Больш за ўсё ад развіцця штучнага інтэлекту пацярпяць работнікі разумовай працы — аналітыкі
Паводле новай справаздачы кампаніі McKinsey, сусветны бум укаранення штучнага інтэлекту распачне эпоху значнага росту прадукцыйнасці і большага росквіту для адных ды глыбокіх узрушэнняў для іншых, у першую чаргу для работнікаў разумовай працы.
18.06.2023 / 16:13
Выява: vecteezy.com
На гэта звяртае ўвагу Bloomberg, спасылаючыся на нядаўна апублікаванае даследаванне аўтарытэтнай міжнароднай кансалтынгавай кампаніі, якая спецыялізуецца на рашэнні задач, звязаных са стратэгічным кіраваннем.
Падчас даследавання разгледзелі 63 варыянты выкарыстання генератыўнага штучнага інтэлекту (ШІ) прыкладна ў 850 прафесіях. Гэта тып ШІ можа генераваць тэкст, малюнкі, музыку або іншыя медыяданыя на аснове падказкі.
У залежнасці ад таго, як тэхналогію прымуць і будуць рэалізоўваць, рост прадукцыйнасці, як адзначаюць аналітыкі, можа вар'іравацца ад 0,1% да 0,6% на працягу наступных 20 гадоў.
Паводле даследавання, генератыўны ШІ можа прыносіць ад 2,6 трлн да 4,4 трлн даляраў штогод у 63 прааналізаваных варыянтах выкарыстання. Для параўнання: увесь ВУП Вялікабрытаніі ў 2021 годзе склаў 3,1 трлн даляраў.
Bloomberg цытуе адну з аўтараў справаздачы — старшыню рады McKinsey Technology Ларэйну Йі (Lareina Yee):
«Генератыўны штучны інтэлект дасць людзям новую «звышздольнасць», а эканоміцы — такую неабходную дадатковую прадукцыйнасць. Кіраўнікі бізнэсу павінны разумець, якія віды дзейнасці могуць быць змененыя з дапамогай новых тэхналогій, заснаваных на штучным інтэлекце, і як яны жадаюць пераасэнсаваць свае працэсы і стратэгіі. Гэта патрабуе ад іх лідарскага выбару і эфектыўнай рэалізацыі».
У справаздачы гаворыцца, што трансфармацыя ўзмоцніць нагрузку на працоўную сілу, асабліва на высокааплатных працаўнікоў разумовай працы, чыя дзейнасць «раней лічылася адносна няўразлівай для аўтаматызацыі».
Як заўважае Bloomberg, некалькі гадоў таму McKinsey падлічыла, што каля паловы працоўнага часу ва ўсім свеце марнуецца на задачы, якія можна аўтаматызаваць. Цяпер кампанія паднімае гэты паказчык да 60-70% і адзначае, што супрацоўнікі шматлікіх фірмаў могуць выявіць, што іх час пераразмеркаваны або што іх працоўныя месцы знікаюць.
«Работнікам спатрэбіцца падтрымка ў навучанні новым навыкам. Некаторыя з іх зменяць род заняткаў»,
— гаворыцца ў справаздачы.
Паводле справаздачы, каля 75% патэнцыйнай каштоўнасці прыкладнога генератыўнага ШІ будзе прыпадаць на чатыры бізнэс-функцыі: праца з кліентамі, маркетынг і продаж, распрацоўка праграмнага забеспячэння, а таксама даследаванні і распрацоўкі.
У справаздачы гаворыцца, што новая тэхналогія дазволіць банкам павысіць прадукцыйнасць працы і задаволенасць кліентаў, дапаможа ў прыняцці рашэнняў і знізіць рызыку махлярства за кошт лепшага маніторынгу. У выніку гэта прынясе банкам дадатковыя 200-340 мільярдаў даляраў. Гэта адпавядае скачку аперацыйнага прыбытку ад 9% да 15%.
На думку аналітыкаў McKinsey, у галіне даследаванняў і распрацовак генератыўны ШІ можа павысіць прадукцыйнасць працы на 10-15%. У якасці прыкладу ў справаздачы прыводзяцца навукі аб жыцці (біянавукі) і хімічная прамысловасць. У гэтых сферах штучны інтэлект можа хутчэй генераваць новыя малекулярныя структуры, паскараючы працэс распрацоўкі новых лекаў і матэрыялаў. Гэта можа павялічыць прыбытак фармацэўтычных кампаній і вытворцаў медыцынскіх тавараў на цэлых 25%.
Як адзначае Bloomberg, развіццё штучнага інтэлекту ідзе хутчэй, чым чакалася. Калі раней аналітыкі McKinsey сцвярджалі, што 2027 стане першым годам, калі тэхналогія штучнага інтэлекту зможа адпавядаць прадукцыйнасці тыповага чалавека ў задачах, звязаных з «разуменнем натуральнай мовы», то ў новай справаздачы адзначаецца, што гэта адбудзецца ў гэтым годзе.
У справаздачы таксама адзначаецца, што ўкараненне аўтаматызацыі будзе адбывацца хутчэй у развітых краінах, дзе больш высокая заработная плата зробіць яе магчымай раней, чым у бяднейшых. Гэта паўплывае на працу белых каўнерыкаў значна больш, чым на людзей, занятых фізічнай працай.
У гэтым плане, як адзначае Bloomberg, такая тэхналагічная мадэрнізацыя адрозніваецца ад папярэдніх значных тэхналагічных абнаўленняў, якія часта ўшчамлялі інтарэсы прафесій, дзе работнікі мелі нізкую адукацыйную падрыхтоўку і мала зараблялі.
Як адзначаецца ў справаздачы McKinsey, новыя тэхналогіі, заснаваныя на штучным інтэлекце, «паставяць пад сумнеў неабходнасць атрымання шматгадовай адукацыі».
Выданне Bloomberg звяртае ўвагу на тое, што прагнозы McKinsey па складзе працоўнай сілы адпавядаюць высновам даследавання Нацыянальнага бюро эканамічных даследаванняў, апублікаваным у гэтым месяцы навукоўцамі з Калумбійскай бізнэс-школы, Мэрылендскага ўніверсітэта, Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі і фонду AI for Good.
Гэтае даследаванне таксама прадказала значную рэарганізацыю працы.
«Інвестыцыі ў штучны інтэлект зробяць структуру фірмаў больш згладжанай. Значна павялічыцца доля работнікаў малодшага звяна і паменшае доля работнікаў сярэдняга і старэйшага звяна»,
— цытуе Bloomberg высновы амерыканскіх навукоўцаў.
Чытайце яшчэ: