Янушкевіч у «Жыцці-маліне»: Ваўкі не ведаюць, што такое дараванне

Выдавец і гісторык па спецыяльнасці Андрэй Янушкевіч у чарговым выпуску ютуб-канала «Жыццё-маліна» расказаў пра свой погляд на нацыянальную ідэю, нацыянальныя эліты, Азаронка, Скарыну і Гары Потэра.

06.05.2023 / 22:33

Выдавец Андрэй Янушкевіч у студыі ютуб-канала «Жыццё-маліна». Стоп-кадр відэа

Чаму адкрыў «Кнігаўку» ў 2022 годзе

Па словах Андрэя Янушкевіча, ён не бачыў ніякай небяспекі, калі ў маі 2022 годзе ў Мінску адкрыў кнігарню з выключна беларускай літаратурай. 

«Я яшчэ разумею, каб я выдаў, умоўна кажучы, новую кнігу Бахарэвіча. На той момант, у красавіку месяцы, я не думаў і не падазраваў, што гэта можа мець такія наступствы. Ты адкрываеш пляцоўку, каб прадаваць тыя ж самыя кнігі, якія ў той самы момант прадаюцца ў тваёй інтэрнэт-краме.

У той час нас выгналі з офіса. Нам трэба было шукаць новую лакацыю. І мы, паглядзеўшы на абставіны, якія былі спрыяльныя (шмат гандлёвых плошчаў вызвалілася, арэндныя стаўкі панізіліся), вырашылі зрабіць «ход канём» і адкрыць кнігарню», — тлумачыць Янушкевіч.

Ён таксама адзначае, што яго памылка была ў тым, што ён не ведаў, што стаяла за выгнаннем выдавецтва з офіса. Выдаўцу вельмі хацелася зрабіць сенсацыю.

«Што гэта пачатак сістэмнай атакі супраць беларускіх выдавецтваў, мы на той момант не ведалі. Нам вельмі хацелася зрабіць сенсацыю. Мы нават сваім блізкім не казалі, што займаемся падрыхтоўкай да адкрыцця кнігарні. Калі за два дні да адкрыцця мы выставілі навіну ў інстаграме, то гэта мела эфект бомбы», — згадвае Янушкевіч.

Выдавец адзначае, што спачатку шкадаваў, што так выйшла з кнігарняй, што супрацоўніца адбыла адміністрацыйны тэрмін.

«Але калі глядзець на тыя падзеі, што абыліся цягам гэтага года, то ты разумееш, што табе не далі б працаваць. І тым ці іншым чынам мы спазналі б рэпрэсіі, ціск. Як гэта спазналі іншыя выдавецтвы, якія засталіся ў Беларусі. І ўсё скончылася б гэтак жа сама: пазбаўленнем ліцэнзіі, фактычным закрыццём выдавецтва. Магчыма, яшчэ нейкімі арыштамі», — разважае выдавец.

Янушкевіч згадвае, што за той адзіны дзень, калі працавала кнігарня, быў атрыманы прыбытак, роўны кошту месячнай арэнды памяшкання. Пасля закрыцця кнігарні працягнуўся гандаль оптам. Адгружаліся вялікія партыі. Эфект быў параўнальны з сітуацыяй 2021 года, калі да выдаўца прыйшоў ДФР, а рахункі былі заблакаваныя.

«Ніхто нам не рабіў лепшай рэкламы, чым ДФР. Пра нас даведалася ўся краіна», — адзначае выдавец.

Пра наведванне кнігарні Азаронкам і Гладкай

«Яны прыйшлі як звычайныя наведвальнікі, разглядалі кнігі, папрасілі парэкамендаваць што-небудзь па гісторыі. Я лічыў, што яны прыйшлі паглядзець, пашумець, справакаваць на нейкія патрэбныя ім адказы, каб знайсці крамолу і, магчыма, адлюстраваць у нейкіх сваіх рэпартажах. Не больш за тое. 

Я ім у канцы яшчэ сказаў, што патраціў 50 хвілін часу, а яны нічога не набылі. Яны адказалі, што не проста так прыходзілі. Я толькі паціснуў плячыма, бо здагадацца аб тым, што будзе ўвечары, я не мог»,

— згадвае Янушкевіч. І дадае, што не чакаў такога хуткага рэагавання:

«Калі літаральна праз шэсць гадзін прыедзе каманда ГУБАЗіКа, пакажа дакумент, падпісаны намеснікам генеральнага пракурора аб тым, што ў кнігарні распаўсюджваецца экстрэмісцкая прадукцыя».

Сваё актуальнае стаўленне да прапагандыстаў, якія да яго прыходзілі, Андрэй Янушкевіч выказаў коратка: «На дурняў не крыўдуюць».

Пра мэту свайго затрымання

 «Я ўвесь час пытаўся: «Што вы ад мяне хочаце? Што вам трэба, каб адсюль выйсці?» А ў адказ яны паціскалі плячыма. Цяпер я магу акрэсліць іх мэту. Па-першае, нагнаць страху. Каб ты дзесьці сядзеў пад плінтусам і не высоўваўся. Можна сказаць, яны сваёй мэты дасягнулі. Сапраўды, выдавецкая дзейнасць у Беларусі спыненая. З іншага боку, я сядзеў у выхаваўча-педагагічных мэтах. Я павінен быў за гэты месяц уразумець, што я нешта няправільна раблю, трэба нешта мяняць. Я і памяняў. Я адтуль з'ехаў», — гаворыць Янушкевіч.

Палітычныя погляды

У 1994 годзе Андрэй Янушкевіч, па яго словах, галасаваў за Зянона Пазняка. Ён удзельнічаў у акцыях, якія праводзіліся ў Гродне, супраць вынікаў рэферэндуму 1996 года.

Ён лічыць, што цяпер беларусы адназначна бліжэй да перамогі, чым у 2020 годзе:

«Беларусы не здаліся, не супакоіліся. Так, у нас абрэзаныя крылы, мала магчымасцяў. Але беларусы не перамяніліся. Нават калі беларусы маўчаць, то ўсе цудоўна разумеюць, што трэба мяняць не проста ўладу, а трэба ўвогуле мяняць жыццёвыя вектары. Мы ідзём не туды, дзе нас чакае светлая будучыня».

Адносна прапановы Мацукевіча аб вядзенні перамоў з Лукашэнкам аб палітзняволеных выдавец заўважае: «Я падтрымліваю гэта ў той ступені, калі гэта сапраўды будзе мець эфект. Калі хаця б адзін зняволены будзе вызвалены. Але таксама ёсць пытанне, якім коштам. І ці не скончыцца гэта ўсё тым, што Лукашэнка чарговы раз «кіне». І замест аднаго вызваленага зняволенага з'явіцца пяць».

Андрэй Янушкевіч лічыць, што беларусы адназначна не гатовыя «перагарнуць старонку» і зноў палюбіць Лукашэнку. Ён хоча, каб над людзьмі, якія тварылі беззаконне, адбыўся суд па максімальнай строгасці, і каб яны адказалі за свае ўчынкі. У выпадку, калі яны шчыра пакаюцца, то можна думаць аб дараванні.

«Але я ў гэта не веру. Ваўкі не ведаюць, што такое дараванне», — адзначае Янушкевіч.

Пра выдавецкую дзейнасць

Па словах Янушкевіча, ён адносіцца да сваёй працы як да бізнэсу. Пры гэтым не лічыць сябе багатым чалавекам. Выдавец не мае ні машыны, ні нерухомай маёмасці.

«Гэта бізнэс на культуры. Але толькі дзякуючы гэтаму можна сумяшчаць бізнэс-інтарэсы і ствараць культурныя рэчы. Я мог бы выцягваць грошы з бізнэсу, каб неяк «шыкаваць», але думаю пра выраб новых кніг. Гэта прынясе і новыя грошы, і паслужыць нейкім культурным мэтам», — заўважае выдавец.

Янушкевіч адзначае, што яго выдавецкай дзейнасці істотна дапамагла ініцыятыва Беларускай рады культуры «магістрат «Кнігаўка». У выніку ахвяраванняў каля 300 чалавек у выдаўца з'явіліся грошы, якія дазволілі, па яго словах, упэўнена ісці па атрыманне правоў на выданне Стывена Кінга.

Выдавец адзначае, што дамовіцца з агентамі Кінга было не так цяжка, як у выпадку з выданнем «Гары Потэра», бо «дарожка была ўжо набітая. Ты ведаеш, што рабіць. Цябе ведаюць крышку ў свеце. Ты можаш атрымаць рэкамендацыі».

Янушкевіч згадвае, што агенты Джаан Роўлінг на прапанову аб выданні дзвюх тысяч экзэмпляраў кнігі на беларускай мове адказалі, што па сваёй аналітыцы бачаць, што кніга ў краіне даступная на рускай мове і праблемы няма. Давялося тлумачыць.

«Спачатку мы ўключылі пафасны момант. Тлумачылі, што кніга «Гары Потэр» абавязкова павінна быць на беларускай мове, што гэта паслужыць нашаму духоўнаму адраджэнню. Больш дарослых і дзяцей далучыцца да вывучэння беларускай мовы. Але нас хутка «абламалі». Нам прапанавалі адказаць, ці знойдуцца пакупнікі на кнігі. Ці атрымаецца на гэтым зрабіць бізнэс. «Нам трэба, каб у кнігі быў чытач».

Тады мы змянілі падыход. Патлумачылі, чым беларуская мова адрозніваецца ад рускай. Што ахвотных чытаць на беларускай мове ўсё больш і больш. Мы хочам скарыстацца гэтай эканамічнай сітуацыяй. Не толькі культурнай. І гэта паслужыць далейшаму распаўсюду кніг пра Гары Потэра. І тады далі згоду», — згадвае выдавец і адзначае, што гэта быў самы прыбытковы праект:

«Ужо першая кніга паказала, што мы выцягнулі правільную карту. Калі ў мяне пытаюцца, дзякуючы чаму мы развіваемся, пашыраем свой каталог кніг, то я адказваю, што ўсё гэта робіцца дзякуючы «Гары Потэру». Адзін паспяховы бестселер цягне за сабою яшчэ дзесяць кніг».

У той жа час у выпадку з Кінгам было дзве акалічнасці. Неабходна было патлумачыць, чаму беларускае выдавецтва працуе за мяжою. Другая была звязаная з пазіцыяй Кінга адносна Расіі (ён забраў правы ў расіян).

«Так як Беларусь — саюзніца Расіі, была небяспека, што не атрымаецца дамовіцца. Але камунікацыя была выдатная, хуткая. Мы патлумачылі, хто мы, свае мэты, чаму для нас гэта важна, зрабілі прыстойную прапанову. З намі крыху патаргаваліся і заключылі дамову»,

— распавядае Янушкевіч і дадае, што правы былі набытыя не толькі на папяровую кнігу, але і на электронную ды аўдыякнігі.

Значэнне «Гары Потэра» для беларускай мовы

Андрэй Янушкевіч адзначае: «Гары Потэр» шмат каму з дарослых па-новаму адкрыў беларускую мову, прымусіў па-новаму паглядзець на беларускую кнігу. Я вельмі часта чуў ад людзей стэрэатыпнае: «А что, такое бывает?» Людзі прывыклі, што беларуская кніга — гэта школьная праграма: Колас, Купала, Багдановіч. У лепшым выпадку яшчэ Караткевіч. І ўсё. Што нейкія пераклады брэндавых сучасных аўтараў не для беларускай мовы.

Гэта тая прастора, якая захопленая расійскімі выдавецтвамі, рускамоўнай кнігай. «Гары Потэр» разбураў гэтыя стэрэатыпы як ніхто. Таму што пра кнігі Роўлінг хоць раз чуў кожны. Нават той, хто не чытае і не цікавіцца.

Памятаю, мне адна дзяўчына сказала, што пасля школы яна 15 гадоў не звярталася да беларускай мовы. Не было патрэбы і жадання штосьці беларускае чытаць. Але яна (ці яе дзеці) фанатка Гары Потэра і яна вырашыла купіць кнігу на беларускай мове, таму што ўсе купляюць. І калі яна яе прачытала, яна прыйшла па другую кнігу. І не толькі па «Гары Потэра». Яна распавядала: «Гэта так класна гучыць, што ў мяне гонар з'явіўся за тое, што я беларуска».

Якія б кнігі выдаў

Кнігі пра Ціханоўскую, Бабарыку ці Калеснікаву, на думку выдаўца, былі б цікавыя беларускаму чытачу. Таксама як і гісторыя пра Tut.by. Прычым наклады былі б даволі вялікія.

«Гісторыя Tut.by была б цікавая з гледзішча гісторыі бізнэсу і раскруткі масмедыя. А Бабарыка, Калеснікава — гэта тыя палітыкі, героі», — адзначае Янушкевіч.

Для выдаўца не існуе людзей, біяграфію якіх ён адмовіўся б выдаць. «Адзінае патрабаванне. Я люблю крытычныя біяграфіі. Не хацеў бы выдаваць аўтабіяграфію як помнік, апраўданне сваёй дзейнасці».

Погляд, як гісторыка, на Вялікае Княства Літоўскае

Андрэй Янушкевіч раіць не разглядаць Вялікае Княства Літоўскае ў нацыянальных афарбоўках: «Тады былі іншыя часы. Саслоўнае грамадства. І ВКЛ было дзяржавай вялікага князя і тых слаёў насельніцтва, на якіх ён абапіраўся (духавенства, магнаты, шляхта). Мы як за апошні буёк выратавання чапляемся за геаграфічны прынцып. Для нас геаграфія, тэрыторыя — гэта апора. Вось нехта нарадзіўся на нашай зямлі. Ён — наш. Вось на нашай тэрыторыі адбылася тая ці іншая падзея. Яна таксама наша. Але не ўсё так проста.

Да пачатку ХХ стагоддзя аблічча беларускіх гарадоў цяжка назваць беларускім у нацыянальным сэнсе. Яны былі яўрэйска-расійска-польскімі. З XIX стагоддзя нікуды не дзенешся ад працэсаў урбанізацыі. Гэта таксама наша гісторыя. Але ці абавязкова ў нацыянальнай афарбоўцы?

Падыход, калі мы гаворым, што ВКЛ наша, цалкам зразумелы пры папулярызацыі гісторыі, выкарыстанні яе як палітычнай ідэалогіі. Любой дзяржаве патрэбна гісторыя як ідэалагічная апора. Але калі мы гаворым пра сапраўдную навуку, то мы, навукоўцы, павінны ўсе гэтыя ідэалагічныя ўстаноўкі, усю гэтую рамантыку па магчымасці прыбраць. Неабходна падыходзіць да гістарычных падзей з максімальна рэалістычным цынізмам».

Погляд на Скарыну як на выдаўца

Андрэй Янушкевіч адзначае, што ідэя аб выданні кніг была камерцыйнай. Ён не аспрэчвае, што яна мела пад сабою і культурную, асветніцкую місію. Але з улікам таго, колькі грошай трэба было ўкласці, гэта было дарагое задавальненне.

«Тыя, хто прафінансаваў гэтае мерапрыемства, спадзяваліся на прыбытак. Я не вялікі спецыяліст у скарыназнаўстве, але наколькі ведаю, гэтая ідэя з трэскам правалілася. Брата Скарыны судзілі за даўгі. Друкар таксама меў праблемы.

Мяне заўсёды бянтэжыў факт, што потым, на працягу XVI — XVIІІ стагоддзяў, кнігі Скарыны не сталі нейкай бібліяграфічнай каштоўнасцю. На іх не палявалі бібліяфілы. Вельмі мала згадак пра кнігі Скарыны.

У канцы ХІХ стагоддзя ўжо навукоўцамі, калі поўнасцю памяняўся свет, адбылося пераадкрыццё Скарыны. І гэта адбылося даволі выпадкова. Мы не часта пра гэта гаворым. Для нас Францішак Скарына — гэта пазітыўная ідэя. Гэта наш сцяг. Але калі мы бяромся за навуку, хочам глядзець праўдзе ў вочы, трэба не забываць і пра такія рэчы», — лічыць выдавец.

Гісторыя БНР падобная да сённяшняй сітуацыі

Андрэй Янушкевіч лічыць, што мы «не зрабілі высноў з гісторыі БНР. Калі яна вельмі актыўна шукала падтрымкі знешняй, а ўнутранай проста не мела». На яго думку, гісторыя БНР вельмі нагадвае сённяшнюю сітуацыю:

«Мы па-ранейшаму жывём за кошт знешняй падтрымкі. Нашы палітычныя структуры, недзяржаўныя грамадскія арганізацыі. Мы ўсе існуём за кошт донарскай падтрымкі. Але калі мы не створым базу для ўнутранага фінансавання, калі не будзем прадукаваць уласныя рэсурсы, у нас зноў, як і ў БНР, не будзе ўласных сіл, каб дзейнічаць.

Тут я маю надзею перадусім на прадпрымальнікаў, на бізнэсменаў, на тых, хто зарабляе вялікія грошы і не будзе забываць інвеставаць у беларускую культуру, беларускую справу, беларускую эліту. Нам вельмі патрэбна, каб доля знешняга фінансавання знізілася, бо гэта вельмі расслабляе. Бээсэсэраўская мадэль жыцця ў нас выпрацавала халяву. Што эканомікі, што паўсядзённага жыцця. Я заклікаю да самадастатковасці. Яна — падстава для незалежнасці. Але гэта не тычыцца культурных і сацыяльных праектаў, якія без падтрымкі не могуць існаваць».

Нацыянальная ідэя і нацыянальная эліта

Янушкевіч патлумачыў, што ён меў на ўвазе, калі заяўляў, што ён не фанат нацыянальнай ідэі, а фанат нацыянальнай практыкі. На яго думку, вельмі кепскі дыягназ, калі ў нас нібы існуе свая незалежная дзяржава, а мы ўсё разважаем, пакутліва шукаем, што такое нацыянальная ідэя.

«Усе гэтыя дыскусіі бясплодныя і толькі перашкаджаюць справе. Для мяне беларуская нацыянальная ідэя заключаецца ў двух словах — «Жыве Беларусь». І працуй на Беларусь, калі адносна сябе і да кожнага казаць. Калі я чую пытанні пра нацыянальную ідэю, то задаю сабе маўклівае пытанне, ці не маюць людзі праблемы з ідэнтычнасцю. У мяне такой праблемы няма. Я даўно вырашыў, што я беларус і працую на гэтую краіну. Вось мая нацыянальная ідэя».

Для Андрэя Янушкевіча нацыянальная эліта — гэта перадусім творцы, якія прадукуюць новыя крэатыўныя ідэі. А таксама тыя, хто іх рэалізоўвае. Асабліва, калі мець на ўвазе тую эліту, якая мае для гэтага рэсурсы. Ён заўважае, што пастаянна бачыць дыскусіі, бег на месцы, бясплодныя рухі.

«Мы знаходзімся недзе ў канцы 1990-х. І, на жаль, топчамся на месцы. Мы прывыклі працаваць з дапамогай дзяржбюджэту. Той, хто ўладкаваўся з дапамогай дзяржбюджэту, пачувае сябе добра. Я маю на ўвазе дзяржбюджэт не толькі беларускі, але і амерыканскі, польскі. Мы пазбаўленыя зараз сваёй дзяржавы і хочацца, каб само грамадства, тая эліта, што апынулася тут, думала, як нам падняцца.

Цяпер эліта займаецца пераліваннем з пустога ў парожняе. За той час, як я знаходжуся тут, не заўважана ніякіх зрухаў ні ў палітычнай, ні ў сацыяльнай сферы. І, па вялікім рахунку, у культурнай. У мяне асабіста надзея на выхад на самадастатковае існаванне».

Чытайце яшчэ:

Выдавец Андрэй Янушкевіч: Наша інтэлектуальная эліта страціла пачуцце рэальнасці. Адчуванне, што на дварэ не 2020 год, а 1995-ы

Янушкевіч расказаў, які раман Кінга яны выдадуць па-беларуску і калі

«Гэта зробіць нас толькі мацнейшымі». Беларускія выдаўцы прадавалі кнігі на кірмашы ў Беластоку

Nashaniva.com