Штучны інтэлект дапамог навукоўцам стварыць новы антыбіётык супраць вельмі небяспечнай супербактэрыі
«ШІ за паўтары гадзіны зрабіў тое, на што звычайна сыходзяць месяцы і нават гады».
Дзякуючы штучнаму інтэлекту (ШІ) навукоўцы змаглі стварыць антыбіётык супраць вельмі небяспечнай супербактэрыі Acinetobacter baumannii, якая часта прыводзіць да смерці. Пра гэта даследчыкі напісалі ў навуковай працы, 25 мая апублікаванай у часопісе Nature.
Acinetobacter baumannii — гэта асаблівы штам супербактэрый, які ўстойлівы да мноства антыбіётыкаў і можа працяглы час захоўвацца на розных паверхнях, у тым ліку на медыцынскім абсталяванні. Гэтая бактэрыя выклікае інфекцыю крыві, лёгкіх і мочавыдзяляльных шляхоў і прыводзіць да велізарнай колькасці смяротных зыходаў сярод людзей.
Таму каманда навукоўцаў з Масачусецкага тэхналагічнага ўніверсітэта ЗША і канадскага Мак-Мастэрскага ўніверсітэта вырашыла стварыць моцны антыбіётык супраць гэтай супербактэрыі, выкарыстаўшы штучны інтэлект пры распрацоўцы новага прэпарату.
ШІ са сваёй задачай справіўся цудоўна.
«У рамках даследавання мы падрыхтавалі для аналізу 6680 хімічных злучэнняў, сярод якіх трэба было знайсці тыя, што змогуць спыніць рост супербактэрыі Acinetobacter baumannii і пры гэтым не закрануць карысных бактэрый. Для гэтай задачы мы выкарысталі штучны інтэлект, і ён за паўтары гадзіны змог скараціць прапанаваны спіс да 240 злучэнняў, з якіх мы потым вылучылі дзевяць найлепшых кандыдатаў, а затым увогуле вызначылі адзін варыянт, які адпавядаў усім патрабаванням і атрымаў назву «Абаўцын». Гэтае рэчыва і лягло ў аснову новага антыбіётыка», — паведамілі даследчыкі ў сваёй працы.
Па словах навукоўцаў, звычайна на пошук неабходнага рэчыва яны выдаткоўваюць ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў, таму сёння роля ШІ ў гэтым працэсе вельмі значная і амаль незаменная.
«Абаўцын», у сваю чаргу, стаў выдатным інструментам супраць Acinetobacter baumannii, які пры гэтым не будзе шкодзіць карысным бактэрыям у арганізме чалавека.
Навукоўцы плануюць выпрабаваць гэтае рэчыва на пацыентах і затым выпусціць на рынак новы антыбіётык. Акрамя таго, даследчыкі хочуць працягнуць выкарыстоўваць штучны інтэлект для знаходжання лекаў супраць іншых устойлівых і небяспечных супербактэрый.
Каментары