Гісторыі ў Telegram варта ствараць з асцярожнасцю: ёсць важныя нюансы, якія ўплываюць на бяспеку
У сёняшнім абнаўленні да 10-годдзя Telegram сталі даступныя гісторыі для ўсіх карыстальнікаў, як і ў многіх іншых сацыяльных сетках. Распавядаем, як іх ствараць і якія рызыкі для бяспекі ёсць.
14.08.2023 / 20:26
Ілюстрацыя: UMIT SOLMAZ / Pixabay
Як стварыць гісторыю ў Telegram?
Зайдзіце ў праграму Telegram. Націсніце на сімвал фотаапарата, які пасля абнаўлення з'явіцца ў правым ніжнім куце.
Белы сімвал фотаапарата ў сінім коле. Менавіта так можна стварыць гісторыю ў тэлеграме.
Зрабіце фота або абярыце яго з галерэі. Вы адразу ўбачыце тое, што будзе ў гісторыі.
Так выглядае створаны, але не апублікаваны, здымак для Stories у Telegram.
Каб захаваць здымак, націсніце на сімвал спампоўкі ў правым верхнім куце экрана. Тут жа вы можаце абраць, колькі будзе бачная сторыз — націсніце на значок «24» каля радка для дадавання подпісу. Ёсць чатыры опцыі — 6, 12, 24 і 48 гадзін.
Выбар часу бачнасці сторыз у тэлеграме.
Пасля націсніце «Далей» у правым ніжнім куце. Тут вы здолееце абраць, каму будзе бачная сторыз. Таксама з дапамогай паўзункоў знізу можна будзе абраць, ці дазваляеце вы рабіць скрыншоты сторыз і ці будзе яна ў вашым профілі пасля сканчэння часу паказу.
Тут можна абраць, хто пабачыць вашы сторыз.
Сярод опцыяў бачнасці — «Усе», «Кантакты», «Блізкія сябры» і «Абраныя кантакты». Пасля націсніце «Апублікаваць гісторыю» і яна з'явіцца ў вашым профілі, а таксама ў профілях вашых кантактаў, калі вы дазволілі ім яе глядзець.
Гэтыя параметры можна мяняць і пасля. Адкрыйце вашу сторыз і націсніце на тры кропкі ў правым верхнім куце экрана. Націсніце «Хто можа бачыць». Меню адкрыецца нанова. Там жа вы можаце падрэдагаваць тое, што выклалі.
Меню кіравання ўжо апублікаванай гісторыяй у Telegram.
Якія ёсць праблемы?
Першая праблема — гэта тое, што чалавек, які публікуе сторыз, бачыць тых, хто яе праглядзеў, — і гэта нельга адключыць. Бачна нават, у які менавіта час яна была прагледжаная.
Дзве прагледжаныя сторыз — бачна хто і калі паглядзеў.
Акрамя ўсяго іншага, вы будзеце бачыць у сваёй стужцы з самага верху сторыз усіх вашых кантактаў. Гэтых людзей вы маглі дадаць туды выпадкова або з зусім іншага акаўнта падчас сінхранізацыі кантактаў. Такім чынам вы можаце выпадкова выдаць ваш акаўнт, праглядзеўшы сторыз.
Каб гэтага пазбегнуць, або ачысціце кантакты ў тэлеграме (як гэта зрабіць, мы пісалі тут), або сачыце за тым, каб не націскаць на сторыз іншых выпадкова.
Другая праблема — гэта тое, што сторыз, час якіх мінуў, сыходзяць у архіў. І яны даступныя там, пакуль вы іх не выдаліце. Выдаляць іх давядзецца ўручную.
Каб гэта зрабіць, зайдзіце ў меню тэлеграма, націснуўшы на тры рыскі ў верхнім левым куце экрана. Знайдзіце там пункт «Мае гісторыі». Націсніце на яго.
Націсніце тут «Мае гісторыі»
Тут вы ўбачыце ўсе вашы агульнадаступныя гісторыі, якія вы абралі, каб паказваць у вашым профілі.
Пункт меню «Мае гісторыі»
Гісторыі не для ўсіх і тыя, час якіх прайшоў, захоўваюцца ў архіве. Націсніце на «Архіў» у ніжнім правым куце экрана. Адкрыецца «Архіў», у якім будуць усе гісторыі.
Пункт «Архіў» з меню «Мае гісторыі».
Мы не адшукалі магчымасці адразу чысціць «Архіў» адным націскам, так што давядзецца выдзяляць усе гісторыі ўручную доўгім націсканнем. Далей націсніце на значок «Сметніцы» ў верхнім правым куце.
Выдзеленыя гісторыі. Націсніце на значок «Сметніцы».
Далей пацвердзіце выдаленне, націснуўшы «Выдаліць» у акне пацверджання.
Націсніце «Выдаліць»
Цяпер гісторыі выдаліліся з «Архіву». Здаецца, аніякага аналагу «Сметніцы» для гісторый няма і ўзнавіць ці праглядзець іх нанова будзе немагчыма.
Чытайце таксама:
Распавядаем, як сілавікі знаходзяць стваральнікаў стыкераў у Telegram
Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць
Месенджары: якія з іх сапраўды бяспечныя і чым Viber лепшы за Telegram