Грамадства

Чорная бухгалтэрыя, назапашаныя даўгі, сумнеўныя трансферы. Як працуюць каламутныя схемы ў салігорскім «Шахцёры»

У апошнія дні гучней за ўсё ў беларускім футболе гавораць пра салігорскі «Шахцёр». Але прычына гэтага не спартыўныя дасягненні, а карупцыйныя схемы, якія выходзяць на паверхню. Падрабязнасці таго, як у футбольным «Шахцёры» у апошнія гады вяліся справы, даведалася «Трыбуна». 

Уладзімір Нідэргаўс і Іван Галаваты

У канцы мінулага працоўнага тыдня расіянін Антон Смірноў, які называе сябе спартовым юрыстам, прад'явіў прэтэнзіі «гарнякам» праз доўг перад яго кліентам, трэнерам брамнікаў Валерыем Чыжовым і наогул абвінаваціў Салігорск у выкарыстанні сумнеўных схем і «калгасным» вядзенні спраў.

Праз два дні стала вядома пра затрыманне ў Мінску спартыўнага дырэктара «Шахцёра» Уладзіміра Нідэргауса. Ураджэнца Казахстана падазраюць у махлярстве, што пагражае яму 10 гадамі пазбаўлення волі са штрафам. За некалькі дзён да гэтага СМІ пісалі пра тое, што Нідэргаус хутка стане спартыўным дырэктарам казахстанскага клуба «Табол».

Што за каламутныя схемы з кантрактамі ў клубе?

Некалькі дзён таму Смірноў заявіў пра наяўнасць «чорнай бухгалтэрыі» ў салігорскім футбольным клубе. У якасці доказу праўдзівасці сваіх слоў ён нават гатовы прайсці праверку на паліграфе.

Пра тое, што ў клубе з выплатамі не ўсё чыста і законна, у беларускай футбольнай супольнасці гаварылі і раней, аднак прэтэнзій пры гэтым ніхто не прад'яўляў. На гэтым фоне рыторыка Смірнова гучыць вельмі жорстка:

«У салігорскім «Шахцёры» квітнее «чорная бухгалтэрыя». Гэта пацвердзіць кожны, хто працаваў у клубе. Прэміяльныя плацяцца гатоўкай у канверце, заробкі ўстанаўлiваюць у памерах вышэй за ліміты, устаноўленыя заканадаўствам, такім чынам уводзяць у зман гульцоў і трэнераў, завабліваюць да сябе, а потым не выконваюць абавязкаў па выплаце, прыкрываючыся лімітамі.

Бонус за чэмпіёнства да 31 снежня павінен быў быць выплачаны — няма разумення, калі будзе. Да мяне беларусы [гульцы клуба] звяртаюцца, таму што ўжо стаміліся ад абяцанняў, ад «заўтракаў», ад хамскага стаўлення непрафесійнага», — заявіў расіянін.

«Трыбуна» даведалася падрабязнасці таго, як у «Шахцёры» вядзецца бухгалтэрыя.

Клуб запрашае да сябе ўмоўнага легіянера. Натуральна, прывабіць у Беларусь яго можна вялікім заробкам, таму што ўзровень нашага чэмпіянату футбалістаў з-за мяжы не прыцягвае. Аднак па законе «Шахцёр» не можа плаціць вышэй за ліміты, якія прапісаныя ў пастанове ўрада. З нядаўніх часоў гэтыя ліміты яшчэ знізілі.

І што тады робіць клуб? Усё проста. З футбалістам заключаецца кантракт, дзе заробкі прапісаныя строга ў адпаведнасці з лімітамі. Гэты кантракт рэгіструецца ў АБФФ, затым — у ФІФА. Усё ў адпаведнасці з заканадаўствам. Тут да «Шахцёра» няма ніякіх прэтэнзій.

Але ж гулец ішоў на зусім іншыя грошы, не на ўмоўныя дзве тысячы долараў. І тут са спартоўцам заключаецца дадатковае пагадненне, у якім прапісаныя ўжо зусім іншыя лічбы: прэміяльныя, пад'ёмныя, заробкі і іншае. Разам з афіцыйным кантрактам выходзіць якраз тая сума, якая і была абяцаная футбалісту пры перамовах. Вось толькі дадатковыя дамовы нідзе не рэгіструюцца. Але грошы па іх усё ж звычайна плацяцца, хаця і з нюансамі, пра якія ніжэй.

Футбалісты, відавочна, ідуць на пэўную рызыку. Так, ім абяцаюць вялікія грошы, але калі раптам выплаты спыняюцца і назапашваюцца даўгі, то што можа даказаць гулец? Кантрактныя абавязкі адпаведна з футбольным заканадаўствам клуб выконвае, заробкі ў межах лімітаў выдае своечасова. А дадатковыя пагадненні не зарэгістраваныя ні ў АБФФ, ні ў ФІФА, так што ў гэтыя інстанцыі футбаліст звярнуцца не можа. У найлепшым выпадку гулец пойдзе ў эканамічны суд, бо дадатковыя дамовы юрыдычную сілу ўсё ж такі маюць.

Там ёсць і пячатка клуба, і подпісы бакоў, якія заключылі дамову. Але разбіральніцтвы ў эканамічным судзе ў Беларусі могуць цягнуцца гадамі, што выдатна разумее «Шахцёр». Нямногія футбалісты гатовыя адстойваць свае правы на доўгай дыстанцыі, таму часта ў выніку згаджаюцца на ўмовы клуба — пры сыходзе атрымліваюць выплаты куды ніжэйшыя за абяцаныя.

У «Шахцёра» назапасіліся сур'ёзныя даўгі

Салігорскі клуб такую схему пры падпісанні кантрактаў з футбалістамі пракручваў не адзін год. Пра гэта «Трыбуне» распавялі некалькі не звязаных адна з адной крыніц, якія знаёмыя з сітуацыяй. Зрэшты, гэта не адзінае дзівацтва ў дзейнасці клуба.

Як журналістам удалося даведацца, у цяперашнi момант «Шахцёр» вінен пэўную суму за арэнду стадыёна «Будаўнік», якая з'яўляецца ўласнасцю горада. Пры гэтым даўгі «гарнякоў» распасціраюцца далёка за межы Салігорска.

Доўгі час каманда, калі прыязджала ў Мінск за дзень да матчу, начавала ў гасцініцы «Вікторыя Алімп», якая знаходзіцца ў суседнім будынку ад штаб-кватэры так званага Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Цяпер двухмесны нумар з двума ложкамі плюс сняданак у гэтым гатэлі абыходзяцца прыкладна ў 200 рублёў за суткі. У такія нумары звычайна селяць футбалістаў. Аднамесны нумар для галоўнага трэнера, напрыклад, каштуе ў раёне 180 рублёў.

Аднак з нядаўніх часоў дзверы гатэля перад «Шахцёрам» зачыніліся. ФК доўга жыў у гатэлі ў доўг — неяк атрымоўвалася дамаўляцца на пагашэнне сумы ў будучыні. Але «гарнякі» ў выніку не рабілі гэтага. І атрымалася, што многія гады перад мінскімі матчамі «Шахцёр» жыў у «Вікторыі» «бясплатна».

У ход ішлі гарантыйныя лісты, якія складаліся з гатэлем. У лістах прапісвалася, што ФК абавязуецца ў вызначаныя тэрміны пагасіць даўгі, але ў выніку не рабіў гэтага — а замест таго падпісваў новыя лісты.

Падчас мінулага сезона «гарнякам» паставілі ўмову: ці сплачвайце даўгі і жывіце далей, ці шукайце новы гатэль. «Шахцёр» абраў другі варыянт (і абавязак перад «Вікторыяй» па-ранейшаму вісіць).

На нейкі час салігарчане перасяліліся ў гатэль Mariott, што побач з футбольным манежам, хоць гэты гатэль куды даражэйшы за «Вікторыю». Напрыклад, двухмесны нумар у Mariott каштуе ад 190 долараў за суткі, аднамесны — ад 170 долараў. І на новым месцы «Шахцёр» жыў у доўг, які таксама не пагашаны.

Акрамя таго, не ўсё добра і па разліках з футбалістамі. Напрыклад, удалося даведацца дэталі пераходу Ягора Філіпенкі ва «Урал». У свой час абаронца перабіраўся з БАТЭ ў «Шахцёр» на адзін з самых высокіх у клубе кантрактаў — у раёне 20 тысяч долараў. Было гэта яшчэ да ўвядзення лімітаў. Пасля таго, як «столі» па заробках увялі, многім гульцам прапанавалі пайсці на істотнае зніжэнне заробку. Зноў жа, асноўныя кантракты заключаліся паводле лімітаў, але былі яшчэ і дадатковыя пагадненні.

Ягор пагадзіўся на новыя ўмовы, але ў верасні 2022-га перайшоў ва «Урал». Пры гэтым, як расказалі суразмоўцы «Трыбуны», пераход мог і не адбыцца. Абаронца не хацеў пакідаць «Шахцёр», пакуль клуб цалкам з ім не разлічыцца. А за амаль два гады сума доўгу перад гульцом накапала вялікая — некалькі соцень тысяч долараў. Аднамомантна расплаціцца з гульцом «Шахцёр» не мог (ці не хацеў), але судовага разгляду ўсё ж пазбег.

Ягор Філіпенка

Паводле інфармацыі «Трыбуны», дапамог у гэтым якраз «Урал», які сплаціў доўг «гарнякоў» перад Філіпенкам, каб той, па сутнасці, забыўся пра свае прэтэнзіі і пагадзіўся пераехаць у Расію.

Такім жа чынам нібыта ў гэтае міжсезонне сышлі і некаторыя іншыя футбалісты. Праўда, удакладняць прозвішчы суразмоўцы «Трыбуны» не сталі.

А яшчэ раней прэтэнзіі да «даўжніка» ў асобе «Шахцёра» прад'яўлялі венгры. «Гарнякі» летам 2021-га праводзілі еўракубкавыя матчы толькі за мяжой з прычыны санкцый, што накладзеныя на белфутбол. У прыватнасці, хатні паядынак супраць «Фолы Эш» з Люксембурга праводзіўся ў Венгрыі, на стадыёне клуба «Мезекевешд».

На базе гэтага ФК «гарнякі» трэніраваліся, а ў клубным гатэлі жылі і перад першым матчам з люксембуржцамі, і перад гульнёй у адказ. А калі больш дакладна, з 16 па 26 ліпеня. Аднак за пражыванне своечасова так і не заплацілі. Як расказваў у СМІ вядомы ў мінулым украінскі футбаліст Сяргей Кузняцоў, які займаецца цяпер у Венгрыі прадпрымальніцтвам, а таксама дапамагае клубам з постсавецкай прасторы ў арганізацыі збораў і матчаў, «гарнякі» засталіся вінныя больш за 13 тысяч еўра.

Па кантракце яны былі абавязаныя пагасіць суму цягам месяца, але так і не зрабілі гэтага. Ці павінен «Шахцёр» нешта венграм у цяперашнi момант, нам даведацца, на жаль, не ўдалося.

Нідэргаус і Марчанка — пешкі ў схемах «Шахцёра»

Калі стала вядома пра затрыманне спартыўнага дырэктара «гарнякоў» Уладзіміра Нідэргауса, расіянін Смірноў у сваім тэлеграм-канале напісаў, што «час затрымліваць таварыша Марчанку. Да яго пытанняў павінна быць значна больш».

«Трыбуна» пагутарыла з рознымі людзьмі, якія маюць уяўленні пра тое, як пракручваюцца справы ў Салігорску. І яны далі зразумець, што Марчанка і Нідэргаус — усяго толькі пешкі ў каламутных справах «Шахцёра».

Аляксандр Марчанка ў цяперашнi момант з'яўляецца дырэктарам клуба. Уладзімір Нідэргаус да нядаўняга часу быў у ФК спартыўным дырэктарам, праўда, яго прозвішча на сайце клуба ўжо не знайсці — пасля з'яўлення навіны пра затрыманне функцыянера з кіраўніцтва хуценька прыбралі.

Па звестках «Трыбуны», казахстанец раней наведваў практычна ўсе трэніроўкі каманды, размаўляў з легіянерамі і некаторымі беларусамі. Увогуле ўважліва сачыў за працай калектыву. Але ў гэтае міжсезонне пасля выхаду каманды з адпачынку Нідэргаўс не з'явіўся ні на адной трэніроўцы. Больш за тое, апошні раз у мэсэнджарах функцыянер быў 14 студзеня, хаця раней, па назіраннях нашых суразмоўцаў, быў на сувязі ледзь не кругласутачна.

Зрэшты, куды цікавейшае іншае. Як удалося даведацца, усімі справамі па трансферах ужо некалькі гадоў негалосна, знаходзячыся ў ценю, займаецца іншы чалавек — Яўген Култаеў. Падрабязней пра тое, як пракручваюцца схемы з пераходамі гульцоў у/з Салігорска дзякуючы гэтаму агенту, «Трыбуна» пісала ўвесну 2020-га.

З тых часоў, як запэўніваюць крыніцы «Трыбуны», нічога не змянілася. Култаеў вядзе перамовы з футбалістамі, у тым ліку па фінансавым складніку, але нідзе афіцыйна не фігуруе і ніякай пасады не займае. Усе подпісы ў дакументах належаць Марчанку і Нідэргаусу. Такім чынам, нават калі за «Шахцёр» і возьмуцца праз сумнеўныя схемы, Култаеў да іх як бы і не мае дачынення.

Пры гэтым суразмоўцы прапануюць браць яшчэ вышэй. Маўляў, і сам Култаеў адыгрывае далёка не вядучую ролю. Куды больш улады, што натуральна, у старшыні праўлення «Шахцёра», генеральнага дырэктара «Беларуськалія» Івана Галаватага.

Іван Галаваты з Аляксандрам Лукашэнкам

Менавіта ён вырашае, каму і колькі даваць грошай, перад кім і якім чынам закрываць даўгі. І нават калі на рахунку клуба афіцыйна няма фінансаў, яны бяруцца з іншых крыніц, па сутнасці, з бюджэту «Беларуськалія».

Чаму футбольны Салігорск не выклікаў цікавасці з боку кантралюючых органаў, нягледзячы на багацце дзіўных здзелак, можна толькі здагадвацца. Самая відавочная гіпотэза — сувязь Галаватага з сям'ёй Лукашэнак. Паводле інфармацыі СМІ, калійны менеджар з'яўляецца хросным бацькам адной з дачок Віктара Лукашэнкі.

Ці дапаможа гэта цяпер пазбегнуць пераследу і пакарання? Ці, можа, услед за Нідэргаусам паляціць галава Марчанкi, а бос «Беларуськалія» застанецца «сухім», бо ён грае важную ролю ў абыходзе калійных санкцый, што накладзеныя на Беларусь? Па інфармацыі «Трыбуны», футбольнай гісторыяй зацікавіліся ў сілавых структурах Лукашэнкі, з-за чаго і пачаліся актыўныя праверкі ў клубе.

Чытайце таксама:

Затрымалі намесніка дырэктара футбольнага клуба «Шахцёр»

Каментары

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

Навукоўцы знайшлі тлумачэнне «туману ў галаве» пасля кавіду1

Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»7

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы кажа, што рост колькасці імігрантаў з Беларусі ўяўляе пагрозу. Але па статыстыцы беларусаў у Літве становіцца менш10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць32

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →