У Полацку археолагі вядуць раскопкі на тэрыторыі стадыёна «Спартак». І ўжо маюць каштоўныя знаходкі
Студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Аляксея Коца праводзяць археалагічныя раскопкі на тэрыторыі стадыёна «Спартак», дзе калісьці размяшчалася старажытнае паселішча, а ў XVI стагоддзі быў пабудаваны Ніжні замак, паведамляе мясцовы сайт Gorod214.
Пры рэканструкцыі стадыёна «Спартак» запланаваныя будаўнічыя работы па замене пакрыцця, а перад гэтым неабходна правесці вывучэнне старажытнага помніка. Удзельнічаюць у даследаваннях студэнты-валанцёры спецыяльнасці «Геадэзія» пад кіраўніцтвам Аляксея Коца.
Пляцоўка стадыёна, як расказаў Аляксей Коц, раней не вывучалася. Раскопкі праводзіліся толькі на сумежных тэрыторыях, таму археолагі сутыкнуліся з задачай вызначэння захаванасці культурнага пласта і вызначэння храналагічных этапаў яго фармавання.
На гэтым этапе праводзіцца закладка шурфаў па ўсёй пляцоўцы стадыёна. Ужо раскрыта 7 пляцовак і папярэднія вынікі, па словах археолага, не могуць не радаваць. У прыватнасці, вызначана наяўнасць культурных слаёў як перыяду Полацкага княства, так і XVI-XVIII стагоддзяў.
Здзіўляе наяўнасць «мокрага» культурнага пласта, у якім дастаткова добра захоўваецца драўніна. Прысутнасць магутнага пласта гною XI стагоддзя дазволіла выявіць лясныя арэхі, насенне проса, маку і канопляў.
Таксама знойдзеныя каралі X-XII стагоддзяў, шыферныя прасліцы, гірка-разнавес, абутковыя падкоўкі, касцяная праколка, грузіла ткацкага станка, загатоўка для шахматнай фігуры, нацельны крыж XVIII стагоддзя, кулі 1812 года і іншыя артэфакты.
Шматлікія фрагменты ювелірных тыгляў могуць сведчыць пра прысутнасць на гэтай тэрыторыі ювелірнай вытворчасці. Пацвярджэннем служыць і знойдзены ў адным з шурфаў фрагмент залатога вырабу.
Усяго на плошчы 15 квадратных метраў ужо паднята з зямлі больш за 60 індывідуальных знаходак. Канцэнтрацыя артэфактаў сведчыць пра добрую захаванасць культурнага пласта і падкрэслівае неабходнасць правядзення шырэйшых археалагічных даследаванняў у гэтым важным гістарычным месцы.
Каментары
Опачкі ўсім стаяць