История11

Румыния — это не только Чаушеску, вампиры и Карпаты. Путешествие в Румынию — это ещё и напоминание беларусам об упущенных возможностях

Из Румынии вернулись Змитер Панковец и Анна Климович, и дают туристические рекомендации.

Бухарэст канца ХІХ стагоддзя бачыў сябе «ўсходнееўрапейскім Парыжам». Ні ў Мінску, ні ў Вільні, ні ў Кіеве такой атмасферы не сустрэнеш. Wikimedia Commons

У Румыніі ёсць мора, але на пляжны адпачынак беларусы едуць у Адэсу ці Турцыю. У Румыніі ёсць горы, але па сноўборд і горныя лыжы беларусы адпраўляюцца ва ўкраінскія Карпаты або польскія Татры. У Румыніі ёсць замкі і старыя гарады, але, каб паглядзець на Cярэднявечча, нашы людзі абіраюць Германію.

Пра Румынію, якая хоць і знаходзіцца адносна блізка да Беларусі, у нас ведаюць слаба. Пры ўпамінанні гэтай краіны згадваюць камуністычнае мінулае і ўяўляюць сабе дзяржаву трэцяга свету, з беднасцю, разрухай, цыганамі і вампірамі. І толькі прыехаўшы, турыст адзначае, што Румынія — недаацэненая краіна, з прыстойным узроўнем жыцця і шматлікімі цікавосткамі. Румынія — гэта напамін нам, беларусам, пра страчаныя магчымасці.

Заробак у два разы вышэйшы 

Румынія — краіна памерам з Беларусь, зусім крышачку большая. Але адлегласці тут пераадольваюцца значна даўжэй. Румынія — гэта горная краіна. Таму на ўмоўныя 70 кіламетраў між гарадамі вам часта спатрэбіцца не гадзіна, а дзве.

Сярэдні заробак у Румыніі цяпер — каля 1100 еўра на месяц, у два разы большы, чым у нас. Хоць на выхадзе з сацыялізму Румынія была страшна беднай, нашмат адставала па ўзроўні жыцця ад Беларусі. Цэны сувымерныя з беларускімі, а на прадукты — нават заўважна ніжэйшыя.

Румынія — гэта другая (пасля Польшчы) паводле тэмпу росту эканоміка Еўрасаюза. Тыя ж балгары, якія ўступалі ў ЕС у адзін год з румынамі, ужо зайздросцяць поспехам сваіх суседзяў.

Краіна ўпэўнена развіваецца і прасоўвае сябе ў турыстычным плане. Так, у 2006 годзе Румынію наведалі 6 мільёнаў замежных турыстаў, а ў 2019 колькасць падарожнікаў павялічылася больш чым у 2 разы, перавысіўшы 13 мільёнаў. Што ж шукаюць вандроўнікі ў гэтай краіне?

Дакі і рымляне

У румынаў багатая гісторыя. Першая дзяржава на гэтай тэрыторыі існавала яшчэ да нашай эры. Яна называлася Дакія (дарэчы, цяпер так завуцца добра вядомыя ў нас румынскія аўтамабілі Dacia. Пад брэндам Renault дзве румынскія мадэлі Logan і Duster збіраюць у Расіі, у нас гэтыя машыны сталі мегапапулярныя).

Дакі, фракійскае племя, доўгі час былі незалежнай дзяржавай са сталіцай у Сармізегутузе, але ў ІІ стагоддзі нашай эры іх заваявалі рымляне. Сёння Сармізегутуза, як і некалькі іншых крэпасцяў у гарах Арэшціе, знаходзіцца ў румынскім спісе спадчыны ЮНЕСКА. Агулам у гэтым спісе 7 пунктаў супраць 4-х у Беларусі.

Рымскае мінулае пакінула вялікі адбітак нават на жыцці сённяшняй Румыніі. Фактычна ў кожным вялікім горадзе можна знайсці помнік «капіталійскай ваўчыцы». А сучасная румынская мова — гэта такі своеасаблівы трасяначны варыянт мовы рымлян, што прыйшлі на гэтую тэрыторыю. Так званая «народная латынь» змяшалася з мовай дакаў, а потым усё гэта змацавалася яшчэ славянскімі і грэцкімі ўстаўкамі.

Больш за тое, ці не кожны румын раскажа вам, што назва ягонай краіны ўтварылася ад слова «рымскі». Мабыць, як ніхто іншы ў Еўропе, румыны цэняць і культывуюць сваё рымскае паходжанне.

Раздзеленая на тры рэгіёны

Недзе ў VI стагоддзі на землі сучаснай Румыніі прыйшлі славяне, а землі ўвайшлі ў склад славянскай дзяржавы Вялікая Маравія. З гэтага часу тут пачаўся распаўсюд хрысціянства. Сёння роля праваслаўя ў Румыніі вялізная. Нават у будні цэрквы запаўняюцца вернікамі — а што тады казаць пра выхадныя, калі туды цяжка прабіцца. Праваслаўная царква тут, вядома, аўтакефальная. У румынаў ёсць свой патрыярх Даніл.

Сігішаара — гэта нейкі амаль ідэальны сярэднявечны нямецкі гарадок. Яго ад даўніх часоў засялялі саксонцы. Дарэчы, у Румыніі цяпер прэзідэнт-немец — вельмі паважаны, яго пераабралі на другі тэрмін. У Сігішаары шмат брукаваных вуліц, старых дамоў, паху торфу і адчування адарванасці ад часу. Shutterstock.com, by Alberto Giron Photography

У Сярэднявеччы ўзніклі тры незалежныя рэгіёны, якія ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і ўтварылі аб'яднаную Румынію: Малдова, Валахія і Трансільванія. Гэтым тэрыторыям удавалася больш-менш захоўваць аўтаномію ў складзе Асманскай імперыі, але гаворкі пра незалежнасць не было. Румыны неаднаразова падымалі паўстанні, імкнуліся да стварэння незалежнай дзяржавы.

Адно паўстанне супраць туркаў падняў Тудар Уладзімірэску. Калі пачалася расійска-турэцкая вайна, то ён пайшоў добраахвотнікам ваяваць супраць Турцыі. Па вяртанні з вайны рыхтаваў на радзіме паўстанне, што ўспыхнула ў 1821 годзе. Аднак у выніку Уладзімірэску быў абвінавачаны ў змове з туркамі і расстраляны грэчаскімі саюзнікамі. Смерць папулярнага румынскага лідара пазбавіла паўстанне падтрымкі мясцовага насельніцтва.

У хуткім часе Валахія і Малдова сталі пратэктаратам Расіі, а таксама знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад туркаў. Трансільванія ж была пад Аўстра-Венгрыяй. Паўстанне 1848-га туркам і рускім сумесна зноў атрымалася задушыць, але яно дало спадзяванні, што незалежная дзяржава будзе ўтвораная вельмі хутка.

У адрозненне ад суседніх балгараў, румыны рэдка шукалі падтрымкі ў Расіі, заўсёды арыентаваліся на Францыю. У Румыніі няма ніякага сантыменту да Расіі і сёння. Толькі часова яны станавіліся саюзнікамі, каб дабіцца сваіх мэтаў.

Так было падчас вайны за незалежнасць у 1877—1878 гадах. З таго часу Румынія застаецца незалежнай дзяржавай. У выніку развалу Аўстра-Венгрыі да краіны ў 1918 годзе была далучаная і Трансільванія.

Як дабрацца?

Тут можна даць волю фантазіі. Румынія — гэта суседка нашага суседа. Напрыклад, можна даехаць да Львова, тусавацца ў мясцовых кавярнях, адтуль да Чарнаўцоў. Букавіна, дарэчы, была часткай Румыніі з 1918 да 1940 года. Ад Чарнаўцоў Румынія — ужо цераз плот. У такім выпадку знаёмства з Румыніяй можна лёгка пачаць з драўляных цэркваў Марамурэша ці цэркваў гістарычнай вобласці Малдова (у склад Румыніі ўваходзіць сёння заходняя яе частка, а большая частка ўсходняй — незалежная дзяржава). Яны знаходзяцца на невялікай адлегласці.

Многія прыязджаюць у Румынію на ўласным аўтамабілі. Гэта ўвогуле ніяк не абмяжоўвае перамяшчэнні ўнутры краіны. Дарогі тут неблагія, так што праблем з такім варыянтам паўстаць не мусіць — хіба што трэба мець добры запас часу.

Ну і, канечне, лаўкосты. Іх у Румынію лятае дастаткова шмат. Напрыклад, Ryanair здзяйсняе рэйсы ў Бухарэст, Клуж, Арадзю і Тымішаару. А з дапамогай Wizz Air можна прыляцець у Бухарэст, Бакэў, Клуж, Канстанцу, Краёву, Сату-Марэ, Сібіў, Сучаву, Тымішаару, Тыргу-Мурэш, Ясы. Такі багаты выбар робіць ваша падарожжа па Румыніі больш камфортным. Можна лёгка прыляцець у Клуж ці Тымішаару, а назад паляцець з курорта Канстанцы ці Бухарэста, тым самым аб’ехаўшы ўсю краіну.

Даляцець з Літвы ці Польшчы да Румыніі можна і за 40 еўра, але пры гэта варта помніць, што прамых рэйсаў з Вільні ці Варшавы не будзе, і ляцець давядзецца з перасадкай. Мы ляцелі туды праз Данію, а назад праз Італію.

Акрамя таго, варта памятаць пра арганізаваны турызм. На пляжы Чорнага мора ў Румынію возяць не так часта, як у Балгарыю, але такая магчымасць таксама ёсць.

Адзначым, што пры ўездзе ў Румынію не абавязкова мець нацыянальную візу — вас пусцяць і па шматразовым шэнгене. Нас, праўда, даволі доўга пратрымалі ў аэрапорце Клужа, з усіх бакоў вывучаючы беларускія пашпарты. Але ўсё скончылася ўдала.

Чым перасоўвацца?

Румынскі транспарт як спорт: тут перамагаюць спрытныя і трывалыя. Калі мы пачулі, што мясцовыя найчасцей перасоўваюцца паміж гарадамі Румыніі самалётамі, то здзівіліся: краіна па плошчы не нашмат большая за Беларусь. Але паездзіўшы па зямлі, зразумелі іх цалкам.

У Румыніі з нармальнай частатой курсіруюць самалёты мясцовага лаўкостара Blue Air. А вось цягнікі і аўтобусы нават па запатрабаваных маршрутах там ездзяць пару разоў на суткі і вельмі павольна: у многіх гарыстых мясцінах чыгунка аднакалейная, сярэдняя хуткасць цягніка — 60 км/г. Але каб паехаць хаця б такім транспартам, трэба прайсці досыць складаны квэст.

На дзяржаўныя цягнікі білеты часта раскупленыя задоўга да адпраўлення, але, на шчасце, ёсць у Румыніі цягнікі прыватныя. Квіткі на іх прадаюць у інтэрнэце, а таксама праваднікі падчас рэйса. Такім чынам, можна ўявіць, колькі людзей і ў якіх позах перасоўваюцца такім транспартам. Для румынаў гэта ўжо звыклая практыка, а для нас досвед быў новы. У цягніку з Брашова ў Бухарэст мы правялі амаль тры гадзіны. Але нам пашчасціла: знайшлося сядзячае месца… хоць на падлозе пад столікам, але ў многіх і таго не было. Падобны досвед дазваляе лепей адчуць краіну і пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі.

Румыны — надзвычай прыветныя, спагадлівыя і добразычлівыя людзі. Калі турыст завісае ў няведанні, куды ісці або на які транспарт сесці, ён можа ні да каго не звяртацца: мясцовыя самі спяшаюцца дапамагчы, падказаць. Нават кантралёры ў транспарце не выключэнне.

Вялікая колькасць гараджан можа размаўляць па-англійску, а хто не можа, усё роўна дапамагае. У першы дзень вандроўкі, калі ў нас перастала працаваць праграма-выручалка Maps.me, крыху запанікавалі. Але неўзабаве пабачылі, што нам проста не дадуць тут згубіцца, і мелі рацыю.

Ва ўсіх вялікіх румынскіх гарадах ёсць таксама таксі Uber. Каштуе ён тут нядорага, ніякую адмысловую праграмку ўсталёўваць не трэба, можна карыстацца беларускай.

Дзе жыць?

За ноч у гасцініцах румынскіх гарадоў трэба будзе заплаціць на «Букінгу» каля 20 еўра на дваіх. Калі трапяцца нейкія акцыі і купоны, то можна яшчэ танней. Цэны тут зусім не кусачыя.

У горадзе Сігішаары мы здымалі пакой у катэджы мясцовага немца Клаўса. Гаспадар не толькі пасяліў нас у вялізным нумары, але нават на сняданак прыгатаваў яечню, а на вячэру пачаставаў сваімі наліўкамі. Клаўс на дзівоснай нямецка-румынска-рускай трасянцы быў ахвочы размаўляць пра ўсё на свеце.

У Бухарэсце ж мы спыніліся ў беларускага гісторыка Віталя Быля, якога знайшлі на сайце Couchsurfing. Не таму, што не дазвалялі грошы, а проста было цікава паглядзець на горад знутры, паслухаць аповеды чалавека, які там жыве, тым больш па-беларуску. Віталь у Бухарэсце пісаў работу пра беларускіх вядзьмарак.

Спецназаўцы вядуць затрыманых дэманстрантаў у Тымішаары за тыдзень да перамогі рэвалюцыі, якая праз пару дзён перакінецца на сталіцу. 
Румынскі салдат паказвае знак V, перамога, праз тыдзень пасля падзення Чаўшэску. Менавіта армія, якая перайшла на бок пратэстоўцаў, стала вырашальнай сілай рэвалюцыі. Wikimedia Commons

Якія там грошы?

Румынская валюта называецца лей. Утварылася назва ад лацінскага слова leo, гэта значыць «леў». Так жа называецца валюта і ў Малдове. За адзін беларускі рубель цяпер даюць 1,55 лея. З махлярамі ў абменніках сутыкацца не даводзілася.

Грошы тут асаблівыя: яны не папяровыя, як у нас, а пластыкавыя. Таксама дадатковы турыстычны атракцыён.

У адрозненне ад Македоніі ці Албаніі, праблем з карыстаннем карткай тут няма ніякіх — амаль паўсюль можна разлічыцца.

Што есці?

Канечне, пры першай згадцы кухні Румыніі кожны ўспамінае мамалыгу. Гэта такая крута звараная кукурузная каша. Яна мае трывалую форму, як пірог, а рэжацца адмысловай ніткай. Мамалыга — ідэальны гарнір да любога мяса, скварачак, гародніны. Яе можна есці і са смятанай, яйкамі, грыбамі. Карацей, мамалыга — гэта як бульба ў беларусаў. Румыны ведаюць сотні рэцэптаў, як яе згатаваць. Калі вам з першага разу мамалыга не зайшла, то гэта не значыць, што трэба спыніць свае пошукі. У наступны раз ад міскі з мамалыгай вас, магчыма, будзе за вушы не адарваць.

Калі будзеце ў Бухарэсце, то абавязкова трэба схадзіць у кавярню Caru’ cu bere («Куфаль з півам»). Адно з самых атмасферных кафэ горада. Адкрылася яно яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя, а інтэр’ер з вітражамі, балкончыкамі, вінтавымі лесвіцамі, жырандолямі, свечкамі вас пераносіць нібыта ў часы Аўстра-Венгрыі. Пры гэтым Caru’ cu bere — гэта нацыянальная румынская кухня.

Тут абсалютна шыкоўныя і недарагія абедзенныя меню з чатырох страў. А запіць усё можна маладым румынскім віном.

У астатнім румынская кухня знаходзіцца пад моцным уплывам турэцкай і балканскай. Гэта і традыцыйны для рэгіёна суп чорба, шматлікія мясныя стравы, каўбаскі, фаршыраваныя перцы, баклажаны. У Румыніі шмат сваіх авечых сыроў, якія таксама абавязкова варта каштаваць. Галодным у гэтай краіне застацца цяжка.

А яшчэ румыны проста абажаюць свежую выпечку. Ва ўсіх гарадах краіны, дзе нам даводзілася быць, выстройваліся цэлыя чэргі ў крамкі-пякарні. Булачкамі тут перакусваюць студэнты, офісныя работнікі, пенсіянеры — усе.

Ці баяцца цыганоў?

Яшчэ адзін стэрэатып пра Румынію, які не адпавядае рэчаіснасці.

Так, калі параўнаць з Беларуссю, то цыганоў у Румыніі ўсё ж болей. Але, скажам, на вуліцах Будапешта ці Браціславы пабачыць цыганоў-жабракоў нашмат прасцей, чым тут. Толькі аднойчы мы трапілі пад шчыльную атаку цыганкі і яе дзяцей у Сігішаары, але і там атрымалася хутка адбіцца.

Уплыў цыганоў на Румынію — вялікае перабольшанне.

Што паглядзець?

Усю Румынію аб’ехаць не ўдалося. Спынімся толькі на тых месцах, што бачылі самі. Румынія — разнастайная. Быццам у адну дзяржаву ўціснулі некалькі самастойных краін.

Разнастайнасць тут — і этнічная, і архітэктурная, і кліматычная. Кожны рэгіён Румыніі — Валахія, Малдова і Трансільванія — выглядае не падобна да іншага за кошт унікальных рэльефаў і архітэктурных рашэнняў. У розныя часы тут уносілі свае ўплывы як румыны, так і венгры, саксоны, габрэі ды цыганы.

Па сёння Румынія вылучаецца сваёй этнакультурнай разнастайнасцю: амаль 20% насельніцтва Трансільваніі складаюць венгры, а сучасны прэзідэнт Клаўс Ёганіс (яго пераабралі на другі тэрмін) — выхадзец з трансільванскіх немцаў.

Прырода Румыніі — гэта таксама кантрасты. Тут цалкам натуральна сесці на цягнік у горадзе, дзе +20°, майкі, шорты ды сонечныя акуляры, а праз гадзіну апынуцца ў гарах, дзе дзеці лепяць снегавікоў, а пасажыры заходзяць у цягнік у футрах і мехавых шапках.

Бухарэст

Сваімі кантрастамі асабліва ўражвае сталіца Румыніі Бухарэст: тут некалькі вуліц запар можна сузіраць усходнія караван-сараі, велічныя збудаванні ў французскім стылі базар, а пасля выйсці на цэнтральны праспект — і ўжо ўспомніць: дакладна, тут жа панаваў сацыялізм. І пакінуў нашчадкам сацыялістычную спадчыну на чале з вядомым велізарным палацам Нікалае Чаўшэску, дагэтуль так і не дабудаваным.

У Бухарэсце мала паштовачных відаў і славутасцяў, ад якіх займае дух. Усё ж гэта не ўсходнееўрапейскі Парыж і не Рым. Тут свая атмасфера. Скарбы Бухарэста — у невялікіх праваслаўных цэрквах, што хаваюцца за шэрымі шматпавярховікамі, ва ўтульных парках і старэнькіх кінатэатрах. У гэтым горадзе вы знойдзеце ўсяго ўсялякага: і палац Дракулы-Цэпеша, і палац Дракулы-Чаўшэску.

Бухарэст круты і разнастайны — жывы горад, які гудзіць і рухаецца ўсю ноч.

Каб збудаваць гэты палац, Чаўшэску знёс цэлы квартал. Цяпер гэта Дом парламента, але турысты ахвотна наведваюць яго, каб пагрузіцца ў атмасферу «камуністычнай пампезнасці». Shutterstock.com, by Avianos Gabriel

Клуж-Напока

Гэта студэнцкі цэнтр Румыніі. На вуліцах — вялікая колькасць маладых прыгожых людзей, праз гэта і вялікая колькасць кафэ і фаст-фуду, начных клубаў. Тут паўсюль адчуваецца ўплыў Венгрыі. Калісьці гэты горад называўся па-венгерску Калажвар. На цэнтральнай плошчы стаіць помнік каралю Мацьяшу І Корвіну, побач з ім ляжаць кветкі з венгерскімі сцягамі. У Клужы захаваўся дом, дзе ў XV стагоддзі нарадзіўся кароль. Над ім сёння лунаюць сцягі Румыніі і Еўрасаюза.

Таксама на цэнтральнай плошчы вялізны гатычны касцёл Святога Міхаіла — яшчэ адзін напамін пра Венгрыю. Але гэта проста турыстычны атракцыён — сапраўднае жыццё ля праваслаўнага кафедральнага сабора. І гэта доказ, што тут трывала і надзейна Румынія. Насупраць сабора стаіць помнік Аўраму Янку, трансільванскаму Каліноўскаму.

Калі не маеце магчымасці з’ездзіць у румынскія вёскі, то наведайце адмысловы парк у Клужы — з традыцыйнымі румынскімі цэрквамі, хаткамі, хлявамі. Нешта накшталт нашых Строчыц ці шведскага Скансэна.

Яшчэ ў Клужы прыгожы, сучасны стадыён. А мясцовая каманда рэгулярна гуляе ў групавых стадыях еўракубкаў, перамагаючы моцныя еўрапейскія клубы.

Саліна Турда

За пятнаццаць кіламетраў ад Клужа ёсць гарадок Турда, але едуць турысты туды дзеля саляной шахты — адной з самых незвычайных славутасцяў Румыніі. Соль тут здабывалі яшчэ да прыходу рымлян. Гэта была адна з галоўных шахтаў Аўстра-Венгерскай імперыі. У 1932 годзе здабычу солі тут закрылі. А ў пачатку 1990-х шахту Турды зноў адкрылі для турыстаў.

З дапамогай Еўрасаюза ў Турдзе змаглі абсталяваць паўнавартасную забаўку: з міні-гольфам, коламі агляду і більярдам. Нічога асаблівага, каб не разуменне, што адбываецца гэта глыбока пад зямлёй.

За 15 лей можна нават пакатацца на лодачцы па саляным возеры. Адназначна варта наведвання.

Сігішаара

Сігішаара — гэта нейкі амаль ідэальны сярэднявечны нямецкі гарадок. У тыя часы там якраз і жылі саксонцы, таму здзіўляцца няма з чаго. Пра прэзідэнта-немца мы ўжо гаварылі, а яшчэ ў Румыніі нарадзілася нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Герта Мюлер. У Сігішаары шмат брукаваных вуліц, старых дамоў, паху торфу і адчування адарванасці ад часу.

У Сігішаары прыйшоў на свет той самы Улад Цэпеш, якога ўвесь свет сёння ведае як графа Дракулу. І нават дом захаваўся, дзе жыў Дракула… цяпер там рэстаран са спецыфічным меню і труной для вампіра.

А вось замак Бран, які часта падносяць як «дом Дракулы», ніякага дачынення да гаспадара Валахіі не меў. Проста гэты замак быў абраны як самы змрочны сярод румынскіх, таму яго і сталі раскручваць.

Брашоў

Калі вы хочаце пабачыць «кананічную» Трансільванію, то Брашоў —якраз ідэальнае для гэтага месца. Вялізны касцёл Святой Марыі на цэнтральнай плошчы пабудавалі немцы ў XIV стагоддзі. Праз пару стагоддзяў адбыўся вялікі пажар, і сцены храма пацямнелі. Ад гэтага яго сталі называць «чорнай царквой». Выгляд сапраўды змрочны, асабліва на фоне трансільванскіх гор, што акружаюць горад.

У Брашове вы знойдзеце адну з самых вузкіх вулак у Еўропе — Strada Sforii (вуліца Вяровачная). Тут ёсць старажытныя брамы, бастыёны, цікавая канатная дарога. А за 12 кіламетраў ад горада Паяна Брашоў — папулярны гарналыжны курорт.

Румынія ўсё яшчэ застаецца недаацэненай краінай, якая толькі імкнецца ламаць стэрэатыпы пра сябе ў свеце. Калі вы дасцё шанец гэтай краіне, то — амаль дакладна — будзеце задаволеныя пабачаным і адчутым у падарожжы.

Комментарии1

  • Павел
    29.05.2023
    Збіраюся ў/праз Румыныю. Дзякуй за артыкул.

Стало известно о задержании 77-летнего Василия Густыря, одного из лучших аграриев Беларуси4

Стало известно о задержании 77-летнего Василия Густыря, одного из лучших аграриев Беларуси

Все новости →
Все новости

В Гомеле открыли белорусскоязычный фаст-фуд15

Белоруса будут судить за нож для грибов2

Охраннику в Хойниках помог отбиться от волка ролик в TikTok. Милиционеры застрелили хищника с восьмого раза4

По договоренности с сирийскими повстанцами бойцы курдских Сирийских демократических сил покинули район Алеппо

Расследование крушения самолета DHL в Вильнюсе: доказательств теракта нет

Корреспондент BBC Стив Розенберг написал песню для московской продавщицы газет

Коммунисты собирают подписи сразу с двумя бюстами Ленина ФОТОФАКТ4

Гродненцы просили установить мемориальную доску в честь Василя Быкова. Вот что ответили чиновники3

Лукашенко — новому министру культуры: Или умереть, или навести порядок, другого пути у тебя нет1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стало известно о задержании 77-летнего Василия Густыря, одного из лучших аграриев Беларуси4

Стало известно о задержании 77-летнего Василия Густыря, одного из лучших аграриев Беларуси

Главное
Все новости →