Грамадства11

«Цяпер я б на гэта не пайшоў». Беларус купіў участак зямлі на Занзібары, але аказалася, што ёсць нюансы

Выданне CityDog пагаварыла з беларусам Аляксеем, які шмат падарожнічаў па Афрыцы, а потым захацеў купіць сабе ўчастак зямлі на востраве Занзібар. Праўда, працэс куплі ў яго расцягнуўся на чатыры гады. Чаму так?

Чаму Занзібар: «Тут сапраўдны рай»

Аляксей ўжо каля 15 гадоў жыве ў Маскве. Кажа, што імкнецца часцей падарожнічаць і вельмі шмат ездзіў па Афрыцы — прычым на грамадскім транспарце. Двойчы ягоныя падарожжы заканчваліся на Занзібары.

«Адзін раз я паехаў у падарожжа з поўдня — з ПАР праз Зімбабвэ, Мазамбік, Замбію, Малаві да Танзаніі. Тады я першы раз трапіў на Занзібар, і гэта было 9 або 10 гадоў таму. Пазней я ехаў ужо з поўначы Афрыкі, з Егіпта, і зноў паездка скончылася на Занзібары.

Мне на востраве вельмі спадабалася, там сапраўдны рай — і мільганула думка, што можна было б там нешта рабіць».

Праца: разаслаў прапановы па гатэлях — запрасілі барменам

Праз пару гадоў гісторыя з Занзібарам працягнулася. Незадоўга да свайго адпачынку ў студзені Аляксей разаслаў па ўпадабаных гатэлях прапанову папрацаваць у іх бясплатна — за жыллё і ежу. Адгукнуліся адразу некалькі гасцініц, і адна з іх была на Занзібары.

«Я выбіраў дэмакратычныя, моладзевыя гатэлі па ўсім свеце. Глядзеў проста водгукі на TripAdvisor ці LonelyPlanet і ў месцы, якія падабаліся, дасылаў лісты. Прапановы прыходзілі нават з Лацінскай Амерыкі і Паўднёвай Карэі. З Занзібара у тым ліку — яго я і выбраў. Купіў квіток і прыляцеў».

Цікава, што барменскага вопыту ў Аляксея не было, «толькі тыдні з тры курсаў у Маскве». Але на Занзібары нейкія асаблівыя навыкі і не патрабаваліся — «тут усё яшчэ ў зародкавым стане».

«Жыў я ў добрым нумары, праца была проста па фану. Раніцай наразалі садавіну для сняданку, у абед дапамагалі на кухні, вечарам ужо налівалі напоі на бары, — распавядае Аляксей. — Вялікі плюс такой працы ў тым, што я за той месяц завёў шмат знаёмстваў. Да гэтага часу падтрымліваю сувязі са знаёмымі з Германіі, Швейцарыі, якія тады прыязджалі якраз купляць участкі».

Участак: за 4 гады яго кошт вырас

Участак зямлі на Занзібары Аляксей вырашыў купіць чатыры гады таму. Праўда, аформілі яго першапачаткова «па крывой схеме», таму працэс зацягнуўся.

«Мы не ведалі, як тут што адбываецца, а нам сказалі, што для афармлення патрэбен мясцовы партнёр. Мы заключылі партнёрскае пагадненне, па якім у нас з жонкай — 95%, а ў партнёра — 5%. І ён павінен быў займацца афармленнем ўсіх папер. Але потым высветлілася, што партнёр так нічым і не займаўся, а два гады таму памёр. Адразу прыехаць з-за пандэміі мы не змаглі, таму вось толькі цяпер разграбаем усе пытанні. У адной юрыдычнай кампаніі нам паабяцалі паспрыяць, таму пры добрым раскладзе ўжо праз паўгода ўчастак нарэшце будзе нашым. А пакуль у нас толькі дамова куплі-продажу, папера з пазначэннем межаў участка і слупкі, якімі мы абгарадзілі зямлю тры гады таму.

Тады яшчэ мы наймалі мясцовых, якія ачысцілі ўчастак ад кустоў і травы, але за гэты час усё зарасло яшчэ больш. Ну а пакуль участак да канца не аформлены, будаваць на ім мы нічога не хочам. А так у нас ёсць некалькі варыянтаў развіцця падзей: па-першае, зямлю можна прадаць (яе кошт за гэты час ужо вырас); па-другое, можна пабудаваць міні-гасцініцу і заняцца бізнэсам — праўда, для гэтага прыйдзецца пераехаць на Занзібар, а мы пакуль да гэтага не гатовыя; і па-трэцяе, тут можна пабудаваць лецішча і прыязджаць самім або здаваць.

За ўчастак на першай берагавой лініі, дарэчы, заплацілі 20 000 даляраў. Але ён набываецца не ва ўласнасць (замежнікам нельга), а афармляецца ў лізінг на 33 гады з магчымай пралангацыяй.

Афрыка «знутры»: калі заплаціў аванс, можна забыцца — ніхто нічога рабіць не будзе

«Працуе тут усё жудасна: African style у поўнай красе. Людзі, якія ўжо пачалі весці бізнэс на востраве, кажуць, што гэта цяжка: з персаналам, з іх стаўленнем да працы, з паўсюднай карупцыяй і г. д., калі ісці законным шляхам, будзе доўга і не факт, што наогул магчыма. Калі незаконным, будзе хутчэй, але вельмі крыва. Плюс да ўсяго для цябе як для замежніка будзе зусім іншы кошт паслуг. А яшчэ іншая культура, іншае разуменне прыгажосці.

Мясцовыя на Занзібары жывуць адным днём. Калі абмаляваць ім перспектыву — маўляў, цяпер ты зробіш гэтую працу, потым мы разгорнемся і працы (а адпаведна грошай) будзе больш, — гэта наогул не пранікае ў іх галаву. Толькі тут і цяпер. Калі заплаціў нейкія грошы авансам, можна пра іх забыцца — нейкая праца, можа, і будзе зробленая, але толькі напалову, а потым і наогул закінутая.

Узровень жыцця ў мясцовых вельмі нізкі. Вёскі — гнятлівае відовішча. Яны там жывуць у нейкіх скрынках без шкла, працуюць у полі, нешта вырошчваюць, глядзяць сваіх худых курыц і кароў. Калі б не турызм, які прыносіць і грошы, і працу, я наогул не ўяўляю, як бы яны тут жылі. Акрамя спецый, востраў нічога не вырабляе.

Віза: на тры месяцы ставяць па прылёце

Калі ехаць у Занзібар не пакетным турам, а самастойна, Аляксей усё роўна раіць спыняцца ў гатэлі. Кажа, што прынамсі там будзе гатовая ежа нядрэннай якасці. У адваротным выпадку прыйдзецца закупляцца на рынках — а гэта часта бруд, антысанітарыя і вось гэта вось усё. Нейкія ўніверсальныя крамы з прадуктамі на востраве таксама ёсць, але цэны там на парадак вышэйшыя, бо такія месцы першапачаткова арыентаваныя на прыезджых. «А ў Афрыцы калі ты белы чалавек, то аўтаматычна ў цябе ёсць грошы».

Загадзя рабіць візу на Занзібар не трэба: яна ставіцца па прылёце на тры месяцы і каштуе 50 даляраў. Потым можна выехаць на дзянёк і зноў вярнуцца. А калі пачынаеце свой бізнэс на востраве, то на два-тры гады афармляецца рэзідэнцтва — пасля можна падоўжыць.

Пасля кавіду: цэны выраслі некрытычна, валюта стабільная

«Калі я прыехаў на Занзібар першы раз, на поўначы вострава было ціхае, спакойнае месца з мінімумам гасцініц. І літаральна гады тры таму тут здарыўся турыстычны бум, актыўна сталі будавацца гатэлі, паляцелі турысты, яшчэ і мясцовы аэрапорт стаў прымаць міжнародныя рэйсы (а не толькі лакальныя, як было раней) — і на той жа поўначы зараз шумная тусоўка.

Праз кавід я не быў на Занзібары тры гады, цяпер прыляцелі з жонкай — усё забудоўваецца. Цэны крыху выраслі, але не так крытычна, як у Беларусі ці Расіі. Валюта стабільная — курс мясцовага шылінга амаль такім і застаўся. Так што свой участак на Занзібары — нядрэнны запасны варыянт (ці мала што будзе ў бліжэйшы час у Беларусі і Расіі). А на востраве па факце можна і ў нейкім бунгала без шкла жыць — надвор'е тут круглы год выдатнае».

А навошта наогул ляцець на Занзібар?

«Занзібар — гэта пляжны адпачынак. Плаванне, снорклінг, экскурсіі на іншыя астравы, дэльфіны. Можна ўзяць сафары на кантынент і вярнуцца назад. А нехта робіць узыходжанне на гару Кіліманджара, а потым едзе на Занзібар адпачываць. Нічога іншага тут няма. Мне на Занзібары добра.

На эмоцыях і было прынята рашэнне купіць тут участак — проста парыў душы. Калі б я ведаў, што ўсё гэта расцягнецца на такі доўгі час, то, напэўна, не купляў бы. Тады гэта бачылася больш простым і хуткім. Але, можа, гэта толькі нам так не пашанцавала. Ведаю людзей, якія купілі ўчастак 4 гады таму, пабудавалі гасцініцы — і цяпер у іх ужо ўсё працуе».

Чытайце таксама:

«Іржавы» мост цераз Свіслач не адпрацаваў і месяц

«Найлепшая вуліца» ў Мінску закрылася ўсяго праз пару месяцаў пасля адкрыцця

Каментары1

  • сэм
    16.11.2022
    Бывал, а ці будзеш больш займацца сэксам на пляжы?!

Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука

Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука

Усе навіны →
Усе навіны

Курапаты: на сёння вядома амаль усё11

З 1 студзеня пенсіянеры, якія працуюць, будуць атрымліваць поўную пенсію2

«Падумалі, што будуць «Тры чарапахі», аказалася — дзяржаўны гімн». Што і як цяпер слухае моладзь у Беларусі?3

Археолагі знайшлі фрагмент тунікі, якая належала Аляксандру Македонскаму2

Спевака Ap$ent абвінавацілі, што ён кінуў музыкаў на грошы. У таго іншая версія4

У Ватыкана з'явіўся анімэ-маскот1

Мазгавы цэнтр Крамля незадаволены, што Захад перастаў весціся на ядзерны шантаж. Патрабуе «вяртання страху»3

Як Расія, Кітай і Іран спрабуюць уплываць на прэзідэнцкія выбары ў ЗША

Зяленскі папрасіў у ЗША крылатыя ракеты Tomahawk — The New York Times4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука

Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука

Галоўнае
Усе навіны →