«Гэта зробіць нас толькі мацнейшымі». Беларускія выдаўцы прадавалі кнігі на кірмашы ў Беластоку

Беларускіх выдаўцоў запрасілі на Беластоцкі кніжны кірмаш, які збірае кнігароў з усёй Польшчы. Продажы ішлі вельмі добра. 

22.04.2023 / 23:06

Беларускі павільён на кніжным кірмашы ў Беластоку

Летась у Беластоку на традыцыйным кніжным кірмашы і літаратурным фестывалі «На памежжы культур» Беларусь была прадстаўленая толькі раманам Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном», які выдаў фонд Kamunikat.org. Сёлета свае кнігі, акрамя «Камуніката», прывезлі выдавецтвы «Янушкевіч», «Гутэнберг», «Цымбераў» і ARCHE.

Павільён беларускіх выдавецтваў на кніжным кірмашы ў Беластоку мае нумар 24

«Беларускія незалежныя выдавецтвы выкарысталі ўсе магчымасці, каб паказаць на кірмашы тое, што найбольш цікавае цяпер у Беларусі», — кажа Яраслаў Іванюк, старшыня фонду Kamunikat.org, які ў Польшчы выдае беларускія кнігі.

Фонд, якім ён кіруе, летась перавыдаў 7 кніг Уладзіміра Арлова, а новы зборнік «Імёнаў Свабоды» папоўнены больш чым 40 эсэ. Пабачыла свет кніга «Нерасстраляныя», у якой расказваецца аб 18 беларускіх інтэлектуалах, пісьменніках, забітых у 1937 годзе савецкімі ўладамі.

Яраслаў Іванюк і Андрэй Янушкевіч на кніжным кірмашы ў Беластоку

Яраслаў Іванюк адзначае, што беларускія кнігі папулярныя ў чытачоў.

«Мы па ўсёй Польшчы, а таксама ў Чэхіі і Літве зладзілі больш за 20 сустрэч з Уладзімірам Арловым і на кожнай ладзілі кірмаш беларускай кнігі. Іх набывалі неймаверную колькасць. Пыталі, чаму беларусы набываюць папяровыя кнігі. А нам адказвалі — гэта настальгія. Людзі казалі, што яны пакінулі свае кнігазборы на 5, 7, 10 тысяч асобнікаў у Беларусі і цяпер камплектуюць іх наноў тут», — даводзіць ён.

На кніжным кірмашы ў Беластоку. Наведнікаў мора. Шмат дзяцей. Выбраць кнігі прыходзяць сем'ямі

Выдавец Андрэй Янушкевіч кажа, што ў Польшчы бракуе беларускага атачэння, але інтарэс тутэйшых беларусаў да беларускай культуры не меншы, чым быў тры гады таму, калі адбыўся выбух зацікаўлення.

«Працаваць тут можна, нават калі маеш прыцэл толькі на беларускую аўдыторыю. Радуе, што з ёю ёсць кантакт і людзі цікавяцца кнігамі. А гэта значыць, што варта рабіць справу і ў камерцыйным, і ў культурна-місіянерскім сэнсе», — кажа Андрэй Янушкевіч.

Ён падкрэслівае, што ў Польшчы вялікія магчымасці для распаўсюду кніг і шырокі выбар паліграфічнага матэрыялу, а канкурэнцыя станоўча ўплывае на цэны паслуг.

Сем'ямі выбіраць беларускія кнігі прыходзілі і беларусы 

Яраслаў Іванюк заўважае, што дзейнасць беларускіх выдаўцоў за мяжой — пакуль не надта прыбытковы бізнэс.

«Беларускія кнігі выдаюцца невялікімі накладамі і цаною не могуць канкураваць з польскімі. Польскія кнігі выдаюцца тыражом у 10, 20, 100 тысяч асобнікаў, а нашы — накладам у тысячу. З гэтай прычыны яны даражэйшыя. Але беларусы ў Польшчы, па-за яе межамі кнігі набываюць, таму варта такой дзейнасцю займацца», — лічыць ён.

Кніжны кірмаш праходзіць з 21 па 23 красавіка ў віп-зале гарадскога стадыёна Беластока. Тэматыка твораў, выстаўленых у павільёнах, — самая разнастайная. Акрамя продажу кніг, літаратары і выдаўцы сустракаюцца з чытачамі, праходзяць прэзентацыі новых выданняў ды аўтограф-сесіі.

У беларускім павільёне беластоцкага фэсту

За паўтара дня фэсту беларускія кнігары прадалі некалькі соцень кніг. Купцы бралі лірыку, гісторыю, разбіралі дзіцячую літаратуру. Некаторыя сыходзілі з павільёна з дзясяткам і болей кніжак.

Беластоцкі кніжны фэст сёлета быў юбілейны — дзясяты

На фоне польскіх кнігазбораў беларускі выглядае прыстойна.

«Нам усё б было цікава пачытаць на беларускай мове. Жонцы паказваў «Гары Потэра», але наш пляменнік яшчэ пакуль не чытае па-беларуску», — кажа Сяргей Верамейчык. А яго жонка адзначае: «Я з задавальненнем пачытала «Акулярнік» польскай пісьменніцы беларускага паходжання Катажыны Бонды. Калі былі б пераклады на беларускую іншых яе твораў, то купіла б».

Наведнік Алег набыў «Беларускі каляндар», кнігу «Імёны Свабоды» ды зборнік з успамінамі пра расстраляных гарадзенцаў.

«Каб ведаць, з чаго пачыналіся рэпрэсіі, іх карані, хто адказны за іх, і каб зразумець, як мінулыя рэпрэсіі звязаныя з цяперашнімі», — тлумачыць ён.

Беларускія кнігі на кніжным фэстывалі ў Беластоку

Паводле яго, на чужыне не хапае беларускага асяроддзя і неабходна прасоўваць беларускі парадак дня, які дапаможа беларусам тут.

Краязнаўца Кастусь Шыталь набыў некалькі выданняў на беларускую тэматыку і пахваліўся знаходкай у гандляра антыкварыяту, які разгарнуў свой кнігазбор па суседстве з беларусамі. Кастусю трапіўся самвыдатаўскі падпольны часопіс з успамінамі рэпрэсаваных Саветамі землякоў з Дзісенскага павета. «Гэта была гэтак званая эвакуацыя турмаў, калі НКВДысты проста расстрэльвалі вязняў», — апавёў ён.

Алесь Кудрыцкі на аўтограф-сесіі

Выдаўцы ладзілі і аўтограф-сесіі беларускіх пісьменнікаў. На ёй сустрэўся з чытачамі аўтар дзіцячай кнігі Алесь Кудрыцкі.

«Зразумела, што тут не хапае самой Беларусі. Мы праходзім час вялікіх трагедый людскіх. Беларусам шмат чаго давялося перажыць, але гэта зробіць нас толькі мацнейшымі», — сказаў Алесь Кудрыцкі.

Глядзіце таксама:

Сем рэсурсаў, дзе можна слухаць беларускія аўдыякнігі

Сто беларусаў агучылі кнігу пра дыскрымінацыю роднай мовы

Андрэй Скурко: Cтаранна захоўваючы дэкарацыі мінулага, чалавек падсвядома імкнецца да бессмяротнасці

Nashaniva.com