Запрацаваў сэрвіс «Моўная даведка» ад Інстытута мовазнаўства
Пачаў працу сэрвіс «Моўная даведка» ад Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён будзе адказваць на пытанні, якія тычацца правапісу, вымаўлення, значэння і ўжывання слоў і выразаў, гісторыі беларускай мовы, народных гаворак, этымалогіі, лінгвістычных выданняў.
11.05.2023 / 14:23
Пра сэрвіс паведаміў твітэр-акаўнт Беларускага N-корпуса.
«Моўная даведка» ставіць за мэту павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыю выданняў Інстытута мовазнаўства, аб’ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову.
Скрын даведкі
Дасылаць пытанні можна на электронную пошту daviedka@belcentre.by. На сайце будуць размяшчацца толькі пытанні, адказы на якія могуць быць карысныя шырокаму колу чытачоў. Адказы даюцца бясплатна.
Падобны па функцыі сайт Грамота.ру для праверкі правапісу рускай мовы дзейнічае аж з 2000 года.
На сайце ж самога Беларускага N-корпуса маецца корпус тэкстаў сучаснай беларускай мовы, дзе можна адшукаць ужыванне таго ці іншага слова або выразу ў кантэксце.
Яшчэ адзін сэрвіс на сайце, «Беларускі Біблійны корпус», змяшчае 16 перакладаў Бібліі на беларускую мову, а таксама тэксты на іншых мовах (лаціна, яўрэйская, украінская, польская і іншыя) для параўнанняў і ўяўляе сабой зручны і эфектыўны інструмент для перакладчыкаў і даследчыкаў Бібліі.
А раздзел «Праверка правапісу +анлайн» дапаможа пазбавіцца памылак у тэксце, напісаным афіцыйным правапісам. Тут жа можна спампаваць карысны дадатак для браўзера LanguageTool для праверкі беларускага правапісу.
Чытайце таксама:
«Łupі łacіnkaj!» Беларус зрабіў лацінізатар для Mac
Беларусы збіраюць подпісы, каб на айфонах і макбуках дадалі беларускую мову ў якасці сістэмнай
У інтэрнэце стварылі петыцыю, каб у Google Translate з’явілася беларуская агучка