Што вядома пра кадэбэшніка Аляксея Захарава, якога «Байпол» лічыць «ліквідаваным замежнікам» у Гродне
Учора «Байпол» агучыў сваю версію падзей у Гродне. Ён палічыў «ліквідацыю тэрарыста-замежніка» інсцэніроўкай і нават назваў імя магчымага выканаўцы галоўнай ролі. Распавядаем, што вядома пра гэтага чалавека. «Наша Ніва» таксама звязалася з яго жонкай.
22.03.2023 / 11:22
«Аляксей Ламакін» з падробнага расійскага пашпарта і Аляксей Захараў з базы АІС «Пашпарт». Фота: АТН, «Кіберпартызаны»
Ці насамрэч «Ламакін» і Аляксей Захараў — гэта адзін чалавек, нам дакладна невядома. Разам з тым, дзве нейрасеткі, якімі карыстаюцца для праверкі падабенства твараў, выдалі вынік падабенства гэтых фота 98% і больш.
Фота з пашпарта псеўда-Ламакіна спачатку не ўдалося прабіць праз яго кепскую якасць. Аднак пазней у сюжэце дзяржТБ паказалі здымак у лепшай якасці. Па базе «Кіберпартызанаў» ён ідэнтыфікуецца як супрацоўнік КДБ Захараў Аляксей Мікалаевіч 1981 года нараджэння.
Аляксею Захараву 41 год. Ён родам з Гарадка Віцебскай вобласці. Бацька мужчыны са структур МУС, перад пенсіяй працаваў у гарадоцкім ІЧУ.
Па звестках, перададзеных «Нашай Ніве» ад «Кіберпартызанаў», у 2003 годзе Аляксей Захараў працаваў ва ўпраўленні працы, занятасці і сацыяльнай абароны Гарадоцкага райвыканкама.
Ужо ў 2004 годзе мужчына пераходзіць на працу ў часць №94017, якая знаходзіцца ў мястэчку Прудок ля Гарадка. Яна ўваходзіць у Вайскова-паветраныя сілы і войскі СПА. Часць адказвае за ўтылізацыю пратэрмінаваных боепрыпасаў (у Гарадку знаходзіцца Цэнтр утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэння), а на яе тэрыторыі ёсць пажарная часць, якая дапамагае мясцоваму МНС тушыць пажары і займаецца выратавальна-разведвальнымі работамі разам з МУС.
Вайскоўцам часці №94017 прэзентуюць лукашэнкаўскую Канстытуцыю ў 2021 годзе. Фота: «Гарадоцкі веснік»
Захараў пасля не раз вяртаўся туды.
У 2005 годзе мужчына пераходзіць на працу на Гарадоцкі льнозавод, але цягам года вяртаецца ў часць №94017. Пасля невялікага перапынку ён пачынае працаваць у «Белтэхэкспарце», а потым зноў вяртаецца ў часць №94017, а пазней пераходзіць на працу на Гарадоцкі рамонтны завод. У 2008 годзе ягоным месцам працы зноўку значыцца часць №94017, дзе ён працаваў сама меней да 2011 года.
У 2012-м у базе АІС «Пашпарт» ягоным месцам працы ўжо пазначаны КДБ. Наколькі вядома, Захараў працаваў у Віцебскім абласным упраўленні.
Адметна таксама, што ў канцы 2012 года мужчына ажаніўся, але ў базе пра гэта звестак няма (але ёсць у яго жонкі). Жонка не ўзяла ягонага прозвішча, а Захараў падпісваўся ў сацсетках яе прозвішчам.
На запыт «Нашай Нівы» пра каментар жанчына не адказала і заблакавала журналіста.
Пакуль гісторыя пакідае шмат пытанняў.
Паводле версіі прапагандыстаў, у Беларусь «Ламакіна» нібыта закінулі з Польшчы. Спачатку з 24 па 28 лютага ён жыў у Магілёве, 1 сакавіка накіраваўся ў Мінск, а пасля перабраўся ў Гродна.
Гаспадара арэнднай кватэры арыштавалі.
«Ламакін» нібыта рыхтаваў тэракт, меў выбухоўку і зброю.
Пры затрыманні ён, паводле афіцыйнай версіі, адкрыў агонь з аўтамата Калашнікава, кінуў гранаты і быў паранены. Па дарозе ў бальніцу, паводле версіі сілавікоў, ён памёр.
Чытайце таксама:
«Байпол» лічыць падзеі ў Гродне інсцэніроўкай. І называе імя меркаванага «тэрарыста»
МУС шукае каля 1000 чалавек за «экстрэмісцкія злачынствы». Але «не больш»