Тэлеграм-бот «Магніт», які сілавікі ставяць затрыманым: якія звесткі ён можа збіраць і як ад гэтага абараніцца
Падчас аблавы ў Дзяржынску затрыманым запускалі ў тэлеграме новы бот «Магніт». Распавядаем, чым ён можа быць небяспечны і што рабіць, каб ад яго абараніцца.
03.04.2023 / 22:39
Што за бот «Магніт» і якія звесткі Telegram-акаўнта ён можа збіраць?
Гэты бот у тэлеграме міліцыянты апошнім часам запускаюць многім затрыманым. Ініцыятыва CyberBeaver лічыць, што гэта можа быць саманапісаны бот сілавікоў, задача якога — сабраць інфармацыю з акаўнта.
«Мы мяркуем, што ён, тэарэтычна, можа збіраць усе падпіскі, выдаваць ID і нумар тэлефона, кантакты, можа сапраўды далучацца да нейкай базы сілавікоў і праганяць па ёй. Таксама можа залезці ў базу звестак, у якой фігуруе акаўнт, і выдаць суполкі, на якія чалавек быў раней падпісаны, але цяпер адпісаўся. Але там можа быць і шмат іншых функцый, менш відавочных», — мяркуюць у ініцыятыве.
«Канешне, большую частку з гэтых даных можна знайсці іншымі сродкамі, але, калі такі бот, тэарэтычна, збірае ўсе звесткі ў адну базу, то пераслед людзей становіцца прасцейшым», — дадаюць у CyberBeaver.
Кіберпартызаны схільныя прыпісваць боту больш сціплыя функцыі. Яны лічаць, што ўсё, што ён можа сабраць — гэта ID тэлеграм-карыстальніка, імя карыстальніка і імя акаўнта (бягучыя і ўказаныя пры рэгістрацыі акаўнта), то-бок, тое самае, што можна сабраць і без доступу да акаўнта, а таксама нумар тэлефона, які і так бачны сілавіку, які мае ў руках тэлефон.
Як падрыхтавацца да таго, што на вашым акаўнце запусцяць «Магніт»?
Мець акаўнт «чыстым». То-бок, рэгулярна чысціць перапіскі і чаты ва ўсіх сацсетках (прынамсі для сябе), не ўступаць у адкрытыя палітычныя групы і не пісаць там каментарыяў, калі вы не ўпэўненыя ў бяспецы акаўнта, не захоўваць пратэсных фота ў тэлефоне.
Важна ведаць. Якім чынам рэпрэсіўныя органы дастаюць ужо выдаленую інфармацыю з Telegram і што можна з гэтым зрабіць?
Калі на вашым акаўнце ўжо ёсць след з суполак ці вы разумееце, што пры аналізе ботам «Магніт» вам пагражае пераслед, то варта акаўнт выдаліць і стварыць нанова. Гэта не гарантыя бяспекі, але нашмат лепш, чым не рабіць гэтага.
«Кіберпартызаны» раяць таксама стварыць асобны акаўнт для палітычных чатаў і каналаў. Пасля гэтага — загрузіць «Партызанскі тэлеграм» і наладзіць ілжывы код-пароль, пры ўводзе якога гэты акаўнт будзе аўтаматычна хавацца або праграма будзе выходзіць з яго. Пры ператрусе тады можна ўвесці фальшывы код-пароль і паказаць «чысты» акаўнт, з якога вы не падпісаныя на палітычныя чаты і каналы.
Відэаінструкцыя па настройках «Партызанскага тэлеграма» ёсць тут.
Як увогуле падрыхтавацца да агляду тэлефона сілавікамі?
Варта сачыць не толькі за тэлеграмам, але і за іншымі сацсеткамі і месенджарамі, бо іх таксама правяраюць. Таксама важна надзейна вычысціць «пратэсныя» фота з тэлефона і іншых сацсетак і месенджараў — прынамсі тыя, у якіх фігуруюць рэальныя людзі.
У самім тэлефоне і вашых акаўнтах увогуле не мусіць быць ніякіх відавочных зачэпак: пачынаючы ад «застаўкі» і заканчваючы асабістай перапіскай.
Што рабіць, калі на вашым акаўнце ўжо запускалі бот «Магніт»?
«Кіберпартызаны» раяць, па-першае, ніколі больш не падпісвацца з гэтага акаўнта на палітычныя каналы або чаты.
Па-другое, як мага хутчэй акаўнт выдаліць.
Па-трэцяе, калі вы разумееце, што пасля запуску бота «Магніт» і атрымання звестак пра ваш акаўнт вам пагражае крымінальная справа, то падумаць, наколькі небяспечна заставацца ў краіне.
Чытайце таксама:
Kotatogram: губазікаўцы паказалі, як яны аналізуюць пратэсныя чаты. Вось што варта ведаць
Затрымалі былога мадэратара сеткі «Кіроўцы 97%», на якога не маглі выйсці два гады. Распавядаем, чаго ён не ўлічыў
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць
Як правільна чысціць свой акаўнт у Instagram, каб засцерагчы сябе. Падрабязны гайд
Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца
Як надзейна вычысціць фоты з вашых смартфонаў — падрабязны гайд
Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд