«Справа «Газпрама»: працягваюцца затрыманні, звальняюць дзяцей чыноўнікаў, улады патрабуюць аднавіць будаўніцтва «Газпрам Цэнтра»
У маі пачаліся затрыманні у колах топ-менеджменту «Газпрам трансгаз Беларусь» на фоне адмовы рускіх працягваць няўдалае будаўніцтва «Газпрам Цэнтра». Гаворка ішла як мінімум пра аднаго з намеснікаў генеральнага дырэктара. Як вядома «Нашай Ніве», расследаванне справы працягваецца і арыштоўваюць новых людзей, у тым ліку тых, хто звольніўся нейкі час таму.
19.07.2022 / 14:49
Фота: панарама Яндэкс
Будоўля «Газпрам Цэнтра» пачалася ў 2013 годзе на месцы спецыяльна знесенага для гэтага аўтавакзала «Маскоўскі» на праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Чакалася, што ўжо ў 2020-м «Газпрам Цэнтр» стане самым высокім з функцыянуючых будынкаў сталіцы, але рэальныя вынікі 9 год работ абмежаваны фундаментам і каркасам ніжніх паверхаў.
«Наша Ніва» у дэталях паведамляла пра няўдачы на ўсіх этапах амбіцыйнага будаўніцтва.
Чытайце таксама: Італьянскі забудоўшчык разбірае краны і сыходзіць, амбіцыйная будоўля «Газпрам-цэнтра» прыпыненая
Чытайце таксама: Трагікамедыя на будоўлі «Газпрам-Цэнтра»: абсталяванне на $20 мільёнаў сапсавалася
Чытайце таксама: Крыніцы: «Газпрам трансгаз Беларусь» канчаткова прайграў сербам суд на $30 мільёнаў
У сакавіку рускія канчаткова плюнулі на свой праект.
«З цэнтральга офіса «Газпрама» ў сакавіку прыйшоў ліст аб адмове ад будаўніцтва. Маёраў [гендырэктар «Газпрам трансгаз Беларусь»] паведаміў пра гэта віцэ-прэм'еру, а як сказаць Лукашэнку, яны не ведалі», — казалі нам абазнаныя крыніцы.
Супадзенне ці не, але неўзабаве пасля гэтага пачаліся затрыманні топ-менеджменту беларускай дачкі «Газпрама», якая і займалася ўзвядзеннем.
Затрыманы быў намеснік гендырэктара Андрэй Шабан, а таксама яшчэ двое менеджараў. Папярэдне мяркуецца, што згаданыя асобы стварылі кампанію, праз якую перапрадавалі абсталяванне для патрэбаў «Газпрама» па завышаных цэнах.
Цяпер жа становіцца вядома, што затрыманні адбыліся і сярод тых менеджараў, якія звольніліся некалькі месяцаў таму.
Затрыманыя раней дагэтуль сядзяць у СІЗА.
Чытайце таксама: Крыніцы: Арыштаваныя топ-менеджары беларускай дачкі «Газпрама»
«Пры гэтым, на фоне ўсіх затрыманняў, Мінгарвыканкам кажа, што восенню яны чакаюць аднаўлення будаўніцтва!» — кажуць нам супрацоўнікі кампаніі.
«Разам з гэтым Масква даслала новага начальніка карпаратыўнай бяспекі, які ўзяўся вычышчаць кадры і карупцыянераў на свой густ. Адначасова з гэтым паступілі спісы з КДБ з камандай вычысціць усіх, хто засвяціўся на мітынгах. Па іроніі лёсу, у спісах аказаўся сын аднаго з былых намеснікаў міністра, яму не працягваюць кантракт, — патлумачылі нам абазнаныя крыніцы. — Не ведаю, ці рэальна чакаць аднаўлення будаўніцтва да восені. Імаверна — не, і справа не толькі ў чыстках».