Булён на вадзе з нябожчыка і плявок у знак павагі: дзіўныя афрыканскія традыцыі
Афрыканскі кантынент насяляюць разнастайныя плямёны, некаторыя з іх да сёння захавалі старажытныя традыцыі і рытуалы. Для чужога чалавека яны падаюцца вельмі дзіўнымі.
24.04.2023 / 20:25
Пляўкі ў знак павагі
Прадстаўнікі племені масаі пры сустрэчы і развітанні традыцыйна спачатку плявалі ў руку, а потым яе працягвалі для поціску. Гэта лічыцца знакам павагі і даверу. Калі яны аддаюць нейкі прадмет, папярэдне плюнуўшы на яго, гэта таксама сведчыць пра павагу. Калі нараджаецца дзіця, то ўсе члены сям'і плююць на немаўля, каб пажадаць поспеху і даўгалецця. У дзень вяселля, каб пажадаць шчаслівага шлюбу, бацька нявесты плюе ёй у лоб.
Такі звычай тлумачыцца трапяткім стаўленнем да вады, якой у тых краях, дзе жывуць масаі, недастаткова. Сліна — таксама вада. Плюючы, яны як бы дзеляцца самым каштоўным.
Мужчыны племені масаі ў сваёй вёсцы ў Кеніі. Фота: Wikimedia Commons
Скачкі цераз валоў
У племені хамар існуе традыцыя «бегу па быках». Праз яе праходзяць хлопцы, якія дасягнулі паўналецця, каб атрымаць дазвол на жаніцьбу. Быкоў выстройваюць у шэраг, а юнак павінен чатыры разы прабегчы па іх спінах, што даволі складана, бо жывёлы не стаяць на месцы, а ўвесь час рухаюцца.
Кожнаму даецца тры спробы. Калі не атрымліваецца, то наступны раз можна паспрабаваць толькі праз год. Пасля паспяховага праходжання цырымоніі хлопец атрымлівае ў падарунак ад бацькі сваю першую карову, лічыцца дарослым і можа шукаць сабе жонку.
Ініцыяцыя боем
У іншага афрыканскага племені, фулані, для таго, каб лічыцца мужчынам і атрымаць дазвол на валоданне свойскай жывёлай і жаніцьбу, трэба прайсці праз рытуальны бой (шаро). У ім удзельнічаюць два хлопцы. Кожны павінен нанесці па тры удары доўгімі кійкамі. Той, хто нанясе больш моцныя ўдары і пры гэтым сам менш пакрывіцца пры атрыманні ўдару ў адказ, прызнаецца пераможцам.
На рытуал з'язджаюцца прадстаўнікі розных кланаў. Яны назіраюць за ходам паядынку і вырашаюць, ці можна прызнаць хлопчыка мужчынам.
Калі двое дарослых мужчын імкнуцца ажаніцца з адной і той жа жанчынай, то яны таксама праходзяць праз такі бой. Калі ў жаніха няма саперніка, то яго б'юць старэйшыны грамады. Вяселле адмяняецца, калі жаніх не праявіў дастатковай вытрымкі.
Два мужчыны племені фулані. Фота: Wikimedia Commons
Цырымонія хвета
Гэта цырымонія ініцыяцыі хлопцаў распаўсюджаная ў народа коса, які жыве ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Хлопчыкі пакідаюць родны дом і пасяляюцца на некалькі зімовых месяцаў у асобным месцы пад наглядам старэйшага. За гэты час яны праходзяць розныя выпрабаванні на трываласць. Часам яны бываюць вельмі небяспечнымі.
Падчас абраду хлопцы фарбуюцца ў белы колер пясчанікам, каб адагнаць злых духаў. Абавязковай часткай абраду з'яўляюцца танцы. Падчас іх хлопцы рухаюцца як быкі, фыркаюць і варочаюць галовамі.
Вясной іх чакае новае выпрабаванне — абразанне. Пры гэтым не выкарыстоўваецца ніякай дэзынфекцыі.
Пасля завяршэння цырымоніі ўсе матэрыялы і касцюмы, у тым ліку дом, у якім яны жылі, спальваюцца. Затым хлопцаў адводзяць да ракі для ачышчальнага купання. Па дарозе іх б'юць. Пры гэтым хлопцы ні пры якіх абставінах не павінны азірацца.
Белую фарбу змываюць у рацэ. Па вяртанні ім намазваюць цела чырвонай глінай, якую яны павінны насіць тры месяцы, перш чым яе можна будзе змыць. Пасля гэтага хлопцы лічацца мужчынамі і могуць свабодна ажаніцца.
Хлопцы народа коса падчас цырымоніі хвета. Фота: Фэйсбук-старонка Afrikanswiss
Конкурс мужчынскай прыгажосці
У згаданага вышэй племені фулані ёсць яшчэ адзін вельмі дзіўны абрад — герэволь. Ён праводзіцца штогод і працягваецца сем дзён. Яго яшчэ можна назваць конкурсам прыгажосці сярод мужчын. Юнакі на свята наносяць сабе дзіўны макіяж, надзяваюць парадныя строі, а галовы прыкрываюць спецыяльнай шапкай-фульбе.
Пасля гэтага яны ўсе выстройваюцца ў адну лінію, танцуюць, спяваюць і спаборнічаюць паміж сабой у прыцягненні ўвагі дзяўчат.
Крытэрыямі прыгажосці для дзяўчат з'яўляюцца стройнасць партнёра, яго высокі рост, белыя вочы і зубы. Таму ўдзельнікі вельмі часта закатваюць вочы і скаляцца, каб падкрэсліць гэтыя характарыстыкі.
У конкурсе ўдзельнічаюць як нежанатыя, так і жанатыя мужчыны, якія шукаюць сабе яшчэ адну жонку (у фулані дазваляецца мець чатырох).
Мужчыны падчас абраду Герэволь. Фота: Wikimedia Commons
Булён на вадзе з нябожчыка
У племені чэва, якое жыве ў Малаві, была традыцыя, звязаная з пахаваннем. Пасля смерці нябожчыка адносяць у свяшчэннае месца, дзе з яго цела, перарэзаўшы горла, зліваюць усю кроў і выдаляюць вантробы. Пасля гэтага нябожчыка абмываюць і на гэтай самай вадзе гатуюць памінальную вячэру. Сэнс традыцыі — адгарадзіць членаў племені ад злых духаў смерці.
Танец з агнём
У племені сан, якое жыве ў Намібіі, Батсване і Анголе, распаўсюджаны дзіўны рытуальны танец, які лічыцца адным з самых важных племянных традыцый. Уся грамада збіраецца вакол вогнішча пад кіраўніцтвам знахараў і старэйшын. Танец выконваецца ў стане трансу. Пад цяжкі рытм барабанаў танцоры павольна рухаюцца ў напрамку агню і паступова пачынаюць танцаваць на вуглях.
Яны бяруць вуголле голымі рукамі і прыкладаюць да розных частак цела. Пры гэтым танцоры не дэманструюць ніякага выражэння болю. Такім чынам знахары спрабуюць вылечыць фізічныя хваробы ў сваім племені, выгнаць злых духаў, якія выклікаюць рэўнасць, гнеў і канфлікты.
Губныя пласціны
У племені мурсі, якое жыве ізалявана ў Эфіопіі, бытавала традыцыя змяшчэння ў ніжнюю губу дзяўчынкі драўлянай пласціны. Рытуал вельмі балючы. Яго праводзіць маці ці бабуля, калі дзяўчынка дасягае 15 гадоў. Спачатку выдаляюцца два, а часам нават і чатыры пярэднія ніжнія зубы. Затым у ніжняй губе робяць надрэз 1—2 сантыметры. У разрэз устаўляецца пробка на той час, пакуль губа не зажыве. Праз 2—3 тыдні ўстаўляецца першая талерачка дыяметрам да 4 сантыметраў. Потым яе рэгулярна мяняюць на большую. Так паступова губа расцягваецца.
Гэтая традыцыя раней існавала шмат у якіх народаў Афрыкі, але да нашых дзён захавалася толькі ў мурсі і іх суседзяў — племені муры.
Кожная жанчына сама стварае з гліны сваю талерку і ўпрыгожвае яе арнаментам. Але гэтая традыцыя не мае абавязковага характару. Кожная дзяўчынка вырашае сама, будзе яна насіць талерку, ці не.
Жанчына мурсі з талеркай у губе. Фота: Wikimedia Commons
Чытайце яшчэ:
Гасцявы шлюб і шматмужняя жонка: дзіўныя сямейныя адносіны
Пігмеі, малярыя і палігамія. Беларуска расказала пра жыццё на афрыканскім экватары