«Нічога ў нас не будзе, калі не будзе беларускай мовы». Рэпартаж з Дня Волі ў Беластоку
У Беластоку на гэты Дзень Волі сабралася найбольшая колькасць беларусаў за апошнія два гады. У цэнтры горада гучала «Жыве Беларусь!» і «БНР — Быць Нам Разам».
Беластоцкія беларусы пачалі адзначаць Дзень Волі з ускладання кветак да мясцовай вязніцы. У ёй у 1939 годзе, пасля акупацыі Савецкім Саюзам Польшчы, НКВД утрымлівала дзеячаў беларускага руху. Гісторыкі мяркуюць, што тут закатавалі паэта, публіцыста, перакладчыка Макара Краўцова.
«Тут абрываецца след Макара Краўцова, сапраўднае яго прозвішча Макар Краўцэвіч. Ён аўтар слоў нашага нацыянальнага гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Вядома, што сюды яго перавезлі саветы і адсюль, з гэтай турмы, ён ужо не выйшаў. Закатавалі яго падчас допытаў. Ускладаем кветкі яму і ўсім нашым патрыётам, якія тут і ў іншых месцах па ўсім свеце былі закатаваныя», — казаў пад сценамі вязніцы гісторык Алег Латышонак.
Цяпер у гэтым будынку, узведзеным у 1910 годзе пад турму, месціцца следчы ізалятар. На сцяне ўсталяваная шыльда ў памяць аб закатаваных нацыстамі, сталінскай і польскай службамі бяспекі польскіх патрыётах у 1939-56 гадах.
Беластоцкія ўлады павіншавалі беларусаў з Днём Волі, вывесіўшы зранку бела-чырвона-белыя сцягі ў цэнтры горада на балконе Гасціннага палацыка.
Непадалёк ад яго на Рынку Касцюшкі пад помнікам першаму кіраўніку адроджанай у 1918 годзе Польскай дзяржаве Юзафу Пілсудскаму беларуская дыяспара зладзіла мітынг. На яго сабралася некалькі сот чалавек.
Галоўным атрыбутам акцыі стаў 30-метровы бела-чырвона-белы сцяг, разгорнуты ўздоўж пляцу.
З гімна Макара Краўцова і пачаўся мітынг. Далей была зачытаная Трэцяя ўстаўная грамата Ураду БНР.
«Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе ўстаноўчага сойму пастановяць ад будучых дзяржаўных сувязях Беларусі… — гучала над плошчай. —
Абвяшчаючы аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі яе Рада пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычны, дзяржаўны ідэал…»
Арганізатарамі ўрачыстых імпрэзаў да Дня волі ў Беластоку выступілі: галоўны рэдактар штотыднёвіка «Ніва» і дырэктар «Радыё Рацыя» Яўген Вапа, гісторык Алег Латышонак ды лідар палітычнага крыла мясцовай беларускай дыяспары Ян Абадоўскі.
Яўген Вапа вёў мітынг. Ён казаў, што беларуская меншасць у Беластоку адзначае Дзень Волі з 1985 года.
«Мы, беларусы, дзякуючы акту 25 сакавіка, маем тых, каму дзякаваць за нашу сённяшнюю веру, надзею і будучыню, — звяртаўся Яўген Вапа да суайчыннікаў.
— Памятайма, што БНР нараджалася ў агні Першай сусветнай вайны. Былі людзі, якія ўзялі на свае плечы адказнасць лёсавызначальнага палітычнага быцця Беларусі на ўсіх картах свету. За гэта мы ўдзячныя айцам БНР».
Штораз Яўген Вапа звяртаўся да мітынгу са словамі: «БНР — Быць Нам Разам». Грамада адказвала.
Алег Латышонак казаў пра важнасць незабыцця беларусамі сваёй мовы. Ён даводзіў, што для рэжыму Лукашэнкі галоўны вораг — беларушчына. Цяпер, паводле яго, беларуская дзяржава, якую лукашысты прысабечылі, пустая ў сярэдзіне.
«Мы, беларусы Падляшша, маем шчасце, што ў сябе дома. Мы жывём на зямлі Кастуся Каліноўскага, — прамаўляў гісторык. — Кастусь Каліноўскі звяртаўся да беларускага народа на беларускай мове. І найперш асцерагаў ад маскаля. Казаў, што, пакуль ён будзе над намі, то нічога ў нас не будзе. Трэба яшчэ памятаць, што нічога ў нас не будзе, калі не будзе беларускай мовы. Калі мы не будзем думаць па-беларуску, то кожны будзе намі варочаць, як скацінаю… Згадаем лозунг каліноўцаў: «Каго любіш?»
Плошча дружна адазвалася: «Беларусь!»
«Так, узаемна», — адрэагаваў Латышонак.
Пакуль трывалі прамовы, група жанчын рукамі, запэцканымі чырвонай фарбай, размалёўвала плакат з надпісам: «Жыве Беларусь!».
«Наша краіна ў крыві, але мы паказваем, што і ў такіх умовах «Жыве Беларусь». Яна будзе жыць і будзе вольнай. Цяпер беларус беларусу беларус», — тлумачаць ідэю перфомансу яго аўтаркі.
Сугучная са словамі жанчын прамова Яна Абадоўскага. Ён запэўнівае, што акцыі салідарнасці са зняволенай Беларуссю не спыняцца, пакуль яна «не будзе вольнаю, не выйдуць палітвязні, а беларусы, якія былі вымушаныя з'ехаць, не вярнуцца дадому».
«Тое, што нас сёння шмат сабралася, добра. Гэта паказвае, што нашы дзеянні не дарэмныя. Як бы рэжыму Лукашэнкі ні хацелася знішчыць беларускі народ, ён быў, ёсць і будзе. Мы пераможам і «Жыве Беларусь», — падсумаваў Абадоўскі.
«Жыве вечна!» — выбухнула грамада.
На Рынак Касцюшкі беларусы прыйшлі сем’ямі. Нямала дзетак бегала пад разгорнутым вялізным сцягам.
«Я вучыўся ў тыя часы, калі ў Беларусі пра БНР расказвалі ў школе. Тады, відаць, у сілу ўзросту мною сённяшняй даце не надавалася вялікага значэння. Цяпер у эміграцыі разумееш, наколькі важная наша гісторыя, больш востра яе ўспрымаеш», — кажа адзін з удзельнікаў мітынгу Аляксей.
Наступны суразмоўца даводзіць, што пад уплывам падзей апошніх гадоў ён стаў гаварыць па-беларуску, а БНР для яго — мара, да якой трэба імкнуцца ўсім беларусам, каб яна стала яваю.
«Беларусь павінна быць вольнаю, без дэспатызму, расійскага гнёту», — кажа Фёдар.
Палітэмігрантка Кацярына Дзерман у прамове адзначае, што цягам апошніх трох гадоў беларусы пераканаліся, як дорага даецца воля. Яна кажа, што Беларусь дала свету шмат выбітных асобаў, а самі беларусы адракліся ад сваёй мовы.
«Гісторыя не трывае нявывучаных урокаў, і мы зноў гэты ўрок паўтараем, зноў змагаемся за сваю волю, — прамаўляла Кацярына.
— Варта наперш згадаць тых людзей, якія ахвяруюць сваёй воляй дзеля волі Беларусі. Гэта палітвязні. Каб назваць іх імёны, спатрэбіцца гадзіна, а можа, і болей… Мы ўсе жадаем, каб яны выйшлі на волю. Марым пра тое. Мы з гэтым болем жывём. Але мы ганарымся гэтымі людзьмі і іх мужнасцю. Спадзяваюся, што ў Беларусі будзе яшчэ адно свята, як Дзень Волі. Гэта калі палітвязні выйдуць на волю».
Кацярына Дзерман падсумавала прамову словамі салідарнасці з суайчыннікамі ў Беларусі, дзе ім не дазволяць выйсці са сцягамі, спяваць святочныя песні.
На мітынгу выступіў прадстаўнік украінскай дыяспары з віншаваннямі і заклікаў да салідарных дзеянняў з украінцамі, якія адстойваюць сваю незалежнасць. Чалец мясцовай харугвы «Паспалітага рушання» заклікаў суайчыннікаў запісвацца ў яго шэрагі.
Мітынг у цэнтры Беластока доўжыўся больш за гадзіну. Завяршыўся ён яшчэ адным гімнам — багдановічавай «Пагоняй».
Мітынгам адзначэнне Дня Волі беларусамі Падляшша не завяршаецца. Цяпер праходзіць святочны канцэрт.
26 сакавіка дыяспара Беластока запрашае на пікнік, а 27-га ў хабе «Новая Зямля» пройдзе святочная «Мова нанова». 31 сакавіка там жа адбудзецца спектакль фрык-тэатра EX TEMPORE пад назвай «Маскі. Рэтраспектыўны зрэз інстынкту самазахавання. Манадрама».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары