Беларуская эканоміка ў 2023-м можа дацягнуць да ўзроўню 2019 года, а можа і не дацягнуць
Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC прааналізаваў, як змяняўся стан беларускай эканомікі цягам года.
29.05.2023 / 12:16
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Высновы аўтараў экспрэс-аналізу выглядаюць пазітыўнымі для беларускай эканомікі на фоне вайны ва Украіне і шоку ад яе для сусветнай эканомікі.
У ім адзначана, што беларуская эканоміка ў красавіку 2023 вырасла прыкладна на 4% да красавіка 2022 года.
Назіраецца адаптацыя да санкцый, аднак аб’ём валавога ўнутранага прадукту яшчэ не дацягвае да сярэднемесячнага ўзроўню 2019 года. Найбольшы ўнёсак у гадавы рост ВУП зрабіў гандаль.
Дынаміка ВУП і дабаўленай вартасці галін беларускай эканомікі. ВУП у красавіку 2023 года вырас прыкладна на 4% да красавіка 2022 года. Графік: цэнтр BEROC
У каментары «Нашай Ніве» эксперты BEROC звярнулі ўвагу, што леташняй вясною беларуская эканоміка зазнала маштабны шок. Праз сур'ёзнае ўзмацненне санкцыйнага рэжыму і рэпутацыйных страт парушылася функцыянаванне вытворча-лагістычных ланцужкоў.
Па выніках II квартала 2022 года спад беларускай эканомікі выявіўся самым глыбокім у XXI стагоддзі:
«ВУП знізіўся прыкладна на 7,4% у красавіку 2022 года да красавіка 2021 года, на 8,6% у маі і на 8,0% у чэрвені. Адпаведна, вясной гэтага года мы параўноўваем абʼём ВУП з яго вельмі нізкімі ўзроўнямі мінулага года», — тлумачаць эксперты.
Але паволі гаспадарка адаптаваліся да новых умоваў.
«Не ўсе краіны датрымоўваюцца санкцыйнага рэжыму заходніх дзяржаваў у дачыненні да Беларусі і Расіі. Гэта дае магчымасць паступова пераналаджваць ланцужкі паставак тавараў і паслуг у Беларусь і знаходзіць магчымасці збыту беларускай прадукцыі на знешніх рынках», — даводзяць у BEROC.
Аптовы сегмент атрымаў падтрымку за кошт нарошчвання экспарту калію, транспартных сродкаў і, магчыма, дзеяння схем рээкспарту тавараў у Расію праз Беларусь, як гаворыцца ў экспрэс-аналізе эканамістаў.
Структура росту ВУП Беларусі. Найбольшы ўнёсак у гадавы рост ВУП у красавіку зрабіў гандаль — больш чым на 15 працэнтаў. Графік: цэнтр BEROC
Да таго ж, з сярэдзіны мінулага года Нацбанк прыкметна змякчыў манетарную палітыку, што садзейнічала паступоваму аднаўленню крэдытавання. Узмацнілася дзяржпадтрымка эканомікі. Да канца 2022 года стымулюючы характар набыла падаткова-бюджэтная палітыка.
Тое спрыяла частковаму аднаўленню эканомікі ў другой палове 2022-га і пачатку 2023-га пасля наймацнейшага леташняга правалу, што і адбілася ў росце ВУП на 4% у красавіку 2023 года.
Рознічны гандаль прыкметна прырос, дзякуючы ўзмацненню спажывецкага попыту на фоне працяглай рэалізацыі мяккай манетарнай палітыкі, гаворыцца ў аналізе эканамічнай актыўнасці.
У ім адзначаецца, што рост заробкаў таксама стымулюе попыт на тавары, аднак уплыў заробкаў у значнай ступені нівелюецца скарачэннем занятасці.
Беларуская эканоміка, аднак, пакуль яшчэ не дасягнула абʼёму чатырохгадовай даўніны.
Дапушчаныя страты наўрад ці ўдасца знівеліраваць у бліжэйшай перспектыве, бо ўплыў санкцый — доўгая гісторыя.
«Абʼём ВУП у красавіку 2023 года заставаўся прыкладна на 3,7% ніжэйшым у параўнанні з узроўнем красавіка 2021 года і на 0,6% ніжэйшым у параўнанні з дапандэмічным красавіком 2019 годам», — ілюструюць лічбамі эксперты BEROC.
Устойлівасці вытворчасці і фінансавага становішча рэальнага сектару эканомікі пагражае нерэалізаваныя прадукцыя.
Дынаміка складскіх запасаў (злева) і знешняга гандлю таварамі (справа). Складскія запасы ў красавіку знізіліся, але застаюцца высокімі. Графік: цэнтр BEROC
На складах у красавіку з улікам састарэласці ўплыву сезоннага фактару назапашана каля 73% месячнага абʼёму тавараў прамысловай вытворчасці. Гэта на 16 працэнтных пунктаў больш, чым у 2021 годзе.
Вайна ва Украіне і расійская падтрымка
Вайна ва Украіне істотна ўплывае на эканоміку. Падтрымка Беларуссю расійскай агрэсіі прывяла да разрываў вытворча-лагістычных сувязяў і пагаршэння бізнэс-клімату ў краіне.
Расійская падтрымка беларускай эканомікі з вайной не змяншаецца. Расія працягвае даваць крэдыты, рэструктурызуе беларускія даўгі.
Вызначыць суму гэтай дапамогі складана.
Але пра тое, што яна ёсць, ускосна сведчыць, напрыклад, павелічэнне доўгу сектару дзяржаўнага кіравання Беларусі па крэдытах і пазыках на 388 мільёнаў даляраў, адзначаюць эксперты.
Беларускія нафтавікі. Ілюстрацыйнае фота «Нашай Нівы»
Беларусь выкарыстоўвае транспартна-лагістычную інфраструктуру Расіі для пераарыентацыі паставак тавараў, якія трапілі пад санкцыі.
«Так, праз Расію летась было пастаўлена на сусветны рынак больш за 3 мільёны тон беларускіх нафтапрадуктаў і больш за 3,5 мільёна тон беларускіх угнаенняў», — адзначаюць у BEROC.
Даступнасць танных расійскіх энергарэсурсаў станоўча ўплывае на канкурэнтаздольнасць беларускіх вытворцаў.
У 2022 годзе нечакана вялікую выгаду прынесла істотнае зніжэнне цэны на расійскую нафту Urals адносна коштаў на нафту Brent.
«Паводле ацэнак на аснове ўскосных даных, Беларусь летась закупляла нафту ў Расіі ў сярэднім па кошце прыблізным 69 $/bbl пры каціроўках Brent на сусветным рынку каля 100 $/bbl. Пашырэнне дысконту расійскай нафты магло прынесці Беларусі эканомію каля $1,7 мільярда (або 2,3% ВУП) на імпарце нафты ў 2022 годзе. У 2023-м прыбытак можа сягнуць $2,7 мільярда пры спрыяльным збегу акалічнасцяў», — падкрэсліваюць эксперты.
Беларусь можа быць хабам для перавалкі ў Расію прадукцыі паралельнага імпарту, выкарыстоўваючы адрозненні ў санкцыйным рэжыме, і нажывацца на гэтым.
«Так, рэзкае паскарэнне экспарту тавараў з Беларусі ў Расію з лета мінулага года суправаджалася моцным павелічэннем імпарту тавараў у Беларусь з краін па-за СНД. Не выключана, што цераз Беларусь у Расію могуць пастаўляцца ў тым ліку аўтамабілі», — мяркуюць эксперты.
Мінусы, якія абрынаюць надзеі
Расійскае спрыянне, аднак, не пакрывае ўсіх стратаў беларускай эканомікі.
Экспарт тавараў, які ў I квартале 2023 года ў параўнанні з леташнім I кварталам ірвануў наперад на 13 працэнтаў у фізічных аб'ёмах больш чым на 15 працэнтаў, па выніках мінулага года прасеў на 24 працэнты ў параўнанні з 2021 годам.
Троху падправіць сітуацыю ўдалося па меры пераарыентацыі беларускіх вытворцаў на рынак Расіі і ў выніку перанастройкі схем збыту падсанкцыйных беларускіх тавараў.
«Зыходзячы з даступных даных, поўнасцю аднавіць абʼёмы экспарту не ўдалося па выніках I квартала 2023 года. Яго аб’ём у фізічным выражэнні быў прыкладна на 8,5% ніжэйшы за ўзровень I квартала 2021 года, а таксама за паказчык I квартала 2019 года», — адзначаюць эксперты.
На іх погляд, да канца 2023 года імпульс да росту экспарту згасне.
Беларускія шахцёры. Ілюстрацыйнае фота «Нашай Нівы»
«Падтрымка беларускіх вытворцаў на расійскім рынку з-за ўмацавання беларускага рубля да расійскага знізілася, а поўнае аднаўленне экспарту калію і прадукцыі дрэваапрацоўкі наўрад ці будзе магчымым у бліжэйшай перспектыве з-за інфраструктурных абмежаванняў», — прагназуюць у BEROC.
Эксперты звяртаюць увагу на рэзкае прасяданне апрацоўчай прамысловасці цягам аднаго сёлетняга месяца: з 10,6 працэнта ў сакавіку да 4,9 працэнта ў красавіку.
Калі падзенне тэмпу ў Гомельскай вобласці звязваецца з рамонтнымі працамі на нафтаперапрацоўчым камбінаце ў Мазыры, то правал на Віцебшчыне выклікае пытанні.
На думку экспертаў, зніжэнне выпуску можа быць часовым, аднак нельга выключаць з'яўлення праблемаў у лагістычных ланцужках збыту беларускіх нафтапрадуктаў.
Буйныя галіны прамысловасці таксама зазнаюць негатыўны ўплыў ад умацавання беларускага рубля да расійскага, якое вядзе да аслаблення канкурэнтных пераваг на расійскім рынку.
«Дынаміка прамысловай вытворчасці прытармазіла ў красавіку 2023 года, у тым ліку з-за маштабнага спаду выпуску прадукцыі нафтаперапрацоўкі, які можа мець часовы характар. Слабасць IT-сектара і скарачэнні генерацыі энергіі стрымлівалі рост ВУП», — адзначана ў экспрэс-аналізе.
У BEROC прагназуюць рост беларускай эканомікі ў 2023 годзе на ўзроўні 2,5 працэнта, а ў 2024 годзе — 1,1 працэнта.
У II квартале бягучага года рост ВУП можа перавысіць 5% у адносінах да II квартала 2022 года, але будзе запавольвацца ў далейшым з-за абмежаванай прасторы для нарошчвання выпуску.
Абʼём ВУП Беларусі ў 2023-2024 гадах застанецца ніжэйшым за ўзровень 2021 года прыкладна на 2,3% па выніках 2023 года і на 1,2% па выніках 2024 года, прагназуюць эканамісты.
Да таго прывядзе структурны спад у IT-сектары, які быў драйверам росту эканомікі з 2018 да пачатку 2022 гадоў. А таксама ўплыў санкцый і таксічнасці супрацы з беларускімі прадпрыемствамі на чалавечы капітал, інвестыцыйны клімат і тэхналагічнае развіццё.
Паводле экспертаў, стымулюючая манетарная палітыка прывядзе да перагрэву ўнутранага попыту ў другой палове 2023 года, што выкліча рост інфляцыі да 8% да канца 2023 года.
Пры ўзмацненні стымулявання ўнутранага попыту інфляцыя можа паскорыцца яшчэ больш, што павысіць рызыкі ўваходжання эканомікі ў рэцэсію ў наступным годзе. Яна можа ўвайсці ў рэцэсію ў спалучэнні з павышанымі інфляцыйнымі і дэвальвацыйнымі чаканнямі.
Глядзіце таксама:
Міжнародны валютны фонд палепшыў прагноз па беларускай эканоміцы
Беларуская эканоміка пайшла ў рост, але «мабілізацыйныя падыходы» захаваюцца