Беларускія кнігары, дзіцячыя і дарослыя кнігі ў Варшаве на кніжным кірмашы
Кніжны кірмаш будзе праходзіць з 25 па 28 мая ў варшаўскім Палацы культуры і навукі. Беларускія кнігі на кірмашы будуць выстаўлены на асобным стэндзе. Адбудуцца сустрэчы аўтараў кніг з чытачамі і прэзентацыі кніжных навінак.
26.05.2023 / 22:46
Ілюстрацыйнае фота. Калаж з кнігамі беларускіх выдавецтваў
«Калі вы хочаце пагрузіцца ў свет беларускай літаратуры і культуры, набыць новыя кнігі, а таксама наведаць творчыя сустрэчы незалежных аўтараў — у нас для вас ёсць цудоўныя навіны», — паведамляе пра кірмаш адзін з яго арганізатараў — Цэнтр беларускай салідарнасці.
Сустрэчы з аўтарамі кніг, іх прэзентацыі з аўтограф-сесіямі пройдуць ля самога стэнда і ў канферэнц-зале Палаца культуры і навукі.
27 мая (12:00—12:55, канферэнц-зала) пісьменнік і гісторык Сяргей Тарасаў прэзентуе сваю кнігу «Еўфрасіння, Афрасіння, Офрасіння Полацкая. Яе час, яе крыж» пра жыццё і таямніцы святой Еўфрасінні Полацкай.
27 мая (15:00—15:55, канферэнц-зала) знаны паэт, пісьменнік, гісторык Уладзімір Арлоў раскажа пра ранейшыя свае бестселеры, а таксама навінкі ад выдавецтва «Камунікат».
27 мая (18:00—18:55, канферэнц-зала) з чытачамі сустрэнецца вядомы паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.
Ля стэнда 26 мая (18:00—19:00), а таксама 27 мая (14:00—15:00) сустрэнецца з чытачамі і правядзе аўтограф-сесію Паўліна Скурко — жонка Андрэя Скурко. Паліна прэзентуе зборнікі мужавых вершаў «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» ды перакладной кнігі «Добры доктар Будзь-Здароў».
Ля стэнда 26 мая (17:00—18:00), 27 мая (17:00—18:00) прывітае наведнікаў і чытачоў сваіх твораў пісьменніца, перакладчыца і журналістка Святлана Курс. Яна аўтарка кнігі «Па што ідзеш, воўча?» выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм».
Ля стэнда 26 мая а 17-й гадзіне паэтка Наста Кудасава і мастачка Сафія-Святлана Дземідовіч прэзентуюць кнігу «Побач», выдадзеную імпрынтам Skarynyčy.
Ля стэнда 27 мая (10:30—11:55) пісьменнік Аляксандр Кудрыцкі раскажа пра сваю новую кнігу «Казік з Каменнай горкі», якая пабачыла свет у выдавецтве «Янушкевіч».
Ля стэнда 27 мая (13:00—13:55) аўтограф-сесію правядзе даследчык-нумізмат Дзмітрый Гулецкі.
Ля стэнда 27 мая (13:00—14:30) прэзентуе кнігу прозы «Тастамент Рагвалода» яе аўтар Алесь Аркуш. Зборнік выдадзены імпрынтам Skarynyčy.
Ля стэнда 28 мая (11:00—12:00) пра кнігу для дзяцей «Каток-пестунок» раскажа яе ўкладальнік пісьменнік Васіль Дранько-Майсюк.
Стэнд беларускіх кніг арганізаваў Цэнтр беларускай салідарнасці ў партнёрстве з Цэнтрам навуковых даследаванняў Польскай акадэміі навук у Берліне. Праект дафінансаваны са сродкаў Фонду польска-нямецкага супрацоўніцтва.
Месяц таму на кніжным кірмашы ў Беластоку беларускіх выдаўцоў, іх прадукцыю, а таксама аўтараў кніг цёпла сустрэла мясцовая беларуская дыяспара. Ля стэнда з беларускімі выданнямі было мнагалюдна.
Глядзіце таксама:
Выйшла кніга пра тое, як нашы продкі ў часы Рэчы Паспалітай вялі палітыку на рэгіянальным узроўні
Эканамічны суд з падачы Міністэрства інфармацыі ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа