«Gutenberg Publisher будзе не проста выдавецтвам, а і інтэлектуальнай прасторай». Стваральніца беларускага выдавецтва за мяжой — пра працу, грошы, надзеі і перспектывы
У беларускім кніжным свеце з’явіўся новы гулец. Еўрапейскае беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher, створанае ў Кракаве, ужо выпусціла пазл «Бiтва пад Оршай 1514» і навуковае выданне «Беларускі народны соннік». Галоўная рэдактарка Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева, якая раней была адной з заснавальніц студыі «imago.by — Старадаўнія карты і гравюры», расказала ў інтэрв’ю Budzma.org пра стварэнне новага беларускага выдавецтва, выклікі і планы.
03.05.2023 / 17:04
— Спадарыня Валянціна, Gutenberg Publisher — гэта працяг добра вядомага аматарам гісторыі imago.by? Факсімільныя выданні старажытных мап, гравюр былі выдатнай якасці, сам, памятаю, набыў копію лінапрынту Язэпа Драздовіча з серыі «Нябесныя бегі» — гэта былі рэчы, якія ніхто, здаецца, не рабіў у Беларусі, акрамя imago.by.
— Трэба найперш сказаць, што imago.by ўсё ж не было паўнавартасным выдавецтвам, хутчэй за ўсё, правільна сказаць, што imago.by — гэта некамерцыйны праект па вывучэнні і папулярызацыі гісторыі картаграфіі, гісторыі гравюры, імагалогіі нашага краю.
Так, мы выконвалі часам нейкія друкі ўручную, ну але ж гэта немагчыма назваць нейкім бізнэсам ці нейкай рэальнай вытворчасцю, бо ўсё гэта выпускалася вельмі малой колькасцю асобнікаў — уручную, у студыі. Да ўсяго, мы выпускалі ўвесь час артыкулы, пісалі кнігі, нешта расказвалі — хутчэй, гэта такая асветніцкая была праца і папулярызатарская. Але ні выдавецтвам, ні крамай так мы ніколі і не сталі ў выніку. Былі пэўныя арганізацыйныя праблемы, якія не далі imago.by вырасці да выдавецтва, якое можа нармальна функцыянаваць.
Але ўплыў imago.by, які застаўся некамерцыйным праектам па вывучэнні гісторыі картаграфіі, канечне ж, будзе бачны ў дзейнасці выдавецтва Gutenberg Publisher, таму што гэта частка майго жыцця, частка жыцця маёй каманды. Тым не менш, важна раздзяляць выдавецкую дзейнасць, прафесійную ды эканамічную, і культурніцкую дзейнасць студыі imago.by.
— Шмат часу спатрэбілася, каб стварыць сур’ёзны праект па-за межамі роднай краіны? Ці вялікая каманда ў Gutenberg Publisher?
— Увесь час тут на гэта і сышоў. Вось я прыехала ў жніўні 2022 года, і ўвесь гэты час я займалася спробамі працы па арганізацыі выдавецтва. Што тычыцца каманды, то ў ёй некалькі чалавек, да таго ж мы стараемся прыцягваць людзей на розныя праекты часова. Гэта людзі і з-за мяжы, і з Беларусі, таму што для нас прынцыпова падтрымліваць агульную інтэлектуальную прастору з беларусамі, не дзяліць на тых, хто выехаў ці не выехаў, застаўся ці не застаўся. Мы ўсе разам, мы супрацоўнічаем са спецыялістамі з Беларусі, імкнёмся іх падтрымліваць. І такім чынам каманда даволі вялікая.
— Вы канцэнтруецеся толькі на выданні кніг, ці ёсць яшчэ іншыя кірункі працы?
— Літаральна некалькі дзён, як мы нанялі памяшканне, якое мае склад, якое мае такі прыгожы пакой, у якім мы плануем праводзіць сустрэчы, розныя гутаркі, вечарыны, прысвечаныя гісторыі, культуры і літаратуры беларускай.
Пакой — на невялікую колькасць асобаў, напэўна, не больш за 20 асобаў можа прыйсці на мерапрыемства. Але мы цяпер у стадыі набыцця праектара ў лізінг, і ў нас запланавана на май-чэрвень некалькі цікавых лекцый, напрыклад, пра Уладзіміра Караткевіча і цэнзуру.
Асаблівасць гэтых лекцый не ў тым, што іх будуць праводзіць нейкія суперспецыялісты ў канкрэтнай сферы. Суперспецыялісты часта ведаюць вельмі шмат і часта не могуць расказаць гэта на даступнай мове людзям, а тут расказваць гэтыя гісторыі будуць людзі, якія любяць кожны сваю тэму і якія могуць перадаць слухачу зацікаўленасць, цікавыя моманты распавесці, нешта даць такое яркае самае, важнае, не засяроджваючыся на нейкіх дэталях чыста навуковых, якія цікавыя менавіта спецыялістам, але, магчыма, складаныя для ўспрыняцця.
Мы ўжо бачым, што ёсць рэакцыя на нашу ініцыятыву, ёсць людзі, якія запісаліся да нас на лекцыі па кантактнай форме. Нам толькі засталося крышачку давесці да ладу гэтае памяшканне, яно вельмі прыгожае, месціцца ў старым будынку пачатку ХХ стагоддзя з густоўным аздабленнем па лесвіцы і на самым паддашку. Я думаю, што там будзе вельмі ўтульна нам сустракацца і гаварыць пра цікавыя рэчы.
Мы спадзяёмся, што наша выдавецтва стане не проста выдавецтвам, офісам, дзе мы сядзім і друкуем этыкеткі, а клубам, прасторай, куды можна прыйсці пагаварыць пра нешта цікавае, інтэлектуальнае і правесці прыемна вечар. І так, мы спадзяёмся, што будуць нараджацца новыя ідэі па выданні кніжак і, можа, настольных гульняў, па правядзенні праектаў. Для нас гэта такое, неаддзельнае.
— Чаму выбар аднаго з першых прадуктаў ад выдавецтва выпаў на пазл?
— Гэта збег абставін. Пазл «Бітва пад Оршай 1514» з 1000 элементаў мы хацелі выдаць, гэта была ідэя аднаго з удзельнікаў нашай каманды. І пазл выдатна адпавядае філасофіі imago.by, з якой мы працавалі шмат гадоў. Гэта гістарычная ілюстрацыя, праз якую ты вельмі эфектыўна пазнаеш эпоху, не чытаючы цэлы том, але разглядаючы карцінку.
Аднак мы запусцілі адначасова некалькі праектаў, і так сталася, што фабрыка, якая выпускае пазлы, выканала нашу замову найхутчэй, а астатнія па розных прычынах затрымаліся. Але мы ўжо не можам чакаць, пакуль выйдуць усе астатнія нашы праекты, бо ўсё ж такі памяшканне нанятае, мы мусім за гэта плаціць, за арэнду і ўсё астатняе. Таму пастанавілі: значыць, гэта так трэба, што першым выйшаў пазл і кніжка «Беларускі народны соннік».
— Якія выданні чакаюць нас найбліжэйшым часам ад Gutenberg Publisher?
— У нас падрыхтаваныя яшчэ дзве настольныя гульні. Гэта гульні на беларускай мове, а гульня «Шляхта» таксама паралельна мае правілы і апісанне біяграфіі выдатных асоб гісторыі на ангельскай мове, то-бок на ёй абсалютна можна арганічна гуляць і ангельскамоўным, і беларускамоўным гульцам. Таксама рыхтуем дзіцячую кніжку «Джа. Легенда аб забраным сэрцы». Яшчэ выйдзе кніжка на ангельскай мове, на жаль, не магу пакуль сказаць яе назву, але яна будзе вельмі прыгожая, файная, хутчэй за ўсё, выйдзе ўлетку. Пакуль што гэта пытанне выканання, друку, не прэзентуем выданне, пакуль не дачакаемся пацвярджэння выканання нашай замовы.
— Выдаецеся ў Польшчы?
— Усё робіцца не абавязкова ў Польшчы. Некаторыя праекты свае друкуем у Кітаі, тыя, якія самыя дарагія, бо гэта нашмат танней. Канечне, даводзіцца чакаць, гэта адна з прычын, чаму мы затрымліваемся, але паколькі ў нас абсалютна ніякага капіталу няма, то ашчаджэнне нейкай сумы нам больш актуальнае, чым на месяц ці два раней атрымаць кніжку. На жаль, пакуль што так. Можна было б рабіць хутчэй, але пакуль што мы мусім гранічна ашчаджаць сродкі. Гэта не адаб’ецца на якасці, якасць мы кантралюем вельмі строга. Але гэта адбіваецца на часе выканання.
— У апісанні місіі выдавецтва вядзецца пра інвестыцыі, то-бок вы не працуеце за нейкія сродкі ў выглядзе падтрымкі культурніцкіх праектаў, а спрабуеце рабіць камерцыйна паспяховае прадпрыемства?
— Так, гэта не гранты, гэта не незваротныя нейкія грошы, якія мы атрымалі і можам не вяртаць. Вось усё тое, што цяпер выйшла і найбліжэйшым часам мае выходзіць, выходзіць на грошы, якія мы мусім і плануем вярнуць. Гэта ўсё вельмі строга. Ёсць людзі, якія нас падтрымліваюць і выдзяляюць нам невялічкую суму, ёсць чалавек, які нас падтрымаў вельмі моцна — і мы яму шчыра ўдзячныя, але ўсё ж такі памер гэтых ахвяраванняў нашмат меншы, чым сума інвестыцыйных грошай, якія мы прыцягнулі.
— Ці ёсць супраца з іншымі беларускімі выдавецтвамі, што апынуліся ці былі створаныя за мяжой? Ці гэта больш пра канкурэнцыю?
— Ёсць узаемакантакт, нам гэта нова, яшчэ такога не было ў Беларусі, каб выдавецтвы так супрацоўнічалі. Хаця я досыць новы ў сферы чалавек, але так разумею, што сапраўднай супольнасці такой аднадумнай за гэты час яшчэ не склалася, аднак мы намагаемся яе ўтварыць тут, мы ўсе разумеем, што нам трэба дапамагаць адно аднаму, што мы робім агульную справу.
Вось кірмаш кнігі ў Беластоку вельмі добра гэта паказвае, бо ўсе, хто змог арганізацыйна, прысутнічалі разам на адным стэндзе беларускіх незалежных выдаўцоў. Вялікі дзякуй Андрэю Янушкевічу, ён дапамог гэта арганізаваць. А да гэтага ўвосень мы былі агульным стэндам на кірмашы гістарычнай кнігі ў Варшаве. Агульнае жаданне супрацоўнічаць, нейкім чынам спрыяць адно аднаму ёсць — і гэта цудоўна! І хочацца верыць, што мы не падзелімся. Зрэшты, працы ўсім стае.
— Спадзяюся, калісьці такі выдавецкі, так бы мовіць, кластар вернецца ў Беларусь, бо ўсё ж галоўны спажывец там…
— Пытанне ў адкрытасці межаў і ў стаўленні ўладаў. Бо калі б толькі была магчымасць арганізоўваць, перавозіць праз мяжу, узаемаразлічвацца паміж еўрапейскімі краінамі і Беларуссю без санкцый банкаўскіх, то гэта на адзін шчаўчок пальцамі распаўсюдзілася б на Беларусь, бо беларусаў у Беларусі болей усё ж такі, чым у свеце. І мы б хацелі працаваць для іх, ды і працуем — шукаем спосабы, як для іх працаваць. І кожны б хацеў.
Самае каштоўнае сёння ў тым, што ёсць людзі, якія стварылі — вось як і мы ставімся да свайго выдавецтва — рэзерв у бяспечным месцы. І цяпер пакуль што крыху зменшылася рызыка, што беларуская кніга занепадзе і знікне па той прычыне, што ў Беларусі яе нельга выдаваць.
На шчасце, ёсць механізмы перасылкі, беларусаў шмат за мяжой, беларусы за мяжой разумеюць неабходнасць падтрымліваць гэтыя праекты, проста карыстаючыся імі, набываючы кнігі, чытаючы, удзельнічаючы ў вечарынах, дыскусіях. І гэта дае падставы для аптымізму, бо свет цяпер без межаў, папраўдзе. Электронны свет без межаў, але нават і папяровая кніга мае шанцы нашмат большыя, чым сто ці дзвесце гадоў таму, перасячы мяжу і дабрацца да чытачоў у Беларусі ці па-за яе межамі.
Таму мне здаецца, што можна працаваць, што ўсё будзе добра, што пагроза значна зменшылася дзякуючы таму, што выдаўцы тут таксама арганізавалі выдавецкія праекты. А ў Беларусь гэта ўсё паліецца адным вялізным патокам, адной плынню, як толькі прыйдзе час.
Чытайце таксама:
Спявак Ілля Сільчукоў, звольнены з мінскага Опернага за ўдзел у пратэстах, дэбютуе ў La Scala
Беларуская рада культуры запускае чарговы магістрат
Кацярына Ваданосава вышыла шыкоўны вясельны строй — толькі паглядзіце