Пра даследаванне Славаміра Лотыша «Пінскія балоты. Прырода, веды і палітыка на польскім Палессі да 1945 года» расказвае Алесь Белы.
Кніга Славаміра Лотыша выйшла ў свет у 2022 годзе ў кракаўскім выдавецтве Universitas і стала вынікам амаль 7-гадовага даследавання гісторыі міжваенных планаў польскай дзяржавы па меліярацыі Палесся, планаў, якія, па сутнасці, так і не былі рэалізаваныя (як і польскія планы каланізацыі Афрыкі ці іншых заморскіх краін, парадаксальным чынам звязаныя з планамі меліярацыі). Але ў свой час яны доўга былі актуальнымі, закраналі эмоцыі і матэрыяльныя інтарэсы многіх грамадскіх груп другой Рэчы Паспалітай. Эканамісты, прыродазнаўцы, вайскоўцы, палітыкі, землеўласніцкая арыстакратыя, сяляне-палешукі і нават яўрэі, не лічачы многіх іншых, — усе мелі свае погляды адносна гэтых планаў, прымаючы або, наадварот, крытыкуючы тыя ці іншыя іх аспекты ці нават саму сутнасць ідэі меліярацыі.
Мне пашанцавала наведаць прэзентацыю кнігі на апошнім Ковенскім кангрэсе даследчыкаў Беларусі мінулай восенню і асабіста пазнаёміцца з аўтарам. Ён — прафесійны гісторык тэхнікі, а цяпер яшчэ і гісторык навакольнага асяроддзя. Працуе ў варшаўскім Інстытуце гісторыі навукі ПАН імя Людвіка і Аляксандра Біркенмаераў. З Палессем, а канкрэтна з Піншчынай, у аўтара асабістая сувязь: адзін з яго дзядоў адтуль родам. Безумоўна, гэта паўплывала на выбар прадмета даследавання. Асабліва на трансфармацыі пачатковай задумы, якая ў 2014 годзе канцэнтравалася вакол больш тэхнічных пытанняў гісторыі тэхнікі.
У выніку аўтар вырашыў не толькі рэканструяваць наколькі магчыма, «якімі экскаватарамі», умоўна кажучы, збіраліся меліяраваць Палессе, і колькі тысяч кубаметраў грунту для гэтага давялося б перамясціць, але і аднавіць шматвымерную карціну таго асаблівага свету, якім было даваеннае Палессе, з пунктаў гледжання экалогіі, традыцыйнай культуры, эканомікі, і ацаніць тую рызыку і пагрозы, якія неслі гэтаму свету амбіцыйныя планы радыкальнага пераўтварэння ландшафту — і прыроднага, і сацыяльнага.
Наколькі я ведаю, праца пакуль не дачакалася паўнавартаснай навуковай рэцэнзіі, але ў польскім інтэрнэце ёсць ужо нямала станоўчых чытацкіх водгукаў. Згодна з некаторымі з іх, кніга «Пінскія балоты» — першая ў польскай навуцы манаграфія, якая вывучае гісторыю вялікага кампактнага рэгіёна даўняй Рэчы Паспалітай з пункту гледжання менавіта гісторыі навакольнага асяроддзя. Мне цяжка меркаваць пра прыярытэт у маштабе ўсёй польскай навукі, але ў цэлым далучаюся да такой ацэнкі. Кніга сапраўды — пра гісторыю ўзаемадачынення чалавека ХХ ст. (перадусім міжваенных польскіх улад, але не толькі) з ландшафтам, з прыродай. Яна пра дыскусію, да якой ступені дапушчальна ўмешвацца ў іх натуральнае развіццё, ці не прывядзе такое ўмяшанне да фатальных наступстваў для саміх людзей. У ёй аўтар выступае, можа быць, своеасаблівым мадэратарам. Пры гэтым ён не спрабуе вынесці безапеляцыйныя заключэнні і прапанаваць адназначныя рашэнні.
Па сваім жанры кніга, безумоўна, яшчэ вельмі рэдкая для нашага рэгіёна (Цэнтральнай і Усходняй Еўропы), а тым больш для Беларусі (якую, магчыма, ужо надоўга варта ўключыць у склад Заходняй Азіі), улічваючы, што галоўны прадмет даследавання (Палессе) — частка нашай тэрыторыі. Акрамя прадмета, значнасць даследавання ва ўзорнасці метадалагічнага падыходу. Той аб’ём абсалютна незнаёмых беларускаму чытачу фактаў, сабраных з абсалютна разнародных тыпаў крыніц, і разгляд прадмета з такой колькасці розных ракурсаў з’яўляюцца для нашай навукі, як і для публіцыстыкі, недасягальным узорам.
У цэнтры даследавання знаходзяцца планы польскага ўрада па маштабнай меліярацыі Палесся, пра якую пачалі марыць яшчэ задоўга да аднаўлення польскай дзяржаўнасці ў 1918 годзе, а таксама шырокая навуковая і грамадская дыскусія наконт (не)пажаданасці гэтага праекта, найлепшых шляхоў яго рэалізацыі і меркаваных коштаў (фінансавых, сацыяльных і, зразумела, экалагічных).
Асабліва падрабязна разглядаецца дзейнасць Бюро праекта меліярацыі Палесся (польская абрэвіятура — BPMP), створанага на пачатку 1928-га на чале з Юзэфам Прухнікам. Менавіта дакументы ВРМР даюць асабліва шмат матэрыялу для разумення эвалюцыі гэтага праекта. Аўтар, аднак, увесь час нагадвае, што за розныя аспекты меліярацыі адказвала сама меней пяць розных дзяржаўных ведамстваў, і што само Бюро, дзейнасць якога была істотна абмежавана ў 1933-м і цалкам згорнута ў 1937-м, зусім не было паўнавартасным каардынуючым цэнтрам, бо не мела для гэтага ні фінансавых, ні адміністрацыйных рэсурсаў. Займалася папярэднімі навуковымі даследаваннямі Палесся, спрабавала рэалізаваць невялікія пілотныя праекты, але не больш. Яно хутчэй мусіла дэманстраваць грамадскасці сур’ёзнасць намераў урада, бо грамадская думка доўгі час, і амаль адзінадушна, лічыла меліярацыю Палесся неабходнай. Сам кіраўнік установы, дзеяч левай Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) і прыхільнік вырашэння праблемы малазямелля ў міжваеннай польскай вёсцы праз асушэнне балотаў, наўрад ці валодаў неабходным наборам кампетэнцый для кіравання такім складаным праектам. Асабліва, калі б ён, нарэшце, усутыч падышоў, дайшоў да стадыі практычнай рэалізацыі.
Хаця інтрыгам розных устаноў ды сацыяльных груп вакол праекта меліярацыі ўдзелена шмат месца, даследаванне зусім не абмяжоўваецца іх разглядам. У прыватнасці, з самага пачатку дыскусіі пра будучую меліярацыю (фактычна — з моманту аднаўлення польскай дзяржаўнасці) існавала і разуменне таго, што пэўныя эталонныя ўчасткі былога палескага ландшафту трэба пакінуць у як мага менш змененым выглядзе, у якасці рэзерватаў, нацыянальных паркаў і г. д. Таму нямала старонак у кнізе якраз прысвечана гісторыі пошукаў пляцовак для такіх ахоўных тэрыторый і абгрунтавання іх выбару. Мне асабіста было вельмі цікава даведацца пра такія праекты на Альманскіх балотах, на рацэ Жыгулянцы і інш. Дагэтуль яны не ўведзены ў навуку як крыніца па гісторыі прыродаахоўнай дзейнасці ў Беларусі і не выкарыстоўваюцца ў абгрунтаванні легітымнасці тых сучасных прыродаахоўных тэрыторый, якія ў нейкім сэнсе можна было б лічыць іх спадкаемцамі.
У кнізе аналізуецца дастаткова падрабязна хіба што кожны важны аспект гэтага складанага праекта меліярацыі Палесся (у самым шырокім яго разуменні), а таксама аспекты традыцыйнага прыроднага і культурнага ландшафту гэтага рэгіёна. Некаторыя з іх мне асабліва імпануюць, бо мая даўняя цікавасць да знакавых сімвалічных рэалій Заходняга Палесся, своеасаблівай «Амазоніі» над Прыпяццю, прыпадае якраз на міжваенную Польшчу.
Напрыклад, аўтар разглядае, як Палессе стала адным з апошніх месцаў арэала існавання еўрапейскага бабра, адкуль пасля Другой сусветнай вайны пачалося імклівае аднаўленне папуляцыі віду (с. 268—270). Сваімі «схоліямі» (устаўнымі даследаваннямі) уганараваныя ў кнізе таксама балотная чарапаха (Emys orbicularis, с. 270—271) ды вадзяны арэх, або чылім (Trapa natans, с. 266—268).
Пра палескія звычаі палявання на качак (вельмі сумнеўныя з пункту гледжання экалогіі) я збіраўся пісаць уласны артыкул. Ён пакуль так і застаецца ў чарнавіку ў сувязі з ліквідацыяй лукашэнкаўскімі ўладамі часопіса «Наша гісторыя». Але на матэрыяле разгляданай кнігі маю шмат чым яго дапоўніць.
Акрамя гэтага, у кнізе знайшлося месца і асвятленню такога своеасаблівага медыцынскага і культурнага феномену нават у сусветным масштабе, як славуты калтун, апошнім даменам якога заставалася Палессе (сс. 84—88). Не засталася па-за ўвагай аўтара і малярыя (сс. 67—76), якая была адным з фактараў гаротнай сацыяльна-эпідэміялагічнай сітуацыі на балотах. Вядома, што яна побач з непамысным для пражывання сучаснага чалавека кліматам была прычынай таго, што праект меліярацыі (чытай — «асушэння») балот здаўна неаднаразова ўзнікаў у грамадскай свядомасці.
Цікавым падаецца разбор у кнізе негатыўных стэрэатыпаў палешука сярод суседзяў (сс. 88—94 і інш.). Тым, хто прызвычаіўся карыстацца штампам «мора Герадота» і верыць у існаванне старажытнага мора на гэтым месцы, было б вельмі карысным прачытаць адпаведны раздзел кнігі («Праклён дасканалай раўніннасці», сс. 196—205). У ім аўтар разглядае гісторыю паўстання гэтага штампа і эвалюцыю ўяўленняў, якім чынам узніклі Пінскія балоты і што было на іх месцы раней (спойлер: «мора Герадота» ніколі не існавала, хаця і мае права на існаванне ў якасці вобраза, метафары). Цікавым было даведацца пра стаўленне да меліярацыі польскіх вайскоўцаў. Большасць іх выступала супраць асушэння балот і высечкі лясоў, бо разглядала Палессе менавіта ў ягонай «дзікасці» як натуральны абарончы рубеж дзяржавы супраць вельмі імавернай савецкай агрэсіі (сс. 297—339). А вось палітычнае кіраўніцтва Польшчы верыла, што меліярацыя дазволіць хутка асіміляваць «недаразвітых» палешукоў, якія не мелі ані беларускай, ані ўкраінскай свядомасці, і такім чынам убіць клін паміж першымі і другімі.
Дарэчы, сам падзел кнігі на раздзелы і іх назвы стварае рэзкі кантраст з беларускімі кнігамі ў жанры non fiction. Апошнія ў большасці з'яўляюцца проста публікацыямі неадрэдагаваных дысертацый. Яны цалкам паўтараюць іх спецыфічную фармальную структуру і адпаведны, выпрацаваны пад патрабаванні ВАК стыль. У выніку такія кнігі выглядаюць абсалютна недарэчнымі, нават у чымсьці і прыніжальнымі ў камунікацыі з масавым адукаваным чытачом.
Структура кнігі Лотыша дыктуецца інтарэсамі чытача і, калі дазволіце так сказаць, самога даследаванага прадмета. «Вайна супраць багнаў», «Палессе ці Бразілія?», «Амфібіяльная гаспадарка», «Сена сену няроўнае», «Агнём і сякерай», «Міністэрская карусель», «Меліярацыя і суднаходства», «Вярблюды замест качак» — назвы, якія нясуць пэўныя канцэнтраваныя вобразы, настройваюць чытача на спецыфічны драматызм і праблематыку адпаведнай структурнай адзінкі тэксту.
Многія з фрагментаў кнігі заслугоўваюць перакладу на беларускую мову і асобнай публікацыі ў якасці тэматычнага эсэ. Такія разнастайныя па тэматыцы эсэ маглі б надоўга стаць надзейнай крыніцай навукова верыфікаванай інфармацыі па пэўных тэмах. Застаецца, аднак, пытаннем, дзе цяпер, пасля катастрофы 2020 года, якая на нашых вачах пакуль толькі набірае моцы, уся гэтая факталогія магла б цыркуляваць. Бо нават і праз 30 гадоў фармальнай незалежнасці, перажыўшы самыя спрыяльныя часы, напрыклад, Музей Палесся ў Пінску застаўся замшэлым рэтранслятарам савецкай ідэалогіі 1960—1970-х з яе культам калектывізацыі і меліярацыі.
Раз-пораз аўтар звяртаецца да гісторыі меліярацыі ў даваеннай Савецкай Беларусі, асабліва ў сувязі з праектамі памежнай кааперацыі ў СССР у справе аховы асяроддзя. Гэтыя праекты да пачатку 1930-х (пакуль сталінскі рэжым не стаў канчаткова людажэрскім і шпіёнаманскім) яшчэ разглядаліся як рэалістычныя.
Цікавымі мне падаліся некаторыя згадкі пра стаўленне да праектаў меліярацыі ў Польшчы і ў СССР беларускіх палітычных асяродкаў і СМІ. Напрыклад, віленская газета «Беларускі дзень», блізкая да санацыйнага ўрада, у 1927 годзе крытыкавала палітыку меліярацыі ў БССР за тое, што тая спрыяе пасяленню на меліяраваных землях яўэяў нібыта за кошт інтарэсаў этнічных беларусаў (с. 366). А ў 1960 годзе Сымон Кабыш (сапр. Кандыбовіч), важны дзеяч беларускай эміграцыі (а раней — супрацоўнік спачатку савецкага, а пасля нацысцкага рэжымаў) у часопісе Belorussian Review крытыкаваў улады СССР за нізкія тэмпы асушэння палескіх балот. У яго інтэрпрэтацыі, гэта было чарговым сведчаннем каланіяльнай палітыкі Саветаў у дачыненні да БССР. Маўляў, занядбаўшы бясспрэчна актуальную для Беларусі задачу змагання з мясцовымі багнамі, каланіяльная адміністрацыя высылае лепшых сыноў і дачок краю на казахскую «цаліну» (с. 397). Што ж, мінула якое дзесяцігоддзе, і ў часы больш патрыятычнага кіраўніка БССР П. Машэрава меліярацыя зрабіла экспанентны рывок.
Нечакана дэталёвае асвятленне знайшла ў кнізе яўрэйская тэма. Менавіта гісторыя спроб знайсці ў праекце меліярацыі Палесся магчымасць для каланізацыі асушаных участкаў зямлі яўрэйскімі каланістамі. Гэтае пытанне ўсур’ёз разглядалася ў сувязі з тым, што Вялікая дэпрэсія з усіх этнічных груп міжваеннай Польшчы найбольш балюча закранула менавіта яўрэяў. Гэтыя праекты былі сінхроннымі з яўрэйскай каланізацыяй Палесціны (і савецкага Бірабіджана).
Аўтар заўважае, што ў будучым Ізраілі рэпатрыянтам часта даводзілася на практыцы сутыкацца з неабходнасцю асушэння балот. Сіянісцкая арганізацыя Хе-Халуц, патэнцыйны беніфіцыяр меліярацыі Палесся, добра гэта разумела. Гісторыя асушэння балот (напрыклад, у ваколіцах возера Хула) нават стала важнай часткай ізраільскага гераічнага міфа пра алію (рэпатрыяцыю), падобна як і ў беларускім савецкім нацыянальным міфе. Адзначым, што сёння вынікі асушэння ізраільскіх балот ужо не выглядаюць такімі абсалютна станоўчымі, як калісьці. Гэтаксама як і ў выпадку нашага Палесся. Дадам ад сябе, што менавіта яўрэі, дэмабілізаваныя з Чырвонай Арміі, на чале з Эмануілам Натанавічам Модзіным сталі ядром камунараў, якія пачынаючы з 1929-га асушалі Мар’інскія балоты «над ракой Арэсай».
Такім чынам, у розных частках свету праекты асушэння балот апелявалі да пасіянарнай яўрэйскай ментальнасці. Пры гэтым яны былі прыстасаваныя да каардынальна розных палітычных і ідэалагічных сістэм: брытанская падмандатная Палесціна (у перспектыве Ізраіль); міжваенная Польшча, Савецкая Беларусь. Мне здаецца, што гэты раздзел кнігі (сс. 339—373) — важкі ўклад таксама і ў сусветную юдаіку, асабліва ў гісторыю пінскіх (заходнепалескіх) яўрэяў, якая, у сваю чаргу, мусіла б гучаць як самабытная лакальная гісторыя і ў маштабе Беларусі, калі б краіна развівалася ў рэчышчы заходняй традыцыі, у якой напісана кніга.
Эпілог кнігі коратка, пункцірам апісвае тое, што адбылося на беларускім Палессі пасля вайны, пра што сёння нам сведчаць пясчаныя буры, катастрафічныя фотарэпартажы пра якія з’яўляюцца апошнія гады рэгулярна. Аўтар згадвае таксама і даследчыкаў, якія першымі забілі трывогу наконт метадаў і наступстваў асушэння балот — Г. Лашкевіч (1967) і В. Кісялёў (1972).
Негатыўныя вынікі меліярацыі былі на рубяжы 1980—1990-х гадоў адной з выйгрышных тэм агітацыі для беларускіх дэмакратычных сіл, асабліва на самім Палессі. Тады выходзіла шмат публіцыстычных артыкулаў, якія апелявалі хутчэй да эмоцый. У савецкія часы меліярацыя, наадварот, была важным элементам камуністычнага міфа пра чалавека-тытана, які перамагае прыроду, ламаючы яе, пераадольвае яе супраціў і цалкам падпарадкоўвае сабе. Культавыя творы беларускай літаратуры — «Над ракой Арэсай» Купалы і «Людзі на балоце» Мележа — рабілі гэты міф арганічнай часткай уласна беларускай калектыўнай свядомасці.
Але вось падобнага да кнігі Славаміра Лотыша грунтоўнага, усебаковага даследавання гісторыі здзяйснення меліярацыі ў беларускай навуцы няма. І я падазраю, што не хутка можа з’явіцца.
Гэта абумоўлена тым, што беларуская думка заўжды ангажаваная той ці іншай ідэалогіяй і хутчэй падганяе факты і высновы пад загадзя вядомыя ідэалагічныя адказы, чым спрабуе знайсці гэтыя адказы самастойна. Да таго ж, усходнеславянская палітычная і навуковая культура не спрыяюць захаванню і нават самому выражэнню альтэрнатыўных меркаванняў, фіксацыі гісторыі палемікі вакол таго ці іншага грамадскага праекта, што надзвычай ускладняе гіпатэтычнаму даследчыку вывучэнне іншай карціны рэчаіснасці, апроч яе афіцыйнай версіі.
Такі падыход да мінулага закладзены ўжо ў рускім летапісанні, арганізатары якога заўжды рупіліся пра знішчэнне альтэрнатыўных крыніц. Ён чужы класічнай заходняй традыцыі, якая заўжды павінна быць гатовай да крытыкі самой сябе. Характэрны ў гэтым сэнсе апошні абзац кнігі (с. 400).
Аўтар спасылаецца на апытанне жыхароў Пінскага раёна, якое ў 2010-м годзе рабілі польскія даследчыкі Міраслаў Янковяк і Лукаш Граеўскі, наконт таго, як меліярацыя цягам дзесяцігоддзяў змяніла іх жыццё. Атрыманыя адказы гучалі пераважна настальгічна, ідэалізавалі міжваенную польскую палітыку і сацыяльную рэчаіснасць.
Але сам аўтар адмаўляецца прыняць гэтую ліслівасць (ці, можа, дзяжурны камплімент у адрас замежных гасцей) за добрую манету. На падставе ўсяго масіву даследаваных крыніц ён робіць зусім іншую выснову: не добрая воля польскага ўрада і не яго ідэалістычны клопат пра экалогію затрымалі меліярацыю Палесся да пачатку вайны. Гэтую «заслугу» аўтар адносіць на рахунак хутчэй арганізацыйнага бязладдзя, нескаардынаванасці і нерашучасці міжваенных польскіх улад. Гэтай «пракрастынацыі» паспрыялі таксама неспрыяльныя эканамічныя ўмовы ў часы Вялікай дэпрэсіі і пераадоленне яе наступстваў.
Зрэшты, у іншым месцы Славамір Лотыш адзначае, што непрыняцце польскімі ўладамі канкрэтных практычных крокаў дало польскай навуцы дастаткова часу на тое, каб прыйсці да пераважнага кансэнсусу наконт сумнеўных перспектыў масавай меліярацыі (с. 295).
Таму ў альтэрнатыўнай версіі гісторыі ўсё ж можна дапусціць, што меліярацыя «па-польску», калі б вайна не намалявала іншых граніц, была б значна менш маштабнай і больш ашчаднай да асяроддзя, чым гэта фактычна адбылося ў БССР. Але ў той ці іншай форме, нават без інтэнсіўнай цэнтралізаванай меліярацыі Палессе стаяла перад пагрозай экалагічнай катастрофы папросту таму, што ані зямельная арыстакратыя, некаторыя з прадстаўнікоў якой забівалі за жыццё 20 тысяч качак дзеля забавы, ані звычайныя палешукі з іх драпежніцкімі формамі рыбалоўства і збіральніцтва, з рэгулярнымі выпаламі сухой травы і г. д. не мелі і блізка таго адказнага стаўлення да прыроды, якое дазволіла б хоць мінімальна захаваць крохкую і ўнікальную мясцовую экасістэму.
Чаго асабіста мне не хапіла ў кнізе? Чыста тэхнічна — прадметнага і геаграфічнага паказальнікаў. Заўважу, што ў кнізе ёсць імянны паказальнік, як і, дарэчы, грунтоўны навуковы апарат аж на 165 старонак — спасылкі, бібліяграфія, крыніцы ілюстрацый і той самы паказальнік. На мой погляд, можна было б працягнуць разгляд сімвалічных палескіх рэалій, знішчаных у выніку меліярацыяй. Але ясна, што кніга — не энцыклапедыя архаічнага Палесся. Трохі невысветленым (або асабіста мной недазразумелым) засталося пытанне пра паўднёвую мяжу Палесся і, адпаведна, пра розніцу ў стаўленні да меліярацыі Палесся паміж беларускімі і ўкраінскімі савецкімі ўрадамі і нацыянальнымі рухамі. Бо не такі малы кавалак нават канкрэтна даваеннага Палескага ваяводства сёння знаходзіцца ў межах Украіны. А ў сэнсе этнічнай гісторыі ўкраінцаў яшчэ большая частка гэтай тэрыторыі ўяўляе сабою актуальны ці рэтраспектыўны інтарэс для нашых паўднёвых суседзяў.
І яшчэ адзін важны аспект, як мне здаецца, застаўся недастаткова асветленым у кнізе: спробы польскіх улад выкарыстаць «палескую экзотыку» як фактар развіцця лакальнага турызму і дыверсіфікацыі эканомікі і іх сувязь (ці антаганізм?) з праектам меліярацыі. У цэлым жа кнігу «Пінскія балоты» трэба лічыць адным з самых значных дасягненняў польскай гуманітарнай навукі апошніх дзесяцігоддзяў у вывучэнні тэрыторыі сучаснай Беларусі. І можна толькі пашкадаваць, што для канкрэтнай акадэмічнай установы гэтая кніга — толькі эпізод, што наўрад ці аўтар будзе мець магчымасць сістэматычна працягваць распрацоўку тэмы. Рэгіянальныя даследаванні, інстытуалізаваныя рэгіянальныя веды былі б надзвычай патрэбныя еўрапейскай Беларусі (калі мы яшчэ маем права марыць пра такую). А вось такія матываваныя і кампетэнтныя даследчыкі гісторыі Заходняга Палесся ў нас наўрад ці будуць з’яўляцца ў патрэбнай колькасці.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
нехілыя ў польскіх імперцаў былі планы... ажна да Афрыкі... і мы для іх, як Афрыка...