Як правільна чысціць свой акаўнт у Instagram, каб засцерагчы сябе. Падрабязны гайд
Instagram — самая папулярная сацсетка ў Беларусі. «Наша Ніва» падрыхтавала карысныя рэкамендацыі, як выдаляць інфармацыю з вашага профілю і перапісак у ім, каб не трапляць пад рэпрэсіі.
Карыстальнік Instagram можа выдаліць або архіваваць публікацыю. Калі вы выбралі опцыю «Архіваваць», то ваш пост знікне са стужкі, але вы ў любы момант зможаце аднавіць яго, зайшоўшы ў архіў. Такі спосаб ачысткі інфармацыі нясе пэўныя рызыкі, паколькі, калі ваш тэлефон апынецца ў руках сілавікоў, то яны змогуць адшукаць усе заархіваваныя вамі публікацыі. Таму, як бы ні было шкада таго ці іншага паста, бяспечней будзе скарыстацца функцыяй выдалення.
Важна! Выдаленыя пасты аўтаматычна трапляюць у раздзел «Нядаўна выдаленыя», дзе па змаўчанні захоўваюцца яшчэ 30 дзён. Цягам гэтага тэрміну вы ўсё яшчэ можаце аднавіць запіс, пасля зрабіць гэта будзе немагчыма. Таму калі вы маеце намер канчаткова прыбраць пэўны кантэнт, то пасля выдалення са стужкі, вам трэба націснуць на тры палоскі ў верхнім правым куце, увайсці ў «Ваша актыўнасць» > «Нядаўна выдаленыя» і ўжо адтуль выдаліць публікацыю, каб яна канчаткова знікла з профілю.
У залежнасці ад таго, якое ў вас стаіць абнаўленне, меню можа крыху адрознівацца.
Таксама не лішнім будзе пачысціць гісторыю нядаўніх пошукавых запытаў, каб ніхто не мог здагадацца, што вы шукалі.
Куды цікавейшая сітуацыя са сторыз. Як вядома, усе гісторыі аўтаматычна «знікаюць» праз 24 гадзіны. Для іншых карыстальнікаў яны становяцца нябачнымі, але трапляюць у архіў вашай старонкі. Там можна выбраць патрэбную дату на календары і паглядзець, што вы загружалі ў сторыс у той ці іншы дзень.
Таму лепш зайсці ў раздзел «Архіў» і ўважліва вывучыць, што вы публікавалі ці рэпосцілі ў сторыс.
Нагадаем, што спіс так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў вельмі шырокі і рэгулярна абнаўляецца. Акрамя таго, бывае практыка, калі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў прыцягваюць у выпадках, калі само СМІ/паблік/канал не з'яўляюцца экстрэмісцкімі, але, напрыклад, у роліку выкарыстоўваліся матэрыялы з «забароненымі» лагатыпамі…
Наступны раздзел, куды варта зазірнуць у вашым Instagram, — «Узаемадзеянні», які знаходзіцца ўсё ў тым жа раздзеле «Ваша актыўнасць». Тут вы зможаце праглядаць і выдаляць падабайкі, каментарыі і іншыя свае ўзаемадзеянні.
Асабліва ўважліва варта паставіцца да каментарыяў, паколькі цяпер частыя затрыманні за каментарыі «абразлівага» характару на адрас прадстаўнікоў улады.
Пошуку патэнцыйна небяспечных каментарыяў дапамагае зручны фільтр. Каб выдаліць непатрэбную заўвагу, неабходна націснуць на «Выбраць» у верхнім правым куце і пацвердзіць дзеянне, націснуўшы на «Выдаліць» унізе экрана.
Наступным важным момантам з'яўляецца перапіска, паколькі былі выпадкі, калі людзей вінавацілі ў распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў у асабістых паведамленнях.
Аднак адразу адзначым, што з ачысткай перапіскі ў Instagram ёсць пэўныя складанасці. Уся справа ў тым, што ў аднабаковым парадку немагчыма цалкам ачысціць гісторыю ў Direct. Рабіць гэта трэба разам з суразмоўцам. Для гэтага абодвум бакам неабходна абраць патрэбны дыялог, свайпнуць налева, а пасля з'яўлення меню абраць «Яшчэ» і націснуць на «Выдаліць».
Калі ж дамовіцца аб узаемнай ачыстцы перапіскі не атрымліваецца, то алгарытм дзеянняў будзе наступны. Калі вы хочаце, каб адпраўленыя вамі паведамленні зніклі не толькі ў вас, але і ў вашага суразмоўцы, то вам спачатку варта зайсці ў Direct, выбраць дыялог, заціснуць адпраўленае вамі паведамленне, а пасля з'яўлення меню націснуць на «Адмяніць адпраўку».
Далей, каб ачысціць гісторыю зносін ў сваім акаўнце, вам трэба вярнуцца ў агульны спіс суразмоўцаў, абраць патрэбную перапіску, свайпнуць налева і ў меню, якое з'явілася, націснуць на «Яшчэ». Затым выбраць «Выдаліць» і пацвердзіць дзеянне.
Так вы выдаліце ўсе адпраўленыя вамі паведамленні ў дыялогах з абодвух бакоў і ўсё тое, што дасылаў вам ваш суразмоўца. Пры гэтым ваш суразмоўца ўсё роўна будзе бачыць наяўнасць дыялогу і тую інфармацыю, якую ён вам адпраўляў.
У будучыні лепш карыстацца рэжымам знікаючых паведамленняў. У такім чаце паведамленні выдаляюцца адразу пасля закрыцця дыялогу. Каб уключыць гэты рэжым, дастаткова проста свайпнуць ўверх, перад пачаткам перапіскі, каб замест белага фону з'явіўся чорны. Калі так зрабіць не атрымліваецца, то выбраць такі рэжым можна ў наладах чата.
І нарэшце апошняе важнае месца, куды варта зазірнуць, — раздзел «Захаванае». Захаваныя там публікацыі таксама могуць быць выкарыстаныя супраць вас у выпадку, калі ваш гаджэт трапіць у чужыя рукі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары