Крыніцы: «Газпрам трансгаз Беларусь» канчаткова прайграў сербам суд на $30 мільёнаў
Выглядае, што нарэшце скончана адна са шматлікіх драм, на якія аказаўся багаты працэс узвядзення «Газпрам-Цэнтра» на месцы аўтавакзала «Маскоўскі» ў Мінску. Сэнс гісторыі быў у тым, што амбіцыйная будоўля павінна была складацца з некалькіх немалых будынкаў, якія планавалася забяспечваць энергіяй з уласнага энергацэнтра. Яго павінна была ўзвесці кампанія «Энергапраект Апрэма». Сума кантракта складала 50 мільёнаў даляраў.
Прыкладна на палову сумы сербы работы правялі, але потым будоўлю пачалі пераследаваць няўдачы: яна некалькі разоў спынялася, мяняліся праекты, потым «Газпрам трансгаз Беларусь» увогуле аднабакова разарваў кантракт і адмяніў авансавыя плацяжы.
Сербы запатрабавалі кампенсацыю і пайшлі ў Стакгольмскі суд — аўтарытэт у пытанні вырашэнняў спрэчак паміж буйнымі кампаніямі розных краін. Яго звычайна прапісваюць у буйных кантрактах.
Справу разглядалі з 2018 па 2019 год, у выніку суд стаў на бок сербаў. «Газпрам трансгаз Беларусь» не пагадзіўся з высновамі і падаў апеляцыю.
«Прыйшло рашэнне, якое замацавала канчатковую перамогу сербаў. Трэба шукаць грошы, хоць нашы яшчэ спрабуюць надзімаць шчокі і думаюць, што бой працягваецца», — сказала «Нашай Ніве» абазнаная крыніца.
«Да сумы позвы, выглядае, трэба будзе выплаціць і падатак на дадатковую вартасць за выкарыстанае падчас будаўніцтва абсталяванне, бо «Газпрам трансгаз Беларусь» быў вызвалены ад выплаты ПДВ на абсталяванне для будаўніцтва.
І ў ідэале кампанія павінна была афармляць яго на сябе і перадаць для мантажу сербам, але тыя самі завезлі на сваю «дачку», атрымаўшы толькі адтэрміноўку па сплаце ПДВ. А абсталявання там было троху больш чым на $20 мільёнаў», — дадае суразмоўца.
Разам з гэтым нявызначаны лёс самога комплексу на месцы аўтавакзала «Маскоўскі» — будаўніцтва там спынена. Беларускія ўлады пагражаюць выставіць «Газпрам трансгаз Беларусь» вялікую няўстойку за зрыў інвестыцыйнай дамовы, але пакуль што гэтага не зрабілі. На месцы будоўлі нічога не адбываецца.
Каментары