані, аж пакуль пастар не пасварыўся з Радзівілам, перайшоўшы на больш ерэтычныя, як сказалі б тады, або больш гуманістычныя, як сказалі б мы, пазіцыі. Напрыклад,

Будны лічыў Ісуса Хрыста не Сынам Божым, а сапраўдным чалавекам, якому Бог за святасць даў сілу.

«Тут звалка была, нам участак даваць не хацелі, во толькі такі далі. Мы тут усё расчышчалі», — расказвае гаспадыня падворка, на якім стаіць касцёльная сцяна.

Да муроў XVI стагоддзя прыбудаваныя хлеўчукі, сушыцца цыбуля, чэзне ў гародзе бульбоўнік. Дзе яшчэ такое пабачыш?

Клецкае замчышча на самым ускрайку горада, уключанае ў адпачынкавую зону. Від на яго адкрываецца з узбярэжжа вадасховішча, каля якога адпачываюць клеччукі.

Беларуская піраміда

Капыль, што ляжыць між Клецкам і Слуцкам, у летапісы ў сувязі з дрыгавічамі не трапіў. Але такое зручнае як на тыя трывожныя часы месца наўрад ці яны абмінулі б.

Капыльскае гарадзішча і сёння нагадвае піраміду Хеопса з усечанай вяршыняй. Пазіраючы на яго стромыя схілы, задаешся пытаннем: як яны ўзлазілі туды — на конях, з вазамі, з ношай?

Від зверху.

Каля ўзножжа сочацца крыніцы. Адну з іх асвяцілі і ўпарадкавалі — цяпер людзі прыязжаюць сюды з біклагамі па ваду. Кажуць, лепшая за вадаправодную. Над крыніцай ікона, з якой лагодна глядзіць Той, чыю боскую сутнасць адмаўляў Сымон Будны.

Апошні бастыён Радзівіла

Слуцкаму замчышчу пашанцавала меней. У сярэзіне 1980-х на ім паставілі Дом культуры.

Праўда, і само замчышча было грунтоўна ўдасканаленае ў часы, калі Слуцкам валодаў Багуслаў Радзівіл.

Франкафон, германафіл і фанат галандскай фартыфікацыі, ён перарабіў старыя слуцкія ўмацаванні на сістэму фартэцый па апошнім слове інжынернай навукі.

Бо з пашырэннем артылерыі, якая ператварала каменныя сцены ў дадатковы сродак знішчэння тых, хто за імі хаваўся, у Еўропе вярнуліся да земляных умацаванняў. Ім ядры і найбольшага калібру не шкодзілі.

Адзін з Радзівілаўскіх бастыёнаў і рэшткі вала захаваліся з тылу ДК.

Добра па ім прайсціся летнім надвячоркам і, абагнуўшы будынак, пабачыць помнік княгіні-ваярцы Настассі Слуцкай каля ўваходу ў ЗАГС. Некаторыя случчакі называюць яго «злая цешча».

Музей слуцкіх паясоў з партрэтам ткача. Насуперак стэрэатыпным уяўленням, ткалі іх мужчыны.

Ленінскія мацэвы

Ад Слуцка дарога ідзе на Тураў, цэнтр дрыгавіцкага княства ў гістарычны час.

Каб адпачыць ад нагружанай слуцка-салігорскай трасы Р23, звяртаем у мястэчка Ленін. Гэта адзіная ў свеце ленінская мясціна, названая не ў гонар правадыра сусветнага пралетарыяту.

Ленін вядомы пад такой назвай ад XVI стагоддзя. Нават наадварот: ёсць легенда, што гэта Уладзімір Ульянаў узяў сабе псеўданім Ленін таму, што яго спансавалі нейкія міфічныя яўрэйскія купцы з Леніна.

Тут цікавыя могілкі: на хрысціянскіх захавалася драўляная капліца ў рускім стылі, пастаўленая ў гонар скасавання прыгону. Яна яшчэ стаіць, хоць заходзіць усярэдзіну страшнавата.

На яўрэйскіх могілках можна паглядзець унікальныя драўляныя надмагіллі-мацэвы.

Мяжа балцкага свету

А хто, увогуле, сказаў, што дрыгавічы — славяне?

Некаторыя археолагі сумняюцца і кажуць, што яны, як і крывічы, былі славянізаванымі балтамі. Пра гэта сведчыць абрад «ачышчэння агнём», рэшткі якога часта трапляюцца ў дрыгавіцкіх курганах: перш, чым пакласці нябожчыка, на месцы яго пахавання раскладалі вогнішча.

На поўдзень ад Прыпяці такога звычаю няма. Прыпяць была мяжой балцкага свету.

Мост цераз яе ў раёне Турава праваліўся мінулай зімой і дагэтуль рамантуецца. У сталіцу дрыгавіцага княства мы трапляем пантонным мастом, у хмарах пылу, які ўздымаюць на дамбе коламі машыны. Удзень даводзіцца ехаць з фарамі і вельмі павольна. Раней дамбу палівалі, але такой гарачынёй ад гэтага мала толку.

Дрыгавічы выглядаюць высокатэхналагічным племем на свае часы. Чаго вартыя іх скроневыя кольцы з ажурнымі зярнёнымі пацеркамі — прыкмета, па якой археолагі і вызначаюць арэал рассялення. Тэхналогія іх вытворчасці была нашмат складанейшая за крывіцкія ды радзіміцкія.
Дрыгавіцкія кавалі, сведчаць археолагі, валодалі майстэрствам навугляроджваць сталь — без гэтага не зробіш якасны інструмент з рэжучым краем: трэба наварваць стальную палоску на жалезную аснову. Сасуды, у якіх вугляродзілі сталь, знаходзяць у гарадах дрыгавіцкага арэалу.

Князі на практыцы

Найстарэйшае тураўскае княскае імя, якое згадвае «Аповесць мінулых гадоў» — Тур. Амаль цёзка скандынаўскага бога грому, ён нібыта прыйшоў з Рагвалодам з-за мора і ад яго быў названы Тураў. Найверагодней, гэта этымалагічная легенда. Ёсць жа, напрыклад, сем рэк і два аграгарадкі з назвай Тур’я.

* * *

Жыраслаў Іванкавіч

Так звалі тураўскага пасадніка, які жыў у XII ст.

У гістарычныя часы Тураў быў эксперыментальнай пляцоўкай, куды кіеўскія князі выпраўлялі на практыку старэйшых сыноў. Каб у цішыні, у адносным спакоі вучыліся кіраваць дзяржавай. І ўжо першы з практыкантаў, Святаполк, сын Уладзіміра Хрысціцеля, ледзь не павярнуў Русь на еўрапейскія рэйкі.

Аскепкі шкляных бранзалетаў, якія насілі тураўскія модніцы ў ХІ—ХІІ ст. Выраблялі іх толькі ў Кіеве. Такія бранзалеты — доказ гандлёвых сувязяў з Кіевам. Яны былі ломкія і недарагія.

Яго жонкай была польская князёўна, у свіце якой у Тураў прыехаў лацінскі біскуп Рэйнберн. Ці не з ім звязанае заснаванне Тураўскага япіскапства? Адбывалася гэта яшчэ да афіцыйнага расколу хрысціянства на каталіцтва і праваслаўе.

Скончылася гісторыя з Рэйнбернам трагічна: і княскую пару, і самога біскупа зняволілі ў Кіеве прыхільнікі візантыйскага шляху Русі, там ён і сканаў. А на Святаполка пазнейшыя летапісцы «павесілі» забойства братоў Барыса і Глеба.

Тут маліўся святы Кірыла

Старажытны Тураў стаяў на двух пагорках, падзеленых ровам: на адным уласна горад з царквой, на другім, абароненым Прыпяццю, княская рэзідэнцыя.

Трапіць у рэзідэнцыю можна было толькі па мосце, які вёў з горада. На гарадзішчы не так даўно адкрылі падмуркі царквы XII стагоддзя.

Каля шклянога саркафагу, якім яе накрылі, мы сутыкнуліся з старажытнасцю савецкага кшталту. Музей адчыняецца а 10-й. Але ні а 10-й, ні а 10.25 гэтага не адбылося. Давялося званіць у дырэкцыю — пасля таго з’явілася супрацоўніца з ключом, моцна пакрыўджаная на нас. Адамкнула — і аказалася, што ўвесь той час, які мы хадзілі вакол, зазіралі праз шкло і грукалі ў дзверы, у музеі сядзела вартаўніца: «Я не маю права адчыняць». Вось такі год малой радзімы і развіццё турыстычнага патэнцыялу.

Але храм прымусіў забыцца на любы негатыў. Яго памеры ўразілі нават бывалага археолага Дзярновіча.

Белы камень, драўляныя масткі (тут служаць па вялікіх святах), расколіна ў апсідзе — ці не след таго самага землятрусу XIII стагоддзя, што зруйнаваў царкву?

Хоць і музей, але пры падмурках царквы стаяць накрытыя тканінай каменныя саркафагі. У адным — дзіця, у другім — жанчына. Хавалі тут прадстаўнікоў княскай сям’і ды, відаць, найзначнейшых тураўскіх баяраў.

Рэканструкцыя аблічча знатнай жанчыны, пахаванай у тураўскім саборы.
Тураўскі саркафаг.

Найлепшы від на старажытны Тураў — ад дарогі на Альшаны, пры якой ляжаць Барысаглебскія могілкі. Тут некалі стаяў манастыр, у якім пастрыгся ў манахі, адмовіўшыся ад багатай спадчыны, адзін з першых беларускіх святых — Кірыла Тураўскі.

Помнік Кірылу Тураўскаму на гарадзішчы.

Сёння пра манастыр нагадвае толькі прастакутны ўзгорачак. Славутасць новага часу, да якой ідуць сюды людзі — крыжы, што «растуць з зямлі» — часаныя каменныя надмагіллі мо часоў Кірылы Тураўскага. Над адным зробленае месца пакланення — з ахвярамі-стужачкамі, інфармацыйнымі стэндамі і дашком ад непагоды і сонца.

Хотамель 

З Турава праз Альшаны з іх вялізным кірмашом, Давыд-Гарадок і Рубель едзем у Хотамель. (Старыя людзі тут дагэтуль называюць па-старадаўняму: Хотамле.)

Вёска Рубель, цэрквы старая і новая. На Палессі захоўваецца пераемнасць архітэктурных традыцый.

Тут, на высокай пясчанай выдме над Прыпяццю, археолагі знайшлі паселішча самай першай славянскай культуры — пражскай. Праз пару стагоддзяў тут пасяліліся дрыгавічы.


У адрозненне ад балтаў,

якія жылі ў слупавых дамах (такія можна бачыць у сучасных фільмах пра вікінгаў), славяне будавалі паўзямлянкі. Іх рэшткі дапамагаюць навукоўцам вызначыць, хто жыў на тым ці іншым селішчы.

За Хотамлем дарогі ўжо няма. Далей на поўдзень, між славутых балотаў, ляжаць Альманы і ўкраінская мяжа. А гарадзішча Хотамель — зусім не тое самае, што вёска Хотамель. Каб знайсці яго, мы тройчы каардынаваліся з хотамельцамі, пытаючы «дэ люды давно жылы».

Дарогамі ў гэтых балотах ніколі асабліва не пераймаліся — нават дровы з лесу ўлетку вазілі на чаўнах. І двухкіламетровы шлях да гарадзішча падаўся нам даўжэйшым за ўсю пераадоленую за два дні асфальтавую шашу.

Тут нам напоўніцу ўдалося выпрабаваць усюдыходныя якасці аўто. Праезд па дамбе, кукурузнае поле і ўдала фарсіраваная балаціна могуць быць залічаныя ў актыў машыны.

Хотамель варты рызыкі. Малое ўзвышша з валамі і плато-селішча побач, высока над поймай далёкай Гарыні.

Стоячы на валах, насельнікі Хотамля, пэўна, бачылі дымы гоцкіх стаянак за ракой, услухоўваліся ў іржанне аварскіх коней з поўдня. Гарадзішча абкошанае, пры ім стаіць высокі крыж — нібы знак, што да нашчадкаў памалу вяртаецца памяць.

Колькі народаў пракацілася тут да нас, а колькі яшчэ пракоціцца? Наіўны чалавек, які думае, што гісторыя сканчаецца на ім.

ТАА «Аўтацэнтр «Атлант-М Баравая» УНП 691786523

Каментары61

Даследаванне: раскол у культуры паміж тымі, хто з'ехаў і хто застаўся, павялічваецца. Але расце новае пакаленне музыкаў

Даследаванне: раскол у культуры паміж тымі, хто з'ехаў і хто застаўся, павялічваецца. Але расце новае пакаленне музыкаў

Галоўнае
Усе навіны →