Нашто мыць ногі, калі можна пахадзіць па расе: погляды на гігіену ў колішніх палешукоў

Падрабязнасці паўсядзённага жыцця найбольш глухога рэгіёна Беларусі апісаныя дзякуючы Чэславу Пяткевічу, які ў 1931 годзе выдаў брашуру «Гігіена ў жыцці палешукоў».

17.03.2023 / 23:35

Фота Луізы Бойд

Адзін з найлепшых міжваенных знаўцаў побыту на Палессі пісаў, што паляшук мыўся штодня халоднай вадой без мыла толькі таму, што лічыў: «грэх есці і нават дакранацца да хлеба не памыўшыся». 

Якія часткі цела мылі

Прачнуўшыся, ён [палескі селянін] перш за ўсё тройчы хрысціцца. Потым, набіраючы з «вядра» вады глінянай пасудзінай, бляшанай квартай, а найчасцей за ўсё чарпаком (…), набірае яе ў рот столькі, колькі ўлезе, і, схіліўшыся над посудам, заўсёды стоячы ля лаўкі ля парога, налівае ў рукі, мые іх і твар, паўтараючы гэтае дзеянне некалькі разоў. Іншым разам ён выпускае ваду паступова, размазваючы яе па твары, гучна фыркаючы.

У святочныя дні, калі ўсе свае знаходзіліся ў хаце, падлеткі лілі ваду на рукі старэйшых і адзін аднаго. Але ўся працэдура насамрэч зводзілася да таго, каб «змачыць твар і рукі, а шыю не чапалі, і на ёй часам утвараўся тоўсты пласт бруду, які моцна адрозніваўся нават ад такога нядбайна вымытага твару».

Жанчыны больш сачылі за сабою. Раз на тыдзень ці два яны мылі галаву. Трэба яшчэ заўважыць, што з жанчын бруд змываўся падчас мыцця бялізны. А вось мужчыны мылі галаву, толькі калі неабходна было вывесці розных шкоднікаў. З мокрай галавы іх было лягчэй вычасаць.

Жанчыны Палесся. 1934 год. Фота Луізы Арнер Бойд. Крыніца: polesie.org

Часткай цела, на якую палешукі пры мыцці не звярталі ўвагі, былі ногі. Яны мыліся самі сабой, калі сяляне хадзілі ранкам басанож па расе і па траве пасля дажджу, падчас рыбалкі ці сенакосу.

Летам з гігіенай было прасцей, бо ў сквар палешукі любілі астудзіцца ў вадзе найбліжэйшай ракі ці возера. Дзеці дык увогуле з вады не вылазілі цэлы дзень.

Чым выціраліся

Вымытыя твар, галаву, рукі выціралі ручніком. Але не надта перажывалі, калі яго не было. Асабліва ў цёплае надвор'е давяралі высушыць сябе ветру ці сонцу. Але не грэбавалі і ніжняй часткай уласнай кашулі.

Аўтар перадае і забабоны насельніцтва. Так, дзяўчаты пасля мыцця галавы стараліся выцерціся той часткай кашулі, што была на спіне. Для гэтага яны даставалі рукі з рукавоў і пераварочвалі кашулю ззаду наперад. Яны лічылі, што такім чынам любыя вугры, якія могуць з'явіцца на твары, пяройдуць на спіну. 

Калі ж пад рукою не было ручніка, палешукі не надта задумваліся, чым выцірацца. Гэта маглі быць ці брудны мех, ці прасціна, ці анучы, што намотваліся на ногі, або нават пучок саломы.

Малыя дзеці

Калі дарослыя і падлеткі не надта сачылі за сабою, то вось малым дзецям у справе гігіены ўдзялялі больш увагі, не шкадуючы ні клопату, ні вады. Палешукі прымаўлялі, што дарослы можа памыцца нават памыямі і выцерціся венікам. З ім ад гэтага нічога не станецца. А вось не сачыць за дзіцем — вялікі грэх.

Дзеці-палешукі. 1934 год. Фота Луізы Арнер Бойд. Крыніца: https://polesie.org/

Дзяцей мылі раз на тыдзень па суботах пасля захаду сонца цёплай вадой у спецыяльных начоўках. Калі дзіця хварэла, мылі яшчэ часцей, бо купанне лічылася лекамі. У ваду замест мыла дабаўлялі трохі попелу. Пасля купання дзіця выціралі максімальна мяккім ручніком.

Такі дагляд спыняўся, калі дзіцяці спаўнялася 3—4 гады. З гэтага ўзросту яго мылі добра калі раз на месяц. Абавязковым было мыццё перад вялікімі святамі.

Кожнадзённай працэдурай было мыццё дзіцяці твару ці проста праціранне мокрай, але не вельмі чыстай анучай.

Лазня

У некаторых вёсках, асабліва на чарнігава-магілёўскім памежжы, сустракаліся лазні з калодзежам, а часам і з сажалкай пры іх.

«Гэта будынак памерам прыкладна 5 х 6 м, які вонкава мала чым адрозніваецца ад звычайнай жылой хаты, мае хваёвую дашчаную падлогу, якой у хатах няма, а ўздоўж адной сцяны, па ўсёй даўжыні, дзве-тры паліцы, шырокія для сярэдняга росту чалавека. У куце пры дзвярах — печ без коміна, збудаваная з палявых камянёў без ужывання гліны».

У гэтай самаробнай печы раскладвалі агонь і клалі на яго сухія дровы, пакуль каменьчыкі не прагаралі да цёмна-чырвонага колеру. Потым камяні аблівалі халоднай вадой.

Мужчыны Палесся. 1934 год. Фота Луізы Арнер Бойд. Крыніца: polesie.org

Аўтар маляўніча апісвае працэс: «Больш вынослівыя ляжаць на верхніх паліцах, менш стойкія — знізу, а тыя, хто не вытрымлівае занадта высокай тэмпературы, — на падлозе. Пара, якая кандэнсуецца на верхняй паліцы, пасля абмывання там загартаваных, у вялікай колькасці сцякае на другую групу, адтуль з падвоенай колькасцю вады і бруду — на трэцюю. А на чацвёртую, што ляжыць на падлозе, лье моцны брудны дождж».

Пасля мужчын у лазню ішлі жанчыны і, калі тэмпература паніжалася, мыліся цёплай вадой, не залазячы на ​​паліцы.

У іншых раёнах Рэчыцкага Палесся таксама сюд-туд сустракаліся «рускія лазні» — звычай, завезены стараверамі. Але, як адзначае аўтар, лазні не распаўсюдзіліся па Палессі і сустракаліся рэдка. А вось у Смаленску і прылеглых раёнах Магілёўскай вобласці, у арэале пражывання племені крывічоў, у кожнай вёсцы была больш-менш ніштавата абсталяваная лазня, за якой наглядаў наёмны вартаўнік або кожны селянін па чарзе. 

Чэслаў Пяткевіч таксама падкрэсліваў, што лазні выкарыстоўваліся больш у сацыяльных мэтах і для загартоўвання, чым для паляпшэння асабістай гігіены. Аднак гэта не змяняла таго факта, што ў тых нешматлікіх вёсках, дзе былі лазні, жыхары былі значна чысцейшыя за астатніх палешукоў.

Чытайце яшчэ:

Палескія вёскі ў аб’ектыве нямецкага вайскоўца

Пінскія балоты і палешукі без салодкіх стэрэатыпаў

Nashaniva.com