«Вышыты ручнік вылечваў людзей». Мінчанка стварае ўпрыгажэнні па матывах беларускіх арнаментаў
Гэта майстрыха з Мінска робіць з пацерак (бісеру) неверагодныя ўпрыгажэнні. Натхняюць яе на працу беларускія народныя матывы і сюжэты па іх, піша CityDog.io.
Захапленне беларускім рукадзеллем у Даркі пачалося з дзяцінства. Дзяўчынка часта назірала за сваёй бабуляй, якая працавала над ручнікамі. Менавіта яна і навучыла Дарку вышываць. Спачатку былі простыя кветкі, пасля ўсё больш і больш складаныя ўзоры — так у нейкі момант гераіня артыкула пачала рабіць з пацерак упрыгажэнні.
«У мяне ёсць дзве любімыя кнігі: «Беларускі арнамент і ткацтва» і «Повязь часоў. Беларускі ручнік». Па іх я працую, імі натхняюся. Магу гартаць і чытаць іх гадзінамі, каб кожны раз браць адтуль новыя веды.
Мне здаецца, што пацеркі самі абралі мяне. Аднойчы хацела сесці павышываць, каб успомніць, як гэта робіцца, бо ўсё ніяк не даходзілі рукі. І тут гартаю стужку ў Instagram, на вочы трапляецца відэа, дзе дзяўчына робіць бранзалет з пацерак на звычайнай кардонцы.
Пасля гэтага — усё: ноч не спала, а зранку паляцела ў краму, каб купіць самыя танныя пацеркі і паспрабаваць зрабіць штосьці самой. Я была неверагодна радая, калі атрымаўся бранзалет — крывенькі, але мой. Пасля гэтага ўспомніла, што ў мяне ёсць спампаваная кніга пра арнамент. З гэтага і пачалася гісторыя майго хобі».
За кожным арнаментам стаіць свая гісторыя: «вышыты ручнік ці посцілка вылечвалі людзей»
«За кожным сімвалам у арнаменце стаіць нейкая гісторыя. Любая посцілка ці ручнік — гэта не проста ўзоры, а нейкая гісторыя. Напрыклад, адна з гераінь кнігі «Беларускі арнамент і ткацтва» казала: «Усё, што я бачыла ў жыцці, што рабіла, як мучылася, як весялілася, любіла хлопцаў, выходзіла замуж, як мы будавалі дом, кахалі адно аднаго, — усё гэта я расказвала ў сваіх работах. У іх я уклала ўсё свае сэрца, усю сваю любоў».
Майстры верылі ў моц арнаменту: ёсць шмат гісторый, калі вышыты ручнік ці посцілка вылечвалі людзей альбо здзяйснялі мары. Шчыра кажучы, не ведаю, як гэта працуе, але нешта чароўнае тут, напэўна, існуе. Гэта ж нашы карані і продкі.
Беларускі арнамент можна вывучаць бясконца, гэта наш самы вялікі скарб. Нягледзячы на тое, што сімвалы вельмі падобныя адно да аднаго, яны розныя, як і іх сэнс.
Напрыклад, узор «зорка». Ён ёсць у аснове вобраза маці, чалавека, таксама ён сімвалізуе ўраджай. Але розніца паміж гэтымі «зоркамі» даволі вялікая».
Навошта гэта ўсё — «Каб людзі натхняліся Беларуссю»
«Я ніколі не працую над упрыгажэннямі, калі ў мяне няма настрою, — прызнаецца Дарка. — Альбо калі раптам адчуваю нейкую збянтэжанасць, то тады таксама праца адразу спыняецца. Таму ў маіх вырабах толькі спакой і сапраўдны беларускі дзэн.
Сваёй працай я хацела б настроіць людзей натхняцца Беларуссю. Гэта адна з асноўных прычын, чаму я гэтым займаюся».
Каментары
про чудодейственные иконы еще больше таких историй