Чаму апошні кейс з дагаварнякамі ў беларускім футболе — лютая ганьба
Праз дамоўныя матчы футбольны чэмпіён Беларусі-2022, салігорскі «Шахцёр», пазбаўлены тытула і ачкоў, пакараныя яшчэ два клубы, дзясяткі гульцоў дыскваліфікаваныя. Тлумачым маштаб гэтага скандалу.
11.05.2023 / 16:11
Фота: fcshakhter.by
Пад небывалае пакаранне трапіў топавы беларускі клуб
«Шахцёр» доўгі час быў адным з лідараў беларускага футбола, а ў мінулыя два гады — 2020-ы і 2021-ы — увогуле браў чэмпіёнства. Згадаем таксама чэмпіёнства 2005 года, шэсць срэбраных медалёў і восем бронз беларускага чэмпіянату — і гэта толькі ў гісторыі незалежнай Беларусі. Салігарчане рэгулярна ўдзельнічалі ў еўракубках, хаця апошні на сёння для іх пераможны еўракубкавы матч і датуецца летам 2019 года — гэта была гульня з дацкім «Эсб'ергам» у другім адборачным раўндзе Лігі Еўропы.
Адно з пакаранняў «Шахцёра» — мінус 30 ачкоў у чэмпіянаце краіны-2023. То-бок цяпер каманда з Салігорска знаходзіцца на апошнім месцы турнірнай табліцы з адмоўным балансам у мінус 17 ачкоў.
Верагодна, «Шахцёр» будзе вымушаны ў бягучым сезоне змагацца не за чарговае чэмпіёнства, а за тое, каб не праваліцца ў ніжэйшы дывізіён — першую лігу. У гісторыі незалежнай Беларусі салігорская каманда там яшчэ не бывала.
Маштаб гісторыі ўражвае
Адлуп ад беларускай футбольнай федэрацыі (АБФФ) атрымаў не толькі «Шахцёр», але і яшчэ два клубы — «РЦАР-БДУ» (раней вядомы як «Энергетык-БДУ») і «Белшына».
Першая каманда зорак з неба не хапала, але ж у апошнія гады стала сапраўднай сенсацыяй у беларускім футболе (калі ён яшчэ здольны іх нараджаць). Клуб без вялікіх грашовых уліванняў, затое з поўнымі энтузіязму гульцамі, другі раз у сваёй гісторыі ўзляцеў у вышэйшую лігу ў 2018 годзе. Наступныя некалькі сезонаў каманда боўталася ў ніжняй частцы табліцы, затое ў 2022 годзе «студэнты», як іх называлі, заваявалі срэбра чэмпіянату і сімпатыі тых нешматлікіх заўзятараў, якія яшчэ ёсць у белфутбола. Цяпер няма ні срэбра, ні першага ў гісторыі права на еўракубкі (якое выцякае з атрыманага срэбра), ды і з сімпатыямі, відаць, далей будзе не так проста.
Што да бабруйскай «Белшыны», гэты клуб ужо дабіраўся і да чэмпіёнства (2001 год), і да перамогі ў беларускім футбольным Кубку (1997, 1999, 2001 гады), і да еўракубкаў. Тым не менш, у апошнія гады «Белшына» боўтаецца на мяжы вышэйшай і першай ліг і не запамінаецца ў вышцы роўна нічым.
У дадатак, клуб не ў найлепшым фінансавым становішчы: напрыклад, узімку каманда знялася з турніра «Белазавец» па прычыне эканоміі грошай. Унёсак за турнір складаў 1500 рублёў, плюс ад каманды патрабавалася даехаць з Бабруйска да Жодзіна — і нават гэта для іх дорага.
Цяпер жа клуб, як і «РЦАР-БДУ», мусіць знайсці на штрафы нашмат большую суму — 2 тысячы базавых (74 тысячы рублёў). У «Белшыны» таксама дыскваліфікаваная (хаця пакуль што і ўмоўна) большая частка каманды, у тым ліку і галоўны трэнер.
Адну з найвялікшых дыскваліфікацый — ажно на пяць гадоў! — атрымаў Анатоль Юрэвіч. І гэта таксама шакуючая дэталь, бо Юрэвіч — адна з культавых асобаў беларускага футбола і адзін з людзей, адказных за ўзлёт тады яшчэ «Энергетыка-БДУ» ў канцы 2010-х. Нядаўна Юрэвіча прызначылі дзяржаўным трэнерам па футболе, то-бок зрабілі галоўным куратарам гэтага віду спорту ў Беларусі, і яго прызначэнне ўзгодненае з Аляксандрам Лукашэнкам. Выходзіць, на гэтую пасаду не знайшлі больш надзейнай асобы?
Дададзім, што гісторыя з гэтымі дагаварнякамі наўрад ці скончыцца пакараннем ад АБФФ, бо яе ўдзельнікі могуць атрымаць і крымінальную справу за дамоўныя матчы ад беларускага суда (дарэчы, на аднаго з прадстаўнікоў «Шахцёра» яна ўжо заведзеная). Застаецца толькі здагадвацца, які насамрэч памер індустрыі дагаварнякоў у Беларусі.
Скандал такога памеру, відаць, першы ў беларускім футболе, ды і ў сусветным футболе аналагічныя выпадкі бываюць рэдка.
Згадаем падобную гісторыю з італьянскага футбола, якая атрымала назву «Кальчопалі». Гэта карупцыйны скандал 2006 года, у якім былі замазаныя пяць каманд з першай і другой ліг чэмпіянату краіны: «Мілан», «Фіярэнціна», «Ювентус», «Лацыа» і «Рэджына». Верагодна, самы гучны яго вынік — перавод аднаго з грандаў еўрапейскага футбола, «Ювентуса», у лігу на ўзровень ніжэй.
Клуб з Турына гэта, аднак, вытрымаў, а вось ці вытрымаюць «Шахцёр», «РЦАР-БДУ» і «Белшына» балючыя аплявухі ад АБФФ?
У салігорскага «Шахцёра» забралі чэмпіёнства 2022 года, а таксама 30 ачкоў у гэтым сезоне