Кіно11

Былыя акцёры Купалаўскага тэатра прэзентавалі свой першы фільм — эмбіентную камедыю

Кароткаметражны фільм «Дух месца» прэзентавалі ў Варшаве. Ён зняты паводле апавядання Змітра Дзядзенкі «Тры магілы Арыка Фергаса», паведамляе «Радыё Свабода».

Сцэнарыст і рэжысёр «Духу месца» — Павал Яскевіч, у фільме здымаліся Алег Гарбуз, Яўгенія Кульбачная, Сяргей Чуб, Андрэй Дробыш. Аператарам быў Алег Кулажанка, музыка і гук Уладзімера Нейлінава, дубляж Аляксандра Зелянеўскага, мастачка па грыму Юлія Кузіна. Дапамагалі на пляцоўцы таксама Валянціна Гарцуева і Наталля Макарэц.

Гэта першая спроба зрабіць кіно сваімі сіламі, прызнаюцца самі «Купалаўцы». Кіно знятае цалкам на энтузіязме, у здымачнай групы не было фінансавання, людзі дапамагалі «за ідэю» — мастачка па грыме прыехала адмыслова з Чэхіі, падзяліўся Павал Яскевіч.

Апавяданне Змітра Дзядзенкі знайшлі ў часопісе «Мінкульт», што выдаецца ў Вільні, кажа Алег Гарбуз. Спачатку думалі зрабіць звычайнае кіно, шукалі нейкія лакацыі для здымак.

«А потым прыйшла ідэя зрабіць гэта… па-дурному. Такі эксперымент. Калі нам дапамаглі з аператарам, знайшлі пляцоўку, мы вырашылі: а чаму б нам не паспрабаваць зрабіць фільм з дапамогай скотчу і таленту?» — жартуе рэжысёр Павал Яскевіч.

«Аўдыёкніга з ілюстрацыямі на тэатральнай сцэне»

Гэта камерная стужка, цалкам знятая ў памяшканні варшаўскага бара Scena Chmielna. Хоць кароткаметражка мае працягласць 18 хвілін, але працы было шмат, прызнаўся Павал Яскевіч.

«Эмбіентная камедыя» — так вызначылі жанр стужкі яе стваральнікі.

«Эмбіент — гэта асяроддзе, наваколле. Гэта такі стыль электроннай музыкі, эмбіент — ён характарызуецца атмасферным, ахінальным, ненадакучлівым гучаннем. І мне здаецца, у нас атрымалася такое ненадакучлівае кіно. Калі камедыя, то гэта як працуе? Усе павінны весяліцца тут і цяпер. А эмбіентная камедыя — гэта калі вы праз тыдзень будзеце сумнымі, прыгадаеце наш фільм — і на твары з'явіцца добрая ўсмешка.

Нам хацелася зрабіць такую калабарацыю тэатру і кіно: аўдыёкніга з ілюстрацыямі на тэатральнай сцэне», — патлумачыў свае задумы рэжысёр і сцэнарыст Павал Яскевіч.

А Алег Гарбуз на прэзентацыі стужкі пажартаваў: «Эмбануты рэжысёр і ахінальнае кіно. Я вам не раю губляць свой час і свае нервы. Успомні кіно, вось і яно…» — і сарваў апладысменты гледачоў.

Містычная гісторыя пра тры магілы аднаго героя

Пра што кіно? Галоўны персанаж Сяргей, ролю якога выконвае Алег Гарбуз, прыязджае ў камандзіроўку ў беларускі гарадок, і там праз помнікі, магілы і асабіста сутыкаецца з чалавекам, які праявіў сябе па-геройску ў розныя часы.

Гісторыя першая распачалася ў музеі, куды ў выходны прыйшоў Сяргей.

«Легендарны Арык Фергас «узначальваў падполле і кіраваў ім да канца 1942 года. Падпольшчыкі дзейнічалі і на чыгунцы, і на заводах, і нават у гарадской управе. Але агент гестапа здолеў трапіць у іх шэрагі і выдаў патрыётаў», — са слязамі на вачах расказвае экскурсавод Галіна, якую сыграла Яўгенія Кульбачная.

Яна паказала Сяргею і помнік на плошчы Арыку Фергасу, які «загінуў у 1942 годзе ад рук фашысцкіх захопнікаў».

Гісторыю другога Арыка Фергаса, які «загінуў ад рук белапалякаў у 1920-м» распавёў Сяргею мясцовы «змагар Цімур, фатограф недзяржаўнай газеткі» — так прадставіла яго экскурсаводка з музея (ролю Цімура выконвае актор Сяргей Чуб). Ён паказаў іншую магілу чырвонага падпольшчыка Арыка Фергаса, што «загінуў ад рук белапалякаў у 1920 годзе».

«Але не маглі камуністы не збрахаць, — кажа Цімур і распавядае, як гвардзейца Фергаса забілі свае ж чырвонаармейцы. — Пісаць, як камуніст загінуў у баі з чырвонаармейцамі, было палітычна няправільна, таму на магіле і напісалі: «загінуў ад рук белапалякаў», — патлумачыў ён праўду Сяргею.

Трэці Арык Фергас, магілу якога Сяргей знайшоў выпадкова на тых жа самых могілках, «загінуў ад рук царскіх жандараў у 1905 годзе».

Мясцовы змагар і фатограф недзяржаўнай газеткі Цімур кажа, што можна было б «забубеніць» прыгожую гарадскую легенду пра «Дух Месца»:

«Дух Месца зʼяўляецца ў цяжкую часіну выпрабаванняў, дапамагае гараджанам, а потым зноў знікае…», — па-філасофску разважае Цімур.

«Мой твор, мае персанажы здольныя натхніць іншых творцаў на імправізацыю»

Аўтар апавядання «Тры смерці Арыка Фергаса» Зміцер Дзядзенка напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Я не меў ніякага дачынення да стварэння стужкі: не пісаў сцэнара, не ўдзельнічаў у кастынгу, не абмяркоўваў з рэжысёрам аніводнага моманту фільма. Што атрымалася — пабачыў разам з іншымі гледачамі. Я вам прызнаюся: я задаволены, як звярушка слонь.

Па настроі гэта атрымаўся іншы твор, чым пісаў я. Па некаторых персанажах — іншы. І я — за-да-во-ле-ны!

Гэта значыць, мой твор, мае персанажы здольныя натхніць іншых творцаў на імправізацыю па матывах майго твора. Ці ж гэта кепска?!» — так ацаніў першы фільм «Купалаўцаў» аўтар апавядання Зміцер Дзядзенка.

Каментары1

  • Anatol Starkou
    13.02.2024
    Из всех бчб искусств для нас важнейшим является художественная самодеятельность в кино.

Ці абваліцца рубель? Што чакае эканоміку ў наступным годзе1

Ці абваліцца рубель? Што чакае эканоміку ў наступным годзе

Усе навіны →
Усе навіны

На Гомельшчыне замест Хэлаўіна будуць святкаваць Вялесаву ноч1

Беларус наткнуўся ў лесе на дзіўныя «спяваючыя» дрэвы1

Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука

Шматдзетны бацька з Лоева схаваўся ад судовага выканаўцы ў скрыні для газавых балонаў3

Зялёны гном, які ўрываўся ў крамы і надакучаў палякам, аказаўся зусім не з Беларусі. Вось хто ён15

Расія патрабуе ад кампаніі Google два ўндэцыльёны рублёў. Чакайце, колькі?!5

Праграму сямейнага капіталу падоўжылі на пяць гадоў

У Іспаніі моцныя дажджы прывялі да паводкі. Загінулі больш за 50 чалавек

У Луганскай вобласці расійскі вайсковец вырашыў паказаць дзіцяці, як працуе гранатамёт — загінулі абодва1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці абваліцца рубель? Што чакае эканоміку ў наступным годзе1

Ці абваліцца рубель? Што чакае эканоміку ў наступным годзе

Галоўнае
Усе навіны →