На «Беларусь 5» пераблыталі Мірскі і Нясвіжскі замкі
21 лютага ў Мірскім замку праводзілі лёсаванне беларускай вышэйшай лігі ў футболе. Але журналісты «Беларусь 5», якія расказвалі пра гэта, праілюстравалі свой сюжэт здымкамі іншай славутасці.
22.02.2023 / 19:11
Скрыншот «Беларусь 5»
Памылка мела месца ў адным з сюжэтаў перадачы «СпортКадр». На ўступных кадрах сапраўды бачны Мірскі замак. А пасля на некалькі секунд даюцца ўрэзкі з фасадам Нясвіжскага замка, які не мае ніякага дачынення да з’езду футбольных функцыянераў. Выгляд памяшкання ўнутры таксама моцна нагадвае Нясвіж.
Скрыншот «Беларусь 5»
Промах з боку дзяржаўных журналістаў заўважыў тэлеграм-канал «Серебряный век. Футбол Беларуси».
Рэпартаж пра лёсаванне пачынаецца на адзнацы 13:17
У рэпартажы, пра які ідзе гаворка, расказвалі пра лёсаванне вышэйшай лігі беларускага футбольнага чэмпіянату. Для яго ў гэтым годзе знялі ўвесь Мірскі замак, зладзілі залп гарматы і сярэднявечны перформанс з шатландскімі мячамі. Застаецца спадзявацца, што хоць гэта дапаможа беларускаму футболу (але наўрад ці).
Тым часам наперадзе яшчэ і лёсаванне жаночага футбольнага чэмпіянату. Ходзяць чуткі, што яго [лёсаванне] Беларуская федэрацыя футбола можа зладзіць у Вялікім тэатры.